Плаціць абавязкова!

mu

З пытаннем, якое датычыцца аплаты жыллёва-камунальных паслуг, звярнулася ў рэдакцыю раённай газеты жыхарка вёскі Задуб’е Ганна Шпандарук. 70-гадовая пенсіянерка расказала: “23 снежня я звярнулася ў Ганцавіцкую РЖКГ з просьбай скасаваць дагавор аб вывазе смецця. Справа ў тым, што я пераехала на новае месца жыхарства ў Пінск, да дзяцей, а таму патрэба ў вывазе смецця з падворка дома ў Задуб’і адпала сама сабой. Заяву на скасаванне я напісала, але мне адмовілі. Прычыну назвалі наступную: дом у вёсцы з’яўляецца маёй асабістай маёмасцю, а таму і за вываз смецця плаціць абавязана менавіта я. Узнікае лагічнае пытанне: калі я там жыць не буду, вываз якога смецця я павінна аплочваць? Да таго ж, у ЖКГ мне прывялі яшчэ адзін аргумент: маўляў, у Пінску я па факце буду карыстацца паслугамі вывазу смецця, але плаціць за гэта не буду, бо не прапісана там, а таму аплата будзе налічвацца па месцы рэгістрацыі. Я стары чалавек, мне цяжка займацца вырашэннем такіх праблемных пытанняў, а таму мне хацелася б даведацца: як знайсці выйсце з дадзенай сітуацыі?”.

Адказ на пытанне дала начальнік абаненцкага аддзела КУШВП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ” Іна Рабцэвіч: “Сапраўды, Ганна Фёдараўна Шпандарук з Задуб’я звярталася да нас з просьбай скасаваць дагавор на вываз смецця. На жаль, зрабіць гэта можна толькі ў тым выпадку, калі яна перарэгіструецца па месцы жыхарства ў Пінску і прадаставіць у Ганцавіцкую РЖКГ даведку аб змене прапіскі. Справа ў тым, што, дагавор на вываз смецця з’яўляецца бестэрміновым, а сама паслуга, згодна з Жыллёва-камунальным кодэксам, уваходзіць у пералік асноўных жыллёвых паслуг абавязковых да аплаты. Падставай для скасавання служыць толькі афіцыйная змена жыхарства. У артыкуле 29 (пункт 5) Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь  гаворыцца: “Адмова ад заключэння дагавора на аказанне асноўных жыллёва-камунальных паслуг або дагавора найму жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду не вызваляе ўласнікаў жылых і (або) нежылых памяшканняў, у тым ліку ўласнікаў блочных і аднакватэрных жылых дамоў, наймальнікаў і арандатараў жылых памяшканняў, членаў арганізацыі забудоўшчыкаў, дольшчыкаў, якія заключылі дагаворы, якія прадугледжваюць перадачу ім у валоданне i карыстанне аб’ектаў долевага будаўніцтва, ад унясення платы за фактычна аказаныя асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылым памяшканнем”. А таму я магу парэкамендаваць Ганне Фёдараўне толькі афіцыйна змяніць рэгістрацыю па месцы жыхарства і тады плата за паслугу аўтаматычна налічвацца не будзе”.