Такія розныя парушэнні

Нядаўна ў райвыканкаме прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх. Нягледзечы на тое, што на пасяджэнні разглядалася няшмат спраў, некаторыя з іх былі даволі цікавымы і актуальнымі.

Teens with beer bottles --- Image by © Image Source/Corbis

Image by © Image Source/Corbis

Як заўжды не абышлося без справы, што датычыцца ўжывання алкаголю непаўналетнімі. На пачатку красавіка навучэнец прафліцэя, 2000 года нараджэння, быў затрыманы ў гарадскім скверы ў стане алкагольнага ап’янення. Больш таго, пасля затрымання малады чалавек у грамадскім месцы выказваў нецэнзурныя словы, на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі не рэагаваў…

Дарэчы, гэта ўжо другі такі выпадак за апошні год, калі гэты юнак быў затрыманы ў п’яным стане. І цяжка ўявіць, што штурхае маладога чалавека да ўжывання алкаголю. Хлопец станоўча характарызуецца па месцы вучобы, мае цудоўныя матэматычныя здольнасці, удзельнічае ў разнастайных грамадскіх мерапрыемствах і ў цэлым аб ім можна сказаць толькі добрыя словы. Але вось адзін недахоп — алкаголь…

Камісія, улічваючы станоўчыя характарыстыкі юнака, вынесла пакаранне: штраф у памеры 2 базавых велічынь і папярэджанне, што ў выпадку, калі хлопец і ў трэці раз на працягу года трапіць у поле зроку праваахоўных органаў у п’яным стане, будзе вымушаны адправіцца на лячэнне ад алкагольнай залежнасці.

Таксама камісія па справах непаўналетніх разглядала і яшчэ адну   справу, магчыма, самага маладога парушальніка за ўсю гісторыю пасяджэнняў, маленькага хлопчыка з Хатыніч, 2010 года нараджэння.

Вядома, што ва ўстановах адукацыі надаюць вялікую ўвагу пажарнай бяспецы і прывучаюць дзетак да яе выканання з самага маленькага ўзросту. Вось і ў Хатыніцкім яслях-садзе № 10 гэтае пытанне таксама пад асаблівым кантролем. “Навучылі ў садку, што пажарным трэба тэлефанаваць па нумары “101” — расказаў потым аб сваім правапарушэнні малы.

pozh

10 красавіка хлопчык знаходзіўся ў бабулі, і калі тая разам з дзядулем працавалі па гаспадарцы, ён вырашыў праверыць, ці прыедуць пажарныя, калі ён патэлефануе, і паведаміў аб узгаранні жылога дома. Пажарныя прыехалі на выклік, аднак ніякага ўзгарання, вядома, не было.

Канечне ж, гэта вельмі патрэбная справа — прывучаць дзяцей да пажарнай бяспекі з самага маленькага ўзросту, аднак удзельнічаць у гэтым павінны не толькі супрацоўнікі РАНС, педагогі навучальных устаноў, але і сям’я, дзе таксама маленькім дзеткам павінны тлумачыць, у якіх выпадках тэлефанаваць пажарным нельга, а ў якіх — неабходна.

У выніку, бацькам маленькага хлопчыка з Хатыніч вынесена папярэджанне. Камісіі маленькі правапарушальнік  паабяцаў, што больш так рабіць не будзе і ў наступны раз выклікае выратавальнікаў толькі ў выпадку сапраўднай неабходнасці.

Уладзімір САКАЛОЎ.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.