Наперад у мінулае

Акунуцца ў атмасферу мінулага, на ўласныя вочы ўбачыць, як жылі нашыя продкі каля сотні гадоў таму назад, адчуць сапраўдны подых сівой гісторыі і спазнаць, як час запавольвае свой бег — і ты, нібыта, трапляеш у іншае вымярэнне — гэта не з вобласці фантастыкі. Сапраўды, дастаткова пераадолець усяго нейкіх пятнаццаць кіламетраў ад райцэнтра, і перад табой адкрываецца зусім іншы свет. З аднаго боку такі далёкі і забыты,  з другога — надзвычай родны і блізкі. Гэта — як покліч продкаў, якія праз гады адрасуюць нам свой запавет. Такім чынам, рушым наперад —  у мінулае.

super-052

За вёскай Сукач дарога губляецца ў лесе. Да хутара Гута, куды мы накіроўваемся і дзе жыве яго адзіная жыхарка Аляксандра Гуліцкая, яшчэ шэсць кіламетраў. Рэдакцыйная “Ніва” спраўна бяжыць па лясной дарозе, лёгка пераадольвае яміны ды рытвіны. Абапал, прабягаючы, узносяць свае калматыя лапы ў неба змрочныя яліны, у знак прывітання махаюць танклявымі галінкамі бярозы. Нам пашанцавала: дарога, нягледзячы на раннюю вясну ды спорныя дажджы, не была размытай і раз’езджанай. Відаць, ёй мала хто карыстаецца. Раптоўна з ляснога гушчару машына выязджае на паляну. Па правы бок дарогі нас сустракае крыж. Дарэчы, такія крыжы, адмысловыя абярэгі вёсак, заўсёды ставіліся на ростанях, або пры дарозе, якая выходзіць з населеннага пункта. І надавалася ім вялікая магічная сіла. Крыж дагледжаны, не закінуты. Відаць плён працавітых рук бабулі Аляксандры. У абрамленні высокіх сосен узвышаецца дыхтоўная хата, побач месцяцца гаспадарчыя пабудовы. Непадалек ад хаты стаіць сапраўдная студня з жураўлём. Цяпер такіх у вёсках і не ўбачыш нідзе. Як добра ў спякоту спыніцца каля жураўля, зачарпнуць вядро смачнай гаючай вады і прагнаць смагу. Але больш за ўсё мяне ўразіла, зачаравала хата, драўляная з вялікімі вокнамі. Адразу відаць, што такія пабудовы ўзводзілі заможныя гаспадары. Пакуль я разглядала сядзібу, весніцы адчыніла гаспадыня, ветліва запрасіла ў хату. Бабуля Аляксандра на днях адзначыла шаноўны юбілей, сваё 90-годдзе. Але, гледзячы на гэтую шпаркую, увішную жанчыну, столькі гадоў ёй ніяк нельга даць. Адзінае, што выдае ўзрост — гэта дрэнны слых і, як потым сама прызналася бабуля, крыху падводзіць памяць.  Праз сенцы трапляю ў прасторны пакой з высокай столлю з бэлькамі. У пакоі месціцца дыхтоўная печ,ад якой сыходзіць гаючае цяпло, а па хаце разліваецца ні з чым не параўнальны водар простых і ў той жа час вельмі смачных вясковых страў.

Убранства пакоя сціплае, няма нічога лішняга і не патрэбнага. Стол, ложак каля печы, невялічкая шафа. Уздоўж сцяны, ля акна, стаіць самаробная драўляная лава.

Адзінае, што ніяк не дапасуецца да інтэр’ера і выглядае недарэчна — гэта тэлевізар і мабільны тэлефон. На покуці, або ў чырвоным куце, пад самай столлю вісяць абразы.

— Дому гэтаму многа гадоў, — тлумачыць гаспадыня хутара. — Яго яшчэ бацькі майго мужа будавалі. Фальварак у іх тут быў.

Бабуля Аляксандра не тутэйшая, родам са Смаленшчыны. Як трапіла ў Беларусь, яна добра не памятае, у Вялікую Айчынную вайну тое было. Расказвае Аляксандра Рыгораўна, што бацька пайшоў ваяваць на фронт і прапаў без вестак, брат загінуў на вайне. А яе ваеннае ліхалецце разам з сястрой закінула на Палессе.

