Смачна і нядорага ці Аб тым, як журналісты «СП» у кафэ «Журавушка» абедалі

Фота Галіны ПУПАЧ

У кафэ «Журавушка», што месціцца на першым паверсе аднайменнай гасцініцы, мы спрабавалі трапіць і раней. Не атрымалася: адміністратар дасведчана растлумачыла, што ўстанова закрыта з-за адсутнасці шэф-повара. Набраўшыся цярпення, вырашылі патрываць. Чакаць давялося нядоўга. На мінулым тыдні мы ўсім гуртам (а дакладней сказаць – стыхійнай брыгадай дэгустатараў) у абедзенны час зазірнулі ў кафэшку, якая гасцінна расчыніла перад намі дзверы.

Інтэр’ер, скажу вам, без выкрутасаў – строга і сціпла. У не дужа прасторным памяшканні месціцца шэсць невялікіх столікаў. Па прыкідках адначасова тут сама мала могуць адпачыць 24 чалавекі. Зразумела, столькі наведвальнікаў падчас нашага прыходу не было, але ўстанова і не пуставала: сям-там на мяккіх канапах размясціліся гэткія ж жадаючыя наталіць голад.

Аб тым, што людскі канвеер не спыняецца, сведчыў яскравы факт: у меню ўжо адсутнічаў гарохавы суп. Мабыць, быў смачным. Мы згадзіліся на боршч, катлеты, купаты з індыка і курынае філе ў паніроўцы. У якасці гарніру мае калегі ўзялі бульбяное пюрэ, ваша пакорлівая слуга – грэцкую кашу. Плюс салата з агародніны.

Па прынцыпу самабслугоўвання заказвалі ўсё самі каля невялікай стойкі. Столік выбралі каля акна, каб адначасова назіраць за наведвальнікамі. Пакутаваць ад доўгага чакання афіцыянтка не дазволіла: літаральна праз некалькі хвілін перад намі паявіліся салата і духмяны боршч. Не паспелі з імі расправіцца, як абедзенны столік аздобілі мясныя стравы. Выглядала ўсё апетытна. А як на смак?

Салату ўсе дружна ацанілі ў цвёрдую чацвёрку (адзнакі выстаўлялі па пяцібальнай сістэме, – Заўвага аўтара). Безумоўна, спадабаўся боршч – па смаку амаль не саступаў дамашняму: у выніку – дзве пяцёркі і адна чацвёрка. Адзіны ў нашай кампаніі мужчына, паспрабаваўшы катлеты, скупа адзначыў: «Смачна!». Высокі бал атрымала курынае філе. Разумеючы, што купаты з індыка трапілі на кухню ў выглядзе заводскага паўфабрыката і ўклад шэф-повара ў прыгатаванне стравы быў мінімальным, пяцёрку паставіць не дазволіла сумленне. Таму – чатыры. Такі ж бал выставілі мясным блюдам калегі: на паніжэнне паўплывала бульбяное пюрэ. Як адзначылі дэгустатары, у кафэ-більярднай, дзе абедалі ў мінулы раз, гарнір быў смачнейшым.

Таматны сок і зялёны чай не ацэньвалі. Канчатковы вынік – 4,2 бала. Нядрэнна для перыферыйнай установы бюджэтнага варыянта. Тым больш што абышоўся абед у сярэднім у 7 рублёў.

З відавочных «мінусаў» можна адзначыць не вельмі свежыя абрусы на століках: сям-там былі яскрава бачны плямы…

Тым часам дзверы гэтага пункта грамадскага харчавання не зачыняліся. Хто-ніхто прысаджваўся за столікі, а многія з цікавасцю разглядалі вітрыну. Як высветлілася, з нядаўняга часу тут пачалі гандляваць прадукцыяй Брэсцкага мясакамбіната. Выбар дастаткова багаты, усё свежае. Прыемна здзівілі цэны. Як зазначыла прадавец (яна ж прымае заказы і выконвае абавязкі афіцыянта), нацэнка на прадукцыю мінімальная – усяго 10 працэнтаў, таму многія мясныя вырабы каштуюць танней, чым у іншых гандлёвых кропках. Відавочна, у тым ліку і па гэтай прычыне літаральна за паўгадзіны наведвальнікі раскупілі 50 кілаграмаў купатаў з птушкі. Ахвотна набывалі вяндліну і каўбасы. Мы таксама паддаліся ўсеагульнаму ажыятажу, спакусіўшыся на сыравэнджаную грудзінку. Да прадуктаў здаровага харчавання яе можна аднесці з вялікай нацяжкай, але ж смачна-а-а…

Словам, прыйдзем сюды яшчэ. 

Таццяна ПЯТРОВА.