Жаночы погляд на цўдоўнае

У выставачнай зале раённага краязнаўчага музея адбылася значная падзея для прыхільнікаў жывапісу і мастацтва. У рамках выставы карцін трох знакамітых ганцавіцкіх мастачак “Жанчына. Натхненне. Творчасць”, госці, якія ў гэты дзень завіталі ў музей, мелі магчымасць не толькі атрымаць эстэтычную асалоду ад твораў жывапісу, прадстаўленых там, але і пагутарыць з самімі таленавітымі жанчынамі, якія з радасцю згадзіліся сустрэцца з прыхільнікамі цудоўнага.

super-049

Першай перад прысутнымі выступіла Валянціна Дзікляева, якая з 1997 года працуе ў ДУА “Ганцавіцкі РЦДЮТ” педагогам дадатковай адукацыі па выяўленчым мастацтве. Жанчына расказала, што ўсе свае задумкі бярэ са штодзённага жыцця. Ёй падабаецца маляваць прыроду, кветкі, партрэты і проста прыгожыя пейзажы. На жаль, часу не хапае, каб выканаць усё тое, што задумана і пакуль застаецца ў планах мастачкі, але адметныя асаблівасці характару Валянціны Мікалаеўны — мэтанакіраванасць і настойлівасць. “Калі я пачынаю тую ці іншую работу, то, бывае, што пад гнётам нейкіх жыццёвых абставін, не атрымліваецца яе скончыць своечасова, — расказвае Валянціна Дзікляева. — Я магу адкласці працу над ёю на нейкі час. Але для сябе цвёрда ведаю: я ўсё роўна дамалюю сваю карціну, чаго б мне гэта не каштавала”. Расказала Валянціна Дзікляева і пра тэхніку “батык”, калі выявы выкананы на тканым палатне: “У мяне доўга не атрымлівалася зрабіць карціну ў такой тэхніцы дастаткова якасна, я кідала гэты занятак, а затым зноў вярталася да яго: вельмі хацелася дасягнуць выдатнага выніку, бо на меншае я была не згодна. І сёння я разумею, што сваімі ўпартасцю і жаданнем усё ж дабілася свайго: зараз мае работы, выкананыя “батыкам”, мяне задавальняюць”.

Пра свае творчыя планы і задумкі, а таксама пра крыніцы натхнення расказала яшчэ адна таленавітая мастачка Вераніка Лебедзева. Ураджэнка вёскі Шашкі Ганцавіцкага раёна, яна, пасля заканчэння Кобрынскага мастацкага каледжа і Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка па спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Народныя мастацкія промыслы”, з 2003 года працуе ў ДУА “Ганцавіцкі РЦДЮТ” педагогам дадатковай адукацыі па выяўленчым мастацтве і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. “У маіх карцінах я адлюстроўваю тое, што мяне акружае, — расказала прысутным Вераніка Васільеўна. — Часцей, гэта прырода, маляўнічыя пейзажы. Прычым, мяне цікавяць, здавалася б, нічым не прыкметныя карціны навакольнага асяроддзя, якія людзі часта не заўважаюць. Вось на адным з палоцен прадстаўлена прасёлачная дарога на Вялікія Круговічы: зяленае поле, жоўтая пясчаная дарога, а ў далечыні — лясок. Нічога адметнага, але для мяне асабіста гэты ўчастак многае значыць… Або поле каля майго дома: звычайны пейзаж, каля якога праходзяць дзясяткі людзей штодзень, не заўважаючы чароўнай прыгажосці. Але я бачу ў ім нешта незвычайнае, супакойваючае, ціхае і амаль утульнае. Часта мяне натхняюць фатаграфіі прыроды, якія я знаходжу ў Інтэрнэце, а бывае, што і сама, ідучы па сваіх справах, раблю фотаздымкі таго, што мяне ўражвае: чырвані захода сонца, якая прабіваецца скрозь дрэвы, або звычайнай садовай ружы, якая для мяне здаецца казачна-чароўнай”. Зараз Вераніка Васільеўна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску і прысвячае сваёй творчасці ўвесь вольны час.

Трэцяй госцяй выставы павінна была быць Ала Мірзаліева, ураджэнка вёскі Агарэвічы, якая з 1998 года працуе ў Агарэвіцкім сельскім Доме культуры і з’яўляецца кіраўніком узорнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “З рога ўсяго многа”. Але, на жаль, з-за асабістых абставінаў Ала Адамаўна не змагла прысутнічаць на сустрэчы. Нягледзячы на гэта, яе работы выклікалі вялікую зацікаўленасць прысутных і ўразілі прыгажосцю і глыбінёй выканання. Дарэчы, вучні Алы Мірзаліевай — удзельнікі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

Выстава будзе працаваць да 4 красавіка. Больш за 30 работ трох ганцавіцкіх мастачак, прадстаўленых на выставе, выкананых у рознай тэхніцы: акварэль, алей, акрыл, пастэль і іншых — даюць магчымасць наведвальнікам у поўнай меры  ўбачыць прыгажосць навакольнага свету, заўважыць цудоўныя, бачныя толькі воку мастака, дробязі і дэталі, якія знаходзяць водгукі ў сэрцы кожнага, хто гатовы яго расчыніць для чароўнага свету мастацтва.

Аляксей ШУЛЯК.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.