Сакрэт сапраўднага шчасця

Зінаіда Харытонаўна Мышкавец часта наведвае бібліятэку,  вельмі  любіць  кнігі і  ўвесь свой вольны час аддае чытанню. Яна  прыемны і цікавы субяседнік: шмат ведае пра жыццё — і параду  дасць, каб не хварэць і не сумаваць, ды і сама выглядае маладой і прыгожай.

p1060256

— Умацоўваецца здароўе, калі чытаю, — дзеліцца    медыцынскімі  ведамі аб карысці  чытання мая суразмоўца, — бо чытанне развівае памяць, умацоўвае дыхальную і сардэчную  сістэмы. Чытанне супакойвае псіхіку, таму добра чытаць перад  сном, а не глядзець у экран тэлевізара.

Размаўляю з гэтай гаваркой жанчынай, а ў памяці ўсплывае выпадак з майго дзяцінства. Захварэла маці, прыйшлося  выклікаць урача. Гэтым урачом была Зінаіда Харытонаўна. Яна ўважліва нас выслухала, дэталёва разабралася ў праблеме і аказала прафесійную дапамогу. Колькі добрага яна зрабіла для  хворых! Жыхары Лактышоў, ды не толькі яны, з апраўданым даверам і павагай адносяцца да Зінаіды Харытонаўны, былога фельчара.

Яе дзяцінства прайшло ў вёсцы Альхоўцы Ляхавіцкага раёна. У сям’і Маслоўскіх было шэсць дзяцей. Як гаварыла Зінаіда  Харытонаўна, усе яе дзіцячыя гульні — гульні ва ўрача. З  маленства яна назірала за працай свайго таты, Харытона Андрэевіча — сельскага фельчара. Калі прыйшоў час выбраць прафесію, не задумваючыся паступіла ў Баранавіцкае медыцынскае  вучылішча, хоць і  ведала   якая гэта  цяжкая  праца, быць  урачом.

Не ведала толькі дваццаціпяцігадовая дзяўчына, якая прыехала  па размеркаванні ў вёску Лактышы, з чым ёй прыйдзецца  сутыкнуцца. Дарогі дрэнныя, гразь, ніякая машына не праедзе, а ёй патрэбна ісці ў любое надвор’е на выклік да хворага.

— Не  паспела я паставіць свой чамадан, — шчыра дзеліцца сваімі ўспамінамі Зінаіда Харытонаўна, — як першы выклік. Спачатку разгубілася, але потым узяла сябе ў рукі. Усё зрабіла  правільна, хоць хвалявалася. Цяжка і складана даводзілася працаваць у той час.  Ды і насельніцтва ў Лактышах у 1965 годзе  было 1800 чалавек,  дзяцей  — 580, з іх 106 — ад году  да  трох.

Вельмі перажывала яна за цяжарных жанчын, іх на той час  налічвалася ажно каля 30. Патрэбна было знайсці машыну, каб адвезці  парадзіху ў Ганцавічы. А якія машыны — грузавыя калгасныя. Калі не час уборкі, дык пажарную давалі, бо машына  хуткай дапамогі не прыязджала на выклік з-за дрэнных дарог. Здаралася, што прымала роды дома, альбо адразу ў машыне. І з хворымі выпадкі розныя здараліся: і цяжкія нажавыя, і агнястрэльныя раненні, тапельцаў ратавала, складаныя швы  накладвала. Паступова работа наладжвалася, прыходзіў вопыт. За  40 гадоў работы ўсяго было — і добрага, і кепскага.

p1060254

Зінаіда Харытонаўна — сціплы чалавек, не любіць хваліцца  сваімі ўзнагародамі за добрую працу, але іх у яе шмат: граматы, пахвальныя лісты, ёсць і значок “Выдатнік  аховы здароўя СССР”.

Складана ў той час было працаваць, але нягледзячы на  цяжкасці, Зінаіда Харытонаўна з сяброўкай, якая працавала настаўніцай, зрэдку наведваліся ў сельскі клуб на танцы пад гармонік. Моладзі было шмат. Кожны вечар у клубе ладзіліся танцы, песні, канцэрты, гоман — весела. І вось у адзін з такіх вечароў яна  бліжэй пазнаёмілася з Іванам Адамавічам Мышкаўцом, які неўзабаве стаў яе мужам. Сустракаліся яны і раней, тады, калі  ён адвозіў цяжарную ў раённую бальніцу, а яна, Зіна, падпісвала  яму пуцёўку. Тады  Іван падаўся нейкім фанабэрыстым, а цяпер  нешта змянілася ў ім.

— Усё ўспамінаецца, думаецца і не толькі таму, што Бог дазволіў нам дажыць да гэтай даты, 50 гадоў сумеснага жыцця, — расказвае Зінаіда Харытонаўна, — але і таму, што яно, жыццё, так  хутка імчыць, што ўспамінамі хочацца прытрымаць яго… Памятаю, ідзем па начной вуліцы, Іван высокі, я каля яго, здаецца, такая  маленькая, маўчым, слухаем як галасіста заліваецца гармонік, як дзяўчаты ў лад яму прыгожа спяваюць, і раптам крык аб дапамозе. Зноў камусьці патрэбна медыцынская дапамога. Іван не пакінуў мяне, увесь час быў побач. Бачыў як я спыняла крывацёк, перавязвала рану, а затым на машыне імчалі, везлі хворага з агнястрэльным раненнем у раённую бальніцу. Паспелі, усё закончылася  добра. 

Праз год  мы  зарэгістравалі свой шлюб. Жылі ў доме, дзе  знаходзіўся ФАП. У ім былі пакоі для пражывання медыцынскіх работнікаў. Вось так і жылі, з аднаго боку добра, недалёка ісці на  работу, а з другога — не прыходзіш з яе,  —  усміхаючыся ўспамінае Зінаіда Харытонаўна. — Дзеці малыя, тады два месяцы пасля родаў — і жанчына выходзіла на працу, а мне на выклікі трэба  ісці і прыём хворых весці. Іванава маці добра дапамагала, глядзела  дзяцей, калі быў  час, а, бывала і на хворых я дзяцей пакідала.

Мой Іван — добры муж, адказны і строгі бацька. Падрасталі два  сыны і дачка, яму трэба было шмат працаваць, каб забяспечыць сям’ю, дабудоўвалі сваю хату, — працягвае мая суразмоўца. — І цяпер, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, не сядзім дома  склаўшы  рукі, трымаем гаспадарку.

І сапраўды, Іван Адамавіч работы не баяўся, як і многія яго сябры, бо гэта быў пасляваенны час — голад, бедната. Шэсць  дзяцей у сям’і, а ён чацвёрты, а значыць, можа глядзець  малодшых, дапамагаць па гаспадарцы. Хлопчык цягнуўся да  навукі, але трэба было пасвіць калгасных гусей, якіх маці даглядала, дапамагаць бацькам. Вельмі любіў назіраць, як працуе на полі тэхніка. Калі ў яго была вольная хвілінка, імчаў да машыны, углядаўся як яна працуе, кожная яе запчастка цікавіла хлапчука. Быў выпадак, калі ён, яшчэ юнаком, адрамантаваў машыну і паехаў  на ёй. Гэты ўчынак выклікаў ва ўсіх непадробнае здзіўленне, а яму задавальненне, бацькам гонар. У час службы ў арміі Іван Адамавіч атрымаў правы на кіраванне аўтамабілем — мара дзяцінства  здзейснілася. Маючы на руках такі жаданы для яго дакумент, пасля  службы пайшоў працаваць вадзіцелем грузавой машыны ў калгас “Праўда”. Працаваў старанна, не лічыўся з асабістым часам, ды і шэсць разоў быў пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва на адвозцы зерня ў час уборкі. У яго  шкатулцы знаходзіцца мноства грамат, пахвальных лістоў, значкоў “Пераможца сацспаборніцтва”, ёсць і дзве Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР. І сёння, як і ў мінулыя гады, Івана Адамавіча паважаюць, звяртаюцца да яго па параду, а ён дапаможа, падбадзёрыць, падтрымае ў любым  выпадку.

—  Калі не паспяваў дапамагчы па гаспадарцы, — працягвае  свае ўспаміны Зінаіда Харытонаўна, — загадваў дзецям дапамагаць мне. Яны з маленства навучыліся не баяцца  работы. Умелі калоць і складваць пад павець дровы, касіць і сушыць сена, прыбіраць у хаце і гатаваць ежу, даглядаць жывёлу. Выконвалі любую работу старанна і адказна, бо разумелі — бацькі занятыя. Дзеці  вельмі  любілі чытаць, і цяпер любяць, старанна  вучыліся ў школе. Усе маюць вышэйшую  адукацыю і добрую работу. Радуюць нас поспехамі сваіх  дзяцей, нашых  унукаў.

Слухала,  як з захапленнем расказвала Зінаіда Харытонаўна аб сваіх дзецях і ўнуках, аб вялікай і дружнай сям’і, братах і сёстрах  Івана Адамавіча, аб тым як зведалі яны гора і нястачу, радасць і  смутак. Слухала і думала: шчаслівыя людзі, бо чалавек шчаслівы, калі яго работа прыносіць яму радасць і ўпэўненасць, калі ёсць  падтрымка сям’і. Мабыць, гэта і ёсць сакрэт  сапраўднага шчасця.

50 гадоў сумеснага жыцця — залатое вяселле. Можа і так, бо  каб атрымаць золата высокай пробы, трэба, каб яно вытрымала шмат выпрабаванняў. Так і  сямейнае жыццё Мышкаўцоў прайшло праз гады  выпрабаванняў, якія Зінаіда Харытонаўна і Іван Адамавіч вытрымалі з гонарам — захавалі каханне, лад і згоду ў сям’і, што і з’яўляецца прыкладам для дзяцей  і  ўнукаў.

Таццяна  Берташ,

загадчыца Лактышоўскай

сельскай бібліятэкі.

НА ЗДЫМКУ: Іван Адамавіч і Зінаіда Харытонаўна Мышкаўцы.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.