— Прытуліла мяне сям’я майго будучага мужа, — прыгадвае кабета. — Жыла я ў іх, дапамагала па-гаспадарцы. А потым пабраліся шлюбам з Францішакам. У касцёле нават вянчаліся, а сястра выйшла замуж у Задуб’і.

Вось такім чынам расіянка са Смаленшчыны стала сапраўднай палясяначкай. Бабуля Аляксандра размаўляе на прыгожай сакавітай мясцовай гаворцы. Хаця, нічога незвычайнага ў гэтым няма. Больш за семдзесят гадоў жыве яна тут, на сваім, стаўшым за столькі часу ўжо родным, хутары Гута. Разам з мужам, які, на жаль, гадоў дваццаць таму пайшоў з жыцця, выгадавала траіх дзяцей, дачакалася ўнукаў і праўнукаў.

super-068

— Чула, што тут некалі працаваў шклозавод, дзе выраблялася цудоўная прадукцыя, — цікаўлюся ў жанчыны.

— Быў завод, яшчэ пры Польшы працаваў, — з ахвотай расказвае Аляксандра Рыгораўна. — На тым месцы зараз наш хлеў стаіць. Нават ад завода яшчэ падмурак захаваўся. Раней, калі пачыналі там капаць, то абавязкова знаходзілі вазачкі, бутэлькі, кавалкі шкла.

— Ці не самотна адной жыць на хутары, сярод лесу? — даймаю бабулю Аляксандру.

— Я ужо прывыкла за столькі гадоў. Ды і не адна я тут, — гаворыць Аляксандра Рыгораўна. — Неабходныя прадукты, лекі  прывозяць дзеці. Як толькі пачынаецца ягадна-грыбны сезон, у лесе з’яўляецца столькі людзей, пачынаецца такі рух, напэўна, як у горадзе. У мяне тады весніцы не зачыняюцца. Ставяць на падворку веласіпеды, спыняюцца тут грыбнікі ды ягаднікі, каб адпачыць ды вады напіцца. Я ўсім рада. Адна сямейная пара штогод да мяне прыязджае, жывуць па некалькі дзён, збіраюць грыбы, ягады. Клічуць мяне з сабой. Але я не хаджу ўжо ў лес. Здароўе не тое, што калісьці. Шуміць у галаве. Бывае, прайдуся да крыжа, ды і назад на падворак. А на зіму да сябе дзеці забіраюць. Некалькі месяцаў жыла ў сына ў Ганцавічах. Ледзьве дачакалася, пакуль снег сыдзе, каб хутчэй у сваю хату. Крый Божа, нічога дрэннага не падумайце, у сына мне добра было. Але не магу я ў горадзе, цягне мяне сюды, як нейкім нябачным магнітам. Калі жыла ў сына, штоноч сніўся мне мой родны дом, ваколіцы хутара. Жыць тут можна, ды няма каму. Уцякаюць усе ў горад, а я там не магу жыць, сярод гарадскога тлуму і мітусні.

Бабуля Аляксандра з такім замілаваннем і пяшчотай гаворыць пра сваю хату і хутар, надзяляючы іх жывымі рысамі, расказвае быццам бы пра жывых істот, а не пра звычайныя драўляныя пабудовы. Раптам на мяне найшло азарэнне, што сапраўды так яно і ёсць. Паглядзіце, колькі ёсць шыкоўных асабнякоў і дамоў, інтэр’ер якіх прадуманы да дробязей, а зойдзеш у пакой — і апаноўвае цябе холад, які павявае ад дарагой мэблі, замежнай тэхнікі і мудрагелістых шпалер. І разумееш, што дом нежывы, што ў ім не хапае паветра і цеплыні, што ў штодзённай пагоні за дабротамі мы трацім нешта значна большае. А ў бабулі Аляксандры дом жывы, таму што ў ім ёсць душа. І жыве яна ў старадаўніх ходзіках, што мерна адлічаваюць час у суседнім  пакоі, у пацямнеўшых ад гадоў абрысах святых, што на бабуліных абразах, і ў рыпенні старога жураўля, якім гаспадыня чэрпае ваду. Вельмі хочацца, каб яшчэ доўга ходзікі старога бабулінага дома няспешна ішлі, адмерваючы час яго гаспадыні, старому, але надзвычай прыгожаму хутару Гута.

Кацярына Яцушкевіч.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.