Плач званоў

У Лактышах вяскоўцы не толькі шануюць і паважаюць сваё мінулае, але і беражліва яго захоўваюць. Тут жыве памяць. Самая страшная і жудасная вайна мінулага стагоддзя — Вялікая Айчынная — пакінула на гэтай шматпакутнай зямлі свае незагойныя раны, якія нават праз дзесяцігоддзі кроваточаць. Пра гэта нельга забыць, і нельга маўчаць. Жыхары партызанскай вёскі Лактышы спаўна зведалі жахі акупацыйнага рэжыму. Як маглі здзекаваліся над мірным насельніцтвам фашысцкія вылюдкі, катавалі і расстрэльвалі старых, дзяцей, жанчын. Асабліва страшны лёс быў накаваны тым вяскоўцам, чые блізкія і родныя служылі ў радах Чырвонай Арміі або змагаліся з лютым ворагам у партызанах. За сувязь з партызанамі ў Лактышах немцы расстралялі 9 чалавек, сярод якіх былі і дзеці. Аб тых крывавых падзеях, што разгарнуліся на акупіраванай зямлі, нават праз столькі часу добра памятае 83-гадовая Вольга Мікалаеўна Палазок. Летам 1942 года на досвітку фашысты расстралялі сем’і партызана Паўла Крыцкага, які да вайны служыў у міліцыі, былога старшыні сельвыканкама Піліпа Мышкаўца і франтавіка Пятра Зуйкевіча. Дзіцячая памяць асаблівая, да дробязей 8-гадовая Волечка запомніла падзеі таго трагічнага дня. Нібыта гэта толькі ўчора здарылася, а не мінула з таго часу семдзясят пяць гадоў.

super-023

super-008

— Страшна і цяжка ўзгадваць пра тыя падзеі, — гаворыць бабуля Вольга і голас яе па-здрадніцку пачынае дрыжаць. — Не давядзі Гасподзь такі жах каму-небудзь перажыць. Вось у гэтай магіле ляжаць-спачываюць пяць расстраляных і ні ў  чым не вінаватых душ.

Сціплы надмагільны помнік месціцца непадалёк ад званіцы. Магілка прыбраная, стаяць кветачкі. Відаць, што нехта яе даглядае. Няўмольны час паступова сцірае занатаваныя на помніку імёны і прозвішчы ахвяр. Але, калі добра прыгледзецца, можна прачытаць наступнае: “Крицки Павел Павлович, жил 58 лет (арфаграфія захоўваецца), Крицкая Феодосия Петровна, жила 56 лет, Крицкая Ольга Павловна, 23 года, Мышковец Анна Павловна, 32 года, Мышковец Николай Филиппович, жил 8 лет. Погибли 25.06.1942 года от рук фашистов”.  Тут назаўсёды свой спачын знайшлі бацькі, дзве сястры і пляменнік партызана Паўла Крыцкага.  Магіла яго жонкі і маленькага сыночка, якіх не пашкадавалі фашысты, знаходзіцца крыху далей.

super-019

— Помнік вельмі стары і надпісы ледзьве відаць, — кажа Вольга Палазок, — і паказвае  на магілку, на якой стаіць старэнькі помнічак, усталяваны пасля  вайны. — Іх усіх фашысты знішчылі летнім досвіткам 1942 года. Праўда, спачатку расквіталіся з сям’ёй Пятра Зуйкевіча, мясцовага актывіста, які ваяваў з фашыстамі. Раніцай, калі яшчэ вёска спала, карнікі ачапілі дом, дзе жыла Аўдоцця Зуйкевіч з 16-гадовым сынам Міхаілам. Іх, сцягнуўшы з ложкаў, расстралялі ў хаце. Затым кінуліся да сядзібы Крыцкіх. На месца трагедыі я са сваёй бабуляй Кацярынай прыйшлі ўдзень. Немцы не давалі дазволу хаваць расстраляных, іх целы так і ляжалі ў хаце на падлозе. Бабуля вельмі хвалявалася за Марыю, нявестку Крыцкіх, баялася за яе і двухгадовага сыночка Мікалая, якога яна “бабіла”. Мой бацька потым вельмі моцна сварыўся на сваю маці, якая павяла мяне, дзіця, глядзець на забойства ў хату Крыцкіх. Нас таксама маглі там расстраляць. Але мне чамусьці было зусім не страшна.

