Ганцавіцкі брэнд, або перспектывы развіцця

Навукова-эксперыментальная база Цэнтральнага батанічнага сада Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі “Журавінка” даўно стала візітнай карткай Ганцаўшчыны, з якой асацыіруецца  наш рэгіён. І гэта невыпадкова: цяперашняя база была першай у Беларусі прамысловай плантацыяй журавін буйнаплодных, а зараз з’яўляецца адной з 11 лабараторый Цэнтральнага батанічнага сада і адзінай лабараторыяй інтрадукцыі пладова-ягадных раслін, якая знаходзіцца менавіта на перыферыі, а не ў сталіцы. Не так даўно супрацоўнікі лабараторыі сталі намінантамі на атрыманне дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі. Тады на ацэнку быў прадстаўлены цыкл прац, прысвечаных журавінам, буякам і брусніцам. А загадчык лабараторыі, кандыдат біялагічных навук Мікалай Паўлоўскі, прадстаўлены да ўзнагароды —  Ганаровай граматы Савета Міністраў.

Мікалай Баляслававіч правёў невялікую экскурсію па прадпрыемстве для карэспандэнта раённай газеты, адначасова расказаў аб тым, чым зараз займаюцца спецыялісты навукова-эксперыментальнай базы, а таксама падзяліўся некаторымі сакрэтамі вырошчвання адной з вельмі карысных і папулярных раслін.

super-024

 

Задача ганцавіцкай лабараторыі, плошча якой складае каля 50 гектараў, — правядзенне навуковых даследаванняў малараспаўсюджаных ягадных раслін (напрыклад, журавін буйнаплодных, буякоў высакарослых, брусніц гатунковых). Супрацоўнікі лабараторыі вызначаюць, ці падыходзіць для нашых кліматычных умоў вырошчванне гэтых раслін, ці багаты іх біяхімічны склад, наколькі прывабны іх знешні выгляд і гэтак далей.

— За час работы з 2005 года па выніках нашых даследаванняў у дзяржаўны рэестр Рэспублікі Беларусь уключаны 16 гатункаў буякоў высакарослых, 6 гатункаў журавін і 2 гатункі брусніц, — расказаў Мікалай Баляслававіч.

super-017

Даследаванні, што праводзяцца ў лабараторыі, з’яўляюцца надзвычай важнымі. Так, з 60 гатункаў тых самых буякоў можна выдзеліць толькі некаторыя, якія можна паспяхова вырошчваць у нашых кліматычных умовах. Пасля ўключэння гатункаў раслін у дзяржаўны рэестр, іх саджанцы потым рэалізуюцца ўладальнікам прысядзібных участкаў, а таксама прадпрыемствам. Абавязкова прыкладаюцца падрабязныя інструкцыі, як правільна даглядаць расліны. Прычым, як зазначае Мікалай Баляслававіч, набываюць саджанцы ахвотна. Напрыклад, у Мінску пры Цэнтральным батанічным садзе працуе фірменны магазін, дзе саджанцы з ганцавіцкай навукова-эксперыментальнай базы карыстаюцца асаблівым попытам.

Дарэчы, наступіў час пасадкі журавін, буякоў, брусніц. Адпаведна, на базе работа кіпіць. Усяго на прадпрыемстве шчыруюць 18 чалавек, з іх 5 — навуковыя супрацоўнікі, 2 — кандыдаты навук.

З вырошчваемых ягад асабліва Мікалай Баляслававіч вылучыў буякі. На  яго погляд, гэта самыя смачныя, тэхналагічныя, карысныя ягады. І калі высадзіць гатункі буякоў розных тэрмінаў паспявання ўраджаю, ягады можна выкарыстоўваць у ежу амаль тры месяцы (ліпень, жнівень, верасень). А расліны, атрыманыя на “Журавінцы”, можна высаджваць вясной, летам, восенню і нават зімой, калі глеба не замерзлая. Дарэчы, цікавы факт: Ганцавіцкі раён — адзін з лідараў у Беларусі па плошчах вырошчвання буякоў (першае месца наш рэгіён дзеліць з Пінскім раёнам). Таму з задавальненнем мой субяседнік падзяліўся з нашымі чытачамі рэкамендацыямі па пасадцы і вырошчванні буякоў высакарослых.

Мікалай Паўлоўскі адзначае, што буякі высокія — каштоўная харчовая і лекавая расліна. Яе ягады багатыя на арганічныя кіслоты (аскарбінавая, яблычная, лімонная), фенольныя злучэнні, якія павышаюць трываласць крывяносных сасудаў і садзейнічаюць засваенню вітаміна С. У ягадах утрымліваецца вялікая колькасць рэчываў, якія дапамагаюць звязванню і вывядзенню з арганізма цяжкіх металаў (у тым ліку радыеактыўных).

Гатункі буякоў высокіх маюць вышыню ад 1,5 да 2 метраў, а ягады буйныя — дыяметрам да 2,5 сантыметра. Самі ягады кісла-салодкія, з прыемным водарам, сабраны ў кісці па 5 — 8 штук і паспяваюць адначасова.

 

Найбольш падыходзяць для вырошчвання буякоў кіслыя, гумусіраваныя і лёгкія (пясчаныя, супясчаныя) глебы. Аптымальны ўзровень — рН 4. Калі на ўчастку глеба не адпавядае патрабаванням, то на сонечным месцы рыхтуюць так званае “пасадачнае гняздо”. Для гэтага выкопваюць яму глыбінёй 40 — 50 сантыметраў і дыяметрам 1 метр. Яма запаўняецца верхавым торфам, а калі яго няма, лясной глебай (хваёва-ліставой). Кусты буякоў высаджваюць на адлегласці каля 1,5 метра адзін ад аднаго. А паверхню глебы вакол куста пажадана замульчыраваць 10-сантымятровым пластом пілавіння.

super-028

Важна ведаць, што буякі высокія маюць патрэбу ў мінеральных угнаеннях. Іх неабходна ўносіць у красавіку, маі і чэрвені. Так, пры пасадцы ў вясенні час уносяць 35 — 40 грамаў сульфату амонію пад расліну. Для падкормкі буякоў трэба выкарыстоўваць кіслыя формы ўгнаенняў: сульфат амонію, сульфат калію і суперфасфат.

Каранёвая сістэма буякоў знаходзіцца ў верхнім пласце глебы, таму неабходна сачыць, каб глеба была вільготнай. У той жа час нельга дапускаць застою вады, таму што недахоп паветра ў глебе можа прывесці да гібелі раслін.

Для амаладжэння кустоў буякоў, павышэння іх урадлівасці праводзяць абрэзку. Для гэтага выдаляюць усе галінкі старэй за восем гадоў. Абразаюць таксама хворыя і слабыя галінкі. Абрэзку варта праводзіць восенню, пасля ападання лісця, або вясной, да пачатку руху соку.

super-030

Вось такія парады гаспадарам участкаў па вырошчванні карысных буякоў даў Мікалай Баляслававіч. Дарэчы, па саджанцы можна звярнуцца ў любы  час, патэлефанаваўшы на базу па нумарах 2-82-07 або 2-64-80.

У бліжэйшы час на навукова-эксперыментальнай базе плануецца даследаванне новых гатункаў тых жа буякоў і  іншых раслін. Напрыклад, зараз даследуецца дэкаратыўны гатунак буякоў. Адным словам, плённая праца працягваецца, а “Журавінка” не перастае быць унікальнай візітнай карткай Ганцавіцкага раёна і важнейшай навукова-эксперыментальнай базай для  беларускага раслінаводства.

Вікторыя ПРЫКОТА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *