Насуперак усім нягодам
На долю Таццяны Рыгораўны Наумік з вёскі Хатынічы, выпалі цяжкія выпрабаванні, з якімі жанчына дастойна справілася, не ачарсцвела душой, а наадварот, захавала годнасць і дабрыню.
Нарадзілася Таццяна Рыгораўна восенню 1938 года на хутары Жырня, які знаходзіўся ў некалькіх кіламетрах ад вёскі Хатынічы. Пяць хутарскіх хат з усіх бакоў акружалі непраходныя балоты. З дзяцінства Таццяна Рыгораўна навучылася прасці, вязаць, ткаць палатно, шыць адзенне. “Веснавы дзень год корміць”, — любіць паўтараць Таццяна Рыгораўна прыказку, якую заўжды гаварыла яе маці. Яна — спрытная, рухавая, працавітая, ні хвілінкі не пасядзіць на месцы, няма калі ёй адпачываць. У паляводчай брыгадзе калгаса “Першае Мая” ёй не было роўных, за што неаднаразова была ўзнагароджана каштоўнымі падарункамі і ганаровымі граматамі. Няма роўных Таццяне Рыгораўне і ў майстэрстве вышыўкі і ткацтва. Яе нястомнымі рукамі вытканы шыкоўныя радзюжкі, ходнікі, ручнікі, вышыты настольніцы, карціны, сурвэткі, прасціны, падушачкі. Адных тканых і вышытых работ у яе каля сотні. Мноства сваіх цудоўных вырабаў падарыла сябрам і блізкім. Як каштоўны беларускі сувенір некалькі яе работ адправіліся нават у далёкую Ірландыю. Многа разоў работы прадстаўляліся на выставах народнай творчасці ў Хатынічах, Ганцавічах і Брэсце.
Час няўмольна бяжыць наперад. Цяпер, дасягнуўшы паважанага ўзросту, жанчыне ўсё часцей і часцей прыгадваецца мінулае, дзяцінства, якое выпала на ваеннае ліхалецце і цяжкія, галодныя пасляваенныя гады. Назаўсёды ў дзіцячай памяці застаўся выпадак, калі бацькоўскую хату спалілі карнікі. Страшна было. Яе, маленькую дзяўчынку, старэйшая сястра літаральна на плячах пранесла праз балота, ратуючыся ад немцаў. Лёд правальваўся пад цяжкай ношай і раніў ногі старэйшай сястры, якія крывавілі, запэцкваючы палатняныя анучы і лапці.
Нялёгка жылося і пасля вайны. Працаваць даводзілася і старым, і малым. Не па чутках Таццяна Рыгораўна ведае, што такое голад і холад. Добра памятае яна гаркаваты смак блінцоў з жалудоў, якія ёй пякла маці і прывозіла замест хлеба ў Забалоцце, дзе яна жыла ў балоце не адзін тыдзень, збіраючы журавіны, а яшчэ прыемны пах хлеба, які ела побач жанчына і якога ёй, падлетку, вельмі хацелася пакаштаваць.
Апранацца Таццяна любіла прыгожа. Але ні прыгожай сукенкі, ні абутку ў дзяўчыны не было. Насіла сплеценыя з лазы лапці. А калі маці не бачыла, брала самую яркую хусцінку, якая вельмі пасавала да твару маладой прыгажуні, і павязвала яе на галаву. Каб падзарабіць крыху грошай і справіць сукенку, яна хадзіла прысыпаць бульбу ў вёску Яловая. За першы свой заробак Таццяна купіла невялічкі адрэз чырвонага штапелю, з якога сама пашыла спадніцу.
Увішная і спрытная ў працы, Таццяна хораша спявала і танцавала. Нездарма ж спадабалася яна статнаму гарманісту Адаму. Закахаліся маладыя адзін у аднаго, не ўяўлялі сябе паасобку. Але не адразу давялося зладзіць вяселле, узнікалі розныя перашкоды, якія маладыя людзі ўсё ж пераадолелі. Супраць іх шлюбу быў нават кіраўнік гаспадаркі, які сказаў Адаму, што ў перадавіка і кандыдата ў партыю абранніцай не можа быць дачка аднаасобніка. Вяселле такі ж згулялі. Самым лепшым падарункам была настольніца, якую падарыў стрыечны брат маладой, студэнт медыцынскага інстытута. На грошы, што падарылі госці на вяселлі, маладыя купілі веласіпед. Пасля Таццяна часта ўзгадвала, як рызыкавала яна, цяжарная, калі ехала на тым веласіпедзе з хутара Ходава, дзе яны жылі, у Хатыніцкую бальніцу. Ледзьве паспела даехаць, праз некалькі гадзін на свет з’явілася дачушка Марыйка. Дамоў іх забіраў шчаслівы малады бацька на павозцы, у якую быў запрэжаны калгасны вол. Праз два гады нарадзіўся сыночак Мікалай. Дні праходзілі ў штодзённых клопатах. Адам працаваў на экскаватары. Таццяна займалася хатняй гаспадаркай і даглядала дзяцей. Шчаслівая пара чакала ўжо трэцяе дзіцятка, калі халодным зімовым днём з Адамам на рабоце здарыўся няшчасны выпадак. Малады мужчына на ўсё жыццё застаўся інвалідам. Здавацца і падаць духам Таццяна не збіралася, бо на руках было трое непаўналетніх дзетак: дачушка і два сыночкі, а яшчэ — вялікая гаспадарка. Ды і дом трэба было дабудоўваць, даводзіць да ладу. Як складана было будавацца ў тыя часы, добра памятаюць старэйшыя людзі. І каб выдзелілі лес, трэба было паабіваць парогі, і грошай не хапала, бо заробкі былі невялікія. Дах у прыбудове да хаты Таццяна крыла сама. З пакалечанай нагой Адам падаваў жонцы чарапіцу, а яна сама яе прыбівала цвікамі. “Хто рана ўстае, таму Бог дае” — любімая прыказка Таццяны Рыгораўны. І жыла яна, шчыруючы з рання і да позняга вечара. Ні адной хвіліны не была яна без справы. Адпачывала за вышыўкай, або за вязальнымі пруткамі. Узімку ставіла кросны ў хаце і ткала ручнікі, прыгожыя радзюжкі, ходнікі. Дзяцей сваіх да працы бацькі прывучалі з ранняга дзяцінства. Збіралі разам з маці ягады, лекавыя расліны, дралі лазу, жалі багун. Дзяцей выхавалі дастойнымі, працавітымі. Па-хатыніцку, побач са сваёй хатай, руплівыя гаспадары пабудавалі дыхтоўны цагляны дом для дзяцей. Пасля гуртам, са сваякамі і суседзямі, адпраўлялі сыноў у армію, сустракалі іх. Зладзілі тры вяселлі, дачакаліся ўнукаў і здавалася — вось яно шчасце. Будаваліся побач дзеці, множылася дружная сям’я, род. Ды толькі адна ліхая хвіліна ўсё разбурыла. Трагічна загінуў малодшы сынок Васіль — прыгожы, дужы і малады. Сябры нават мянушку хлопцу далі — “ласкавы” за вясёлы характар і добрае сэрца. У хаце пасяліліся гора і адчай. Па інерцыі хадзіла Таццяна Рыгораўна на працу ў калгас, моўчкі перажывала сваё гора. Трэба было набірацца цярпення і мужнасці, каб жыць далей. Кажуць, што бяда не ходзіць адна. Не стала старэйшай дачушкі — шчырай працаўніцы і такой жа майстрыхі, як і маці — Марыі. Засталіся сіротамі трое непаўналетніх дзяцей, клопаты аб якіх ляглі на плечы немаладой ужо Таццяны Рыгораўны. Яна хавала свой боль і слёзы ад унукаў, шкадуючы іх маленькія дзіцячыя сэрцы. Трэцяе дзіця — сына, забрала цяжкая і невылечная хвароба. Мужна трымаўся Мікалай, дажываючы свае апошнія дзянькі. Мне балюча пра гэта пісаць, а маці патрэбна было ўсё гэта перажыць.
Кажуць, што час лечыць, што да болю можна прывыкнуць. Напэўна, сэрца ні адной маці ва ўсім свеце не змірыцца са стратай сваіх дзяцей. Часта начамі ў вокнах Таццяны Рыгораўны гарыць святло. Гэтая мужная жанчына бяссоннай ноччу сядзіць за чарговай вышыўкай. Лічыць крыжыкі на прыгожых узорах, і спрытныя, спрацаваныя рукі выводзяць шыкоўную кветку. Можа гэтае яе захапленне і вядзе далей па жыцці, а яшчэ клопаты аб унуках, якія засталіся сіротамі.
Такое няпростае жыццё Таццяны Рыгораўны Наумік — маёй свякроўкі, якая стала для мяне дарагім і блізкім чалавекам. Яна дапамагае словам і справай. Мужна хавае свой боль. У Таццяны Рыгораўны хворае сэрца, але яна ніколі не скардзіцца на здароўе, ніколі нічога не просіць, а, наадварот, перажывае за сваіх блізкіх.
Надзея Наумік, бібліятэкар аддзела абслугоўвання раённай бібліятэкі імя В. Ф. Праскурава.
Фота з сямейнага архіва.