“Дубль” валейбалістаў “РАНС”

У спартыўнай зале райаграсэрвісу ў мінулыя выхадныя прайшоў адкрыты кубак раёна па валейболе.

vol

Удзел у спаборніцтвах прынялі 6 каманд, якія па рашэнні аргкамітэта былі падзелены на дзве падгрупы.

У першы гульнявы дзень прайшлі сустрэчы групавага этапа. У групе “А” фаварытамі былі валейбалісты райаддзела па надзвычайных сітуацыях, якія, дарэчы, напрыканцы мінулага года сталі пераможцамі адкрытага чэмпіянату раёна па валейболе. Каманда  “РАНС” не пакінула шанцаў валейбалістам малькавіцкага “АверсЛесу” і электрасетак, абыграўшы сваіх сапернікаў з аднолькавым лікам — 2:0. Другім паўфіналістам з групы “А” стала каманда “АверсЛес”, якая перамагла валейбалістаў  электрасетак з лікам 2:0.

У групе “Б” таксама быў безумоўны фаварыт — каманда “РЖКГ”. “Камунальнікі” ўпэўнена занялі першае месца ў групе, а другім паўфіналістам з групы “Б” стала каманда лясгаса, якая перамагла валейбалістаў “ПМС”.

У паўфіналах асаблівай барацьбы не атрымалася: фаварыты спаборніцтваў, каманды “РАНС” і “РЖКГ”, з аднолькавым лікам 2:0 упэўнена перамаглі, адпаведна, валейбалістаў лясгаса і “АверсЛесу”.

Такім чынам, у фінале паміж сабой сустрэліся каманды “РАНС” і “РЖКГ”. Першыя дзве партыі падарылі гледачам цікавы і эмацыянальны валейбол, у якім цяжка было вызначыць мацнейшага. Аднак у рашаючыя хвіліны і першай, і другой партыі ўдача была на баку валейбалістаў “РАНС”, якія перамаглі з лікам 26:24 (у першай партыі) і 25:22 (у другой). На трэцюю партыю ў “камунальнікаў” не хапіла ні сіл, ні эмоцый, а таму перамога ў ёй (25:19), як і ва ўсім матчы дасталася валейбалістам “РАНС”.

Па заканчэнні спаборніцтваў адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання. Лепшым валейбалістам турніру быў прызнаны Арцём Караткоў з каманды “РЖКГ”, які атрымаў каштоўны прыз. Каманды-фіналісты былі ўзнагароджаны граматамі і медалямі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а валейбалісты “РАНС” узнялі над галавой і галоўны прыз спаборніцтваў — ганаровы кубак.

Гэты тытул стаў для каманды “РАНС” другім у сезоне і, такім чынам, “выратавальнікі” аформілі своеасаблівы “дубль”, чым пацвердзілі званне мацнейшай валейбольнай каманды ў сёлетнім годзе.

Уладзімір САКАЛОЎ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *