Незабыўныя ўрокі Уладзіміра Мухі

Для светлай памяці заўсёды

Раскрыты дзверы школы

І ноччу.

Яўген Гучок.

Кожны з нас час ад часу прыгадвае школьныя гады, яны — самыя бесклапотныя і светлыя. І гэтае нязгаснае святло ў дзіцячыя сэрцы прыносяць людзі, якія першымі сустракаюць нас на школьным ганку, праводзяць па школьных калідорах і вядуць у загадкавы і чароўны свет ведаў, а затым, як тых юных птушанят, адпраўляюць у самастойнае дарослае жыццё.

Прыгадваючы свае школьныя гады, лаўлю сябе на думцы, што мне пашанцавала: на маёй жыццёвай сцяжынцы сустракаліся настаўнікі, якія былі, напэўна, першым напамінам, што акрамя хлеба, яшчэ і неба ў свеце ёсць. На вялікі жаль, многія з іх адышлі ў іншы свет. І толькі памяць часам завярэдзіць душу і верне зноўку ў шчаслівае і незваротнае мінулае.

muxa

Уладзімір Іванавіч Муха — настаўнік гісторыі і былы дырэктар Вялікакруговіцкай сярэдняй школы быў і застаўся Чалавекам з вялікай літары. Сапраўдным настаўнікам, які дасканала ведаў свой прадмет і выкладаў так, што вучні з задавальненнем ішлі на яго заняткі. Урокі Уладзіміра Іванавіча праходзілі нібыта адно імгненне. Ён вельмі любіў свой прадмет і гэтыя любоў і захапленні перадаваў сваім вучням. Гэта быў незвычайны, вельмі чулы і адкрыты чалавек, які дзіцём перажыў, выпакутаваў страшныя дні Вялікай Айчыннай вайны. Валодзі было сем гадоў, калі пачалося ваеннае ліхалецце. Ён цалкам зведаў  холад і голад, страх смерці і роспач ад невядомасці і бяссілля выправіць сітуацыю, паўплываць на ход падзей. У дзесяць гадоў ён глядзеў на свет вачыма дарослага хлопчыка, на долю якога выпала нешчаслівае ваеннае дзяцінства. Ён вельмі радаваўся, што яго вучні толькі з кінастужак і кніжак ведалі пра вайну, што іх спакойны сон не парушалі аўтаматныя чэргі, якія ён не аднойчы чуў у роднай вёсцы Шашкі. Ён кожны дзень сустракаўся са смерцю. Аднойчы ледзьве сам не стаў яе ахвярай. Пашанцавала, застаўся ў жывых. Аднаго разу ў чатырох кроках ад маленькага Валодзі разарвалася граната, толькі цудам яго не зачапіла асколкам…

Ён надзвычай радаваўся за сваіх вучняў, ганарыўся, што ў іх усё маецца для добрай вучобы: падручнікі, сшыткі, утульная школа. Сам жа Валодзя заўсёды цягнуўся да навукі, вельмі любіў чытаць і марыў стаць настаўнікам. Мара падлетка збылася. Вялікакруговіцкая школа не толькі была пачаткам яго прафесійнай дзейнасці, але яшчэ і лёсавызначальным месцам у жыцці маладога настаўніка. Тут ён сустрэў прыгажуню-бібліятэкарку Марыю, якая да апошніх гадоў яго жыцця была надзейным сябрам і спадарожніцай, з якой сямейнае жыццё Уладзіміру Іванавічу здавалася ціхім і светлым прыстанкам. А колькі радасці было, калі нарадзіўся першынец Ігар, а затым — Віталік.

Для Уладзіміра Іванавіча, як і для кожнага мужчыны, вельмі важна было мець надзейны сямейны тыл. Тады і на працы справы ладзяцца, і кар’ерная лесвіца з лёгкасцю пераадольваецца. Пачынаў Уладзімір Муха працу настаўнікам пачатковых класаў, а пасля завочнага навучання на гістарычным факультэце БДУ выкладаў геаграфію і гісторыю, займаў пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Асабліва мне запомніліся ўрокі гісторыі, да якіх  Уладзімір Іванавіч старанна рыхтаваўся. Ён прыносіў на ўрок цэлы стос мастацкай літаратуры  і пачынаў раскрываць тэму, дзе перапляталася ўсё разам: гістарычныя падзеі з прыгодамі персанажаў мастацкіх твораў.  Настаўнік добра маляваў і задаваў дамашнія заданні вучням — у малюнках адлюстроўваць  гістарычныя падзеі.  Урокі таленавітага педагога сёння дапамагаюць у жыцці мне і многім яго вучням адносіцца да розных спраў з творчым падыходам.

А колькі цікавых гістарычных старонак вёскі Вялікія Круговічы было раскрыта, дзякуючы нястомнай даследчай працы Уладзіміра Іванавіча — краязнаўцы па прызванні! Ён умеў так арганізаваць пошукавую дзейнасць, што ў ёй удзельнічалі вучні ўсёй школы. Быў створаны краязнаўчы музей у школе, напісаны летапіс вёскі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Праз нейкі час Уладзімір Іванавіч атрымаў вышэйшую катэгорыю. Заканамерна, што таленавітаму педагогу прапанавалі пасаду дырэктара навучальнай установы, на якой ён адпрацаваў амаль 14 гадоў. Уладзімір Іванавіч быў сапраўдным лідарам і ідэйным натхняльнікам. Ён карыстаўся бясспрэчным аўтарытэтам не толькі сярод  калег-настаўнікаў, але і аднавяскоўцаў, пакінуў добры след у памяці землякоў. Справа яго працягваецца, Вялікакруговіцкая  школа квітнее і займае годнае месца сярод школьных устаноў раёна, і, магчыма, таму, што сёння многія вучні таленавітага настаўніка працуюць тут, на сваёй Радзіме, як і некалі Уладзімір Іванавіч Муха, аддаючы сябе цалкам любімай справе.

Наталія Фядосава,

бібліятэкар Вялікакруговіцкай  сельскай бібліятэкі.    

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *