Не станьце ахвярай ашуканцаў

Фантазіі махляроў не перастаюць здзіўляць. Новая схема падману — праверка пластыкавых акон у жыхароў. Ганцаўчане, у кватэрах якіх устаноўлены пластыкавыя вокны, пачалі атрымліваць тэлефанаванні на гарадскія нумары з прапановай аб бясплатнай іх дыягностыцы. Гучыць спакусліва. Бо слова “бясплатна” заўсёды дзейнічае магічна.

ok

Сутнасць схемы махляроў простая. Часта спачатку на дошцы аб’яў ці на ўваходных дзвярах пад’езда жыхары дамоў могуць убачыць невялікую аб’яву, якая пачынаецца са слоў “Паважаныя жыхары”, падобную да тых, якія вывешваюць супрацоўнікі камунальных службаў. У ёй гаворыцца, што ў доме праводзіцца акцыя па прафілактычнай праверцы акон. Наступны крок махляроў — гэта тэлефанаванні патэнцыйным кліентам, падчас якіх жыхароў пераконваюць у неабходнасці працэдуры і яе абсалютнай бясплатнасці. У Ганцавічах супрацоўнікі падобнай фірмы пераконвалі жыхароў горада, што ў іх заключаны дагавор з усімі кампаніямі-ўсталёўшчыкамі шклопакетаў на прафілактычнае абслугоўванне, што, вядома, не з’яўляецца праўдай. Але многія вераць і згаджаюцца пусціць у кватэру незнаёмцаў для прафагляду шклопакетаў. Аргумент, што працэдура абсалютна бясплатная — часта з’яўляецца вырашальным. Такім чынам, самы галоўны этап у махляроў пройдзены — наладжаны кантакт з кліентам. Далей — “работа” ў кватэры кліента, якая павялічвае шанцы прадаць спажыўцу больш паслуг, асабліва пасля кароткай добразычлівай размовы.

Пры самім аглядзе акон супрацоўнікі фірмы знаходзяць розныя “няспраўнасці” — ад недастатковай змазкі і замены ручак, ушчыльняльніка, да неабходнасці замены шкла, блокаў і іншыя, а затым прапануюць заключыць дагавор на ліквідацыю недахопаў. І вось тут важна разумець: падпісваць якія-небудзь дакументы з такімі фірмамі — сабе даражэй. Справа ў тым, што сумы на рамонт значна завышаныя, а ў большасці выпадкаў дэфекты, знойдзеныя пры аглядзе, увогуле выдуманыя — іх ліквідацыя не патрабуе велізарных грашовых укладанняў, якія прапануе махляр. Напрыклад, там, дзе патрэбна ўсяго толькі рэгуліроўка акон, скажуць, што патрабуецца замена ўсёй фурнітуры, а можа нават і акна ў цэлым.

 

Ашуканцы разлічваюць у першую чаргу на тое, што людзі не разбіраюцца ў рынкавых цэнах, бо загадзя вывучаюць кантынгент сваіх кліентаў. Часта, гэта пенсіянеры ці жанчыны, для якіх рамонт акон і дзвярэй нешта фантастычнае.

А самае галоўнае, што з юрыдычнага боку дзеянні махляроў поўнасцю законныя і прыцягнуць іх потым да адказнасці амаль немагчыма — фірма зарэгістравана афіцыйна, а дагавор кліент падпісаў сам, добраахвотна, без прымусу. Астатняе — вымусіць кліента аплаціць паслугі рамонту — справа тэхнікі. Занадта дорага цяпер? Вам пачынаюць прапаноўваць скідкі, якія дзейнічаюць толькі сёння і толькі ў гэты час. Няма ўсёй сумы ў наяўнасці? Прапануецца растэрміноўка плацяжу, з невялікім першапачатковым узносам. Зусім няма грошай? Аформім крэдыт. І ўсе гэтыя прапановы суправаджаюцца абавязковым падпісаннем дагавора, каб людзі былі ўпэўнены ў правамернасці дзеянняў. Мэта супрацоўніка-махляра — прымусіць кліента падпісаць дагавор любымі спосабамі. А калі ўважліва чытаць яго і зразумець юрыдычную мову, то сума закладу за работу не вяртаецца ні пры якіх абставінах, нават пры адмове ад паслуг у далейшым.

Так, на мінулым тыдні ў аддзел эканомікі райвыканкама звярнуўся жыхар шматкватэрнага дома, што па вуліцы Кастрычніцкай, Аляксандр Р. Мужчына паведаміў, што работнікі падобнай фірмы, пасля агляду акон у яго кватэры, знайшлі мноства недахопаў і прапанавалі яму гэтыя недахопы выправіць.  Аляксандр згадзіўся і падпісаў дагавор. У выніку, за рэгуліроўку шклопакетаў і змазку фурнітуры мужчына заплаціў… 116 рублёў. Сума ўнушальная, асабліва ўлічваючы такі нязначны аб’ём работ.

Таксама на мінулым тыдні 5 чалавек звярнуліся ў РАУС з заявамі на Баранавіцкую фірму ТАА “ЖилРом”, прадстаўнікі якой настойліва рэкамендавалі жыхарам свае паслугі па прафілактычным аглядзе пластыкавых акон. Грамадзяне нават заключалі з работнікамі фірмы дагаворы, у якіх былі прапісаны даволі ўнушальныя сумы за элементарны рамонт дэталяў шклопакетаў.

Так, пацярпелі ў асноўным пенсіянеры: жыхар вуліцы Кутузава падпісаў дагавор на рэгуліроўку аконных ручак, пенсіянерка з вуліцы Кастрычніцкай спалохалася настойлівых тэлефанаванняў з прапановай агляду акон, а калі, пасля  таго, як яна адмовілася, у дзверы пазваніў прадстаўнік ТАА “ЖилРом”, увогуле вырашыла выклікаць міліцыю.

Дык ці варта згаджацца на праверку акон і як паводзіць сябе з “правяраючымі”? На гэтае пытанне адказвае намеснік старшыні  райвыканкама Артур Уладзіміравіч Грыгаран:

— Думаю, што адказ на пытанне трэба пачынаць з тлумачэння: грамадзяне і юрыдычныя асобы вольныя ў заключэнні дагавора. Прымус да заключэння дагавора не дапускаецца.

Што гэта азначае на практыцы? Да прыкладу, вам патэлефанавалі, прадставіліся, прапанавалі якія-небудзь паслугі (у дадзеным выпадку мы гаворым пра паслугі, на аказанне якіх маецца спецыяльны дазвол). Вы маеце законнае права адмовіцца ад прапановы. Матываваць сваю адмову не трэба. Міліцыю трывожыць з нагоды тэлефанавання таксама не трэба. Іншая справа, калі, напрыклад, адна і тая ж арганізацыя будзе тэлефанаваць кожны дзень, нягледзячы на вашы пратэсты. Гэта ўжо хуліганства.

Што датычыцца канкрэтных выпадкаў і зваротаў грамадзян па факце аплаты па сутнасці “непатрэбных” паслуг прафагляду і рамонту акон, спецыялістамі аддзела эканомікі райвыканкама будзе праводзіцца праверка падобных фірм, якія “дзейнічаюць” на тэрыторыі Ганцавіч. Калі арганізацыя не зарэгістравана ў дзяржаўным рэестры бытавых паслуг, яе дзеянні можна кваліфікаваць як незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. А калі ўсё ж фірма мае рэгістрацыю ў рэестры, разабрацца з махлярамі будзе складана: дагаворы ў такім выпадку складзены вельмі граматна, на іх прысутнічае подпіс кліента, які дае згоду на выкананне работ — усё законна і па ўзаемнай згодзе.

Я б рэкамендаваў грамадзянам не рызыкаваць і не пускаць у дом незнаёмых людзей, а тым больш, не падпісваць ніякіх дакументаў. Калі вам патэлефанавалі і прадставіліся супрацоўнікамі невядомай фірмы, прапанавалі нешта “бясплатна” — сто разоў падумайце, перш чым верыць. А лепш за ўсё — адмаўляйцеся ад паслуг і ветліва  развітайцеся. Бо празмерная даверлівасць у такіх пытаннях можа абярнуцца значнымі фінансавымі стратамі. І памятайце, што праводзіць дыягностыку акон павінна фірма, якая вам іх устанаўлівала.

Падрыхтавала Ксенія ЛУЦКО.

 

 

Не станьце ахвярай ашуканцаў: 1 комментарий

  • 20.05.2017 в 9:47 дп
    Permalink

    Внимание! Вчера в городе появились новые «предприниматели» — предлагают установить пенсионерам в частном секторе фильтры для воды за 260р. Предупредите родителей и сами будьте внимательны!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.