З дабрынёй і спагадай

У кожнага з нас у жыцці здараюцца розныя сітуацыі, калі, у сілу пэўных абставін, без дапамогі “з боку” проста не абысціся.

Ганцавіцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва дапамагае вырашыць многія праблемныя пытанні, што ўзнікаюць у жыхароў нашага раёна. І адна з вельмі карысных і   патрэбных паслуг, якія прапануе цэнтр, — дапамога сядзелкі.

super-003

Іна Мелехавец працуе сядзелкай ужо трэці год. Жанчына імкнецца кожнаму свайму кліенту падарыць як мага больш цеплыні, і яна абавязкова вяртаецца ў выглядзе ўдзячнасці і такіх жа цёплых адносін з боку людзей.

У кола дзейнасці Іны Міхайлаўны ўваходзіць не толькі дапамога ў выкананні самых розных хатніх спраў, але і простая чалавечая гутарка, падтрымка, неабходная кожнаму. Вельмі важна, як гаворыць Іна Мелехавец, не проста памыць посуд ці падлогу, схадзіць у магазін па прадукты або ў аптэку па лекі, але і выслухаць чалавека.

Са сваёй “падапечнай”, Марыяй Вікенцьеўнай, якая, дарэчы, працавала ў камбінаце бытавога абслугоўвання 32 гады, (НА ЗДЫМКУ) Іна Міхайлаўна мае цудоўныя зносіны — паміж імі поўнае ўзаемаразуменне. Як прызнаецца сама сядзелка, Марыя Вікенцьеўна адразу пайшла на кантакт, ніякіх праблем не ўзнікла.

Зараз пажылая жанчына мае другую групу інваліднасці і ёй патрэбна пастаянная ўвага. На жаль, дзеці яе жывуць далёка: дачка ў Санкт-Пецярбургу, а сын — у Брэсце. Таму магчымасці бесперапынна клапаціцца пра маму ў іх няма, і яны знайшлі выйсце — скарыстацца паслугамі сядзелкі.

Сумесны дзень Іны Міхайлаўны і Марыі Вікенцьеўны пачынаецца ў 8 гадзін раніцы і доўжыцца да 12 гадзін. Але, бывае, гэты адрэзак часу не абмежаваны, і, калі патрэбна, сядзелка можа затрымацца. Дарэчы, кошт паслугі — 1 рубель у гадзіну.

Пра важнасць работы сядзелак можна гаварыць многа, але лепшы індыкатар іх дзейнасці — водгукі людзей, якім аказваюцца такія паслугі. Так, са слязамі на вачах Марыя Вікенцьеўна выказвае шчырыя словы ў адрас работнікаў тэрытарыяльнага цэнтра і самой Іны Мелехавец:

— Я хачу сказаць дзякуй арганізацыі за тое, што дапамагае нам жыць. Гэта сапраўды вялікая справа для пажылых людзей. І, канечне, я вельмі ўдзячна Іне, з якой мы добра ладзім і якая заўсёды гатова прыйсці на дапамогу. Зараз я не ўяўляю, што б рабіла без яе.

І ў словы Марыі Вікенцьеўны ахвотна верыцца, гледзячы, якія лёгкія і цёплыя адносіны паміж ёй і Інай Міхайлаўнай. Без сумненняў, тут ёсць месца і сур’ёзным, жыццёва важным размовам, і лёгкім усмешкам і жартам…

Іна Мелехавец прызнаецца, што ёй падабаецца яе работа. Гэта задавальненне ад усведамлення таго, што некаму ты дапамагаеш у жыцці, гэта радасць зносін. Чалавек, які працуе сядзелкай, павінен валодаць якасцямі, сярод якіх, безумоўна, дабрыня, спачуванне, спагада, уменне і імкненне дапамагчы блізкаму, а яшчэ актыўнасць і камунікабельнасць. Упэўнена, што ўсе гэтыя якасці ёсць у Іны Міхайлаўны. І ўдзячнасць жанчыны, якую яна даглядае, таму лепшы доказ.

Дарэчы, калі вам або вашым блізкім неабходна паслуга сядзелкі, звяртайцеся ў Ганцавіцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе вам абавязкова дапамогуць.

Вікторыя ПРЫКОТА.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.