super-018

Дзіцячая памяць Вольгі занатавала тую жудасную карціну назаўсёды. “Яны ўсе былі ў бялізне. Дзед з бабай ляжалі на кухні, іх грудзі былі прастрэлены. 8-гадовы Міколка напэўна хацеў уцячы, але не паспеў. Каля печкі была адсунута дошка. Відаць там быў лаз у склеп і хлопчык туды збіраўся праціснуцца, толькі фашысцкая куля абарвала жыццё дзіцяці. Марыя, жонка партызана Паўла Крыцкага, ляжала на падлозе, прыціскаючы да сэрца, нібыта захінаючы ад смяротнай пагрозы, маленькага сына. Напярэдадні трагедыі, вечарам, мая бабуля размаўляла з Марыяй, казала маладой жанчыне, хадзем да нас, схаваем цябе ў хляве, перачакаеш. Чуткі нядобрыя ходзяць, расстрэльваюць немцы сем’і партызан, як бы чаго не здарылася. Марыя пайсці да нас адмовілася, маўляў, не хачу пакідаць бацькоў.

З вачэй бабулі Вольгі коцяцца слёзы, успаміны да болю развярэдзілі сэрца. “Не дай, Бог, нікому такога жаху перажыць”, — кажа Вольга Мікалаеўна, дрыжачымі ад хвалявання рукамі папраўляючы на галаве хустачку. Крыху супакойваецца і працягвае свой аповяд. “Як цяжка з гэтым жыць. Вайна скалечыла ўсё жыццё, — нібыта малітву, шэпча жанчына. — Уратавацца тады давялося Івану і Мішы, якія хаваліся ў пуні.  Расстраляную сям’ю Крыцкіх пахавалі на агародзе. Праз месяц або паўтара, нябожчыкаў уначы перапахавалі на мясцовых могілках. Марыю з сыночкам пахавалі асобна, усіх астатніх у адной магіле. Непадалёку ад Крыцкіх знаходзіцца магіла Аўдоцці Зуйкевіч і яе сына Міхаіла, якіх фашысты забілі першымі. На магіле, уросшы каранямі ў зямлю, стаіць сухое дрэва. Не сёння, заўтра яно можа зваліцца і разбурыць стары помнік, пашкодзіць іншыя магілы. “Мы хочам прыбраць гэтае аварыйнае дрэва, — далучаецца да размовы мясцовая жыхарка Валянціна Крыцкая. — Звярталіся ў сельвыканкам, нам адказалі, што каб яго спілаваць, патрэбна каля аднаго мільёна рублёў на старыя грошы”. “Самастойна дрэва не зрэжам, патрэбна выклікаць альпіністаў, — тлумачыць сітуацыю старшыня сельвыканкама Ларыса Мышкавец. — Гэтая паслуга не танная, каштуе больш за 100 рублёў. Зараз ідзе збор сродкаў, калі набярэцца неабходная сума, тады дрэва зрэжам”.

super-020

Жудасны лёс склаўся і ў  партызана Паўла Крыцкага. Даведаўшыся аб смерці сваіх родных, мужчына пачаў жорстка помсціць ворагу. Ён хадзіў на самыя складаныя і небяспечныя заданні. У 1943 годзе непадалёк ад Чудзіна Павел Крыцкі трапіў у засаду. Фашысты схапілі параненага партызана, жорстка яго катавалі, вырвалі язык, выкалалі вочы, а на грудзях выразалі зорку. Аб мужным партызане напісана ў гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць. Ганцавіцкі раён”. Трагічна склалася жыццё і ў Піліпа Мышкаўца, які быў жанаты на сястры Паўла Крыцкага Ганне. Вярнуўшыся з вайны дадому, яго чакала страшная вестка. Замест жонкі і сына, салдат абдымаў драўляны крыж, які стаяў на іх магіле. Не змог змірыцца з тым, што няма ў жывых яго любай і ненагляднай Ганначкі і сыночка Міколкі, што не зможа ён ніколі больш абняць іх, прытуліць  да свайго сэрца. Тут жа на старых могілках мужчына, які зведаў спаўна ўсё пекла вайны, налажыў на сябе рукі.

Памяць павінна жыць, лічаць вяскоўцы, і даглядаюць магілы сваіх суайчыннікаў, якіх расстралялі фашысты, падтрымліваюць чысціню і парадак.

— Вось на гэтым месцы, дзе захаваўся толькі падмурак, стаяла Свята-Мікалаеўская царква, — расказвае бабуля Вольга Палазок. — Прыгожы быў храм, са старажытнымі іконамі, аздобленымі золатам. Памятаю, як усёй сям’ёй хадзілі на службу. Аднойчы, пры акупацыі, якраз напярэдадні Вялікадня, у храме сабралася шмат народу. Раптам дзверы царквы фашысты зачынілі. Мне тады было сем гадоў, але добра памятаю, як людзі пачалі плакаць, маліцца Усявышняму, каб злітасцівіўся, не дапусціў бяды. Не ведаю, можа немцы хацелі спаліць царкву разам з жыхарамі вёскі, а можа проста здзекаваліся. Аднак, праз пэўны час нас адпусцілі.

super-013

Тое месца, дзе ўзвышалася царква, асаблівае, не зусім звычайнае, менавіта так лічыць бабуля Вольга, яе меркаванне падтрымліваюць многія аднавяскоўцы, асабліва старэйшага пакалення. Вольга Мікалаеўна расказвае, як у 1943 годзе фашысты пачалі бамбіць вёску. Былі знішчаны амаль усе гаспадарчыя пабудовы і дамы, а вось царква засталася непашкоджанай. Яе разбурылі ўжо ў савецкія часы ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, а званіцу як не імкнуліся разабраць, нават гусенічным трактарам спрабавалі разбурыць, ды нічога не атрымалася. Нібыта маўклівая сведка тых неадназначных і складаных часоў узвышаецца ў Лактышах званіца. Праўда, з трох старажытных званоў застаў толькі адзін, — два ўкралі, але яго самотны звон час ад часу плыве над лактышоўскімі прасторамі, нібыта памінальны плач па тых, хто заўчасна пайшоў з жыцця. Бабуля Вольга, як і многія астатнія жыхары вёскі, спадзяецца, што званы вернуцца на сваё месца. Па словах жанчыны, тыя, у каго рука паднялася разбурыць храм, рана памерлі. А царква ў вёсцы ёсць. Праўда, яна невялічкая і знаходзіцца ў былым будынку школы.

super-024

Кацярына Яцушкевіч.

На здымках: унізе— ад былой царквы засталася толькі званіца, два старажытныя званы з якой нехта ўкраў; вярэдзяць душу Вольгі Палазок успаміны аб вайне; уверсе — на магіле  Зуйкевічаў не адзін год расло дрэва.

Фота аўтара.

Плач званоў: 7 комментариев

  • 19.05.2017 в 12:13 пп
    Permalink

    Жаль, что уходят последние свидетели той ужасной войны. Пока они живы, их воспоминания надо сохранить, столько возможностей сегодня есть для этого. Вот где работа для «волонтеров».

  • 20.05.2017 в 2:01 пп
    Permalink

    Спасибо редакции, что постоянно поднимает тему войны на страницах своей газеты. Ведь это огромный вклад в дело сохранения памяти о Великой Отечественной войне и так важно для современного поколения. Статья насквозь пронизывает душу. А благодаря таким публикациям и сбору устных воспоминаний — память о тех событиях будет жить.

  • 22.05.2017 в 6:21 пп
    Permalink

    Точно, но меня интересует другое — у нас есть районный краеведческий музей и, насколько знаю, есть целый научный сотрудник — чем он занимается кроме, как пишет о спорте, зачем тратить государственные деньги на него?

  • 22.05.2017 в 6:37 пп
    Permalink

    Про спорт профессионально пишет Соколов. Его и в НОК недавно отметили, а доморощенные «специалисты» всегда будут — если не по роду занятий, то хоть в спорте пытаются показать себя «знатоком»

  • 23.05.2017 в 11:58 дп
    Permalink

    Потрясающий материал!!! Ещё есть живые свидетели тех страшных времён и как важно сохранить их воспоминания. Мы живы пока жива наша память! Спасибо СП

  • 23.05.2017 в 6:27 пп
    Permalink

    Антон, гнать его надо

  • 24.05.2017 в 9:40 пп
    Permalink

    Нет страшнее войны, когда проявляются самые ужастные проявления человеческих пороков. Екатерина, спасибо Вам за человечность и сердечность, пожалуйста, продолжайте свой цикл материалов о войне. Иначи разного рода выкидыши все переиначат и искозят историю — забудем её — потеряем все!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.