Ад газеты да каскі – музейны летапіс герояў Вялікай Айчыннай вайны
Чэрвень праляцеў адным імгненнем. Лета памяняла касачова-бэзавы парфум на язмінна-півоневы, дадало ноткі ружова-флоксавага, заінтрыгавала фіялкава-валошкавым. Ад прыгажосці дух захоплівае, нельга прызвычаіцца да гэтага хараства – хочацца дыхаць ім, як паветрам, і загадваць, каб у летніх каардынатах так было заўсёды. Неба высокае, чыстае, блакітнае да неверагоднасці; сонца гушкаецца на бялюткіх аблачынках і падміргвае сваім мініяцюрным копіям – гарлачыкам, што красуюць на рачной гладзі; у пясочніцы малыя «пякуць» пірагі; на палях каласіцца жыта… Гэты цуд завецца ліпенем, і мы прывычна радуемся яму. Пара адпускоў і канікулаў, сезон вітамінаў, зоркападаў і радасці ад таго, што ўсё гэта ёсць.
Як многа ўмяшчаецца ў кароткае слова «мір»! 78 ліпеняў назад у гэтыя дні вызваленне Беларусі было ўжо зусім блізка, а да Перамогі заставалася дзесяць месяцаў і восем дзён. Ваенная хроніка Вялікай Айчыннай задакументавала, занатавала подзвіг. У ім усё – галоўнае. Мусіць, таму так сціскаецца сэрца ў мінуту маўчання, ля Вечнага агню, ля брацкай магілы ці манумента загінуўшым героям. І ў музеі, дзе гаворыць сам подзвіг.
У экспазіцыі музея Дзяніскавіцкай школы – свой летапіс, свае следапыцкія знаходкі і прозвішчы, сведчанні і артэфакты. Гэта адкрыты ўрок мужнасці для нашчадкаў ад імя продкаў, якія адстаялі, адваявалі мір і ўсё далейшае жыццё. А «матэрыялы» ўрока беражліва і ўдзячна сабралі гэтыя самыя нашчадкі. Што ж, справядліва і годна.
За радком віп-экспаната
Старая, пажаўцелая, выцертая на згібах газета. «Падумаеш, – скажа нехта, – каштоўнасць…». А так і ёсць: каштоўнасць. І пазначаны на ёй кошт «20 капеек» не мае нічога блізкага да вартасці музейнага экспаната. Дастаткова паглядзець на дату. Гэта экзэмпляр «Красной звезды» за 10 мая 1945 года (№ 108 (6096)). Не ксеракопія – арыгінал, адзін з 60-тысячнага тыражу. З гістарычным зваротам Сталіна да народа, з фотаздымкам салюта ў гонар Перамогі. Тут жа надрукаваны выступленне Прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Чэрчыля і заява Прэзідэнта ЗША Трумэна. І яшчэ шмат доўгачаканай народам інфармацыі.

За кожным радком нумара – вялікая гісторыя, а сам нумар – па праву сярод архіўных віп-экспанатаў. І на ўроках, і падчас экскурсій звяртаюцца да яго. Здаецца, гэты сведка трыумфальнай падзеі валодае нейкай прыцягальнай сілай. Ды і не здаецца – так на эмацыянальным узроўні ёсць, надта важныя падзеі былі першапрычынай. Дарэчы, газету ў школьны музей у лютым 2010 года прынёс на той час дзевяцікласнік Святаслаў Бубніковіч. Знайшоў яе ў бабулінай хаце, неаднойчы бачыў у дзядзькавых руках. Той гартаў яе, перачытваў і беражліва вяртаў у «надзейнае месца» – за шафу. А пляменнік па праграме ў школе якраз вывучаў тэму Вялікай Айчыннай вайны і справядліва вырашыў «надзейнае месца» для 65-гадовай на той час рэліквіі памяняць. І прынёс яе ў музей. Невядома, колькі экзэмпляраў з усяго тыражу пасляпераможнага нумара «Красной звезды» захавалася. Са стапрацэнтнай дакладнасцю вядома як мінімум пра адзін – у музеі Дзяніскавіцкай школы.
«Дарагая сястрычка, хачу паведаміць…»
Быццам пабачыліся… Разгарнуць доўгачаканы трохвугольнік: «Добры дзень ці вечар, дарагая мама…». Не проста ліст з фронту – неаспрэчны доказ: жывы! У тое імгненне самым шчаслівым чалавекам станавіўся адрасат: бацькі, жонка, дзеці, браты, сёстры… А потым зноў чаканне, бясконцая трывога і надзея. Ад трохвугольніка да трохвугольніка. Гэтай франтавой «геаметрыяй» занатаваны лёсы людскія, уся вайна і ўвесь шлях па ёй – да міру ці, калі незваротна не пашанцавала, да знічкі, у якую цэліла варожая куля. Альбо асколак гранаты, міна-забойца, кулямётная чарга з фашысцкага знішчальніка. Гэта калі пісьма з фронту больш не было каму пісаць. А дома маліліся, насуперак усяму чакалі: толькі б вярнуўся, толькі б жывы…

Калі памяццю сваёй ты сёння дакранешся хаця б да аднаго таго ваеннага чакання-лёсу, ужо ніколі не забудзеш, не адсунеш, не прыменшыш, не згубіш удзячнасць. Не адправіш у архіў пашану да подзвігу і да герояў. Бяром у рукі франтавы трохвугольнік вунь з той музейнай палічкі. Адрасаваны Зялёнка Надзі Лявонаўне, ён такі… хочацца плакаць. «13.04.1945. Прывітанне са шпіталю. Дарагая сястра Надзя! У першых радках свайго невялікага пісьма спяшаюся паведаміць, што я жывы…». І потым: «Дарагая сястрычка, я хачу вам паведаміць, што быў цяжка паранены ў правую руку. І мне аднялі вышэй локця…». Шчасце – жывы, гора – пусты правы рукаў на ўсё астатняе жыццё. Ён вярнуўся дамоў – франтавік Андрэй Лявонавіч Зялёнка, чый адрас на трохвугольніку ўмяшчаўся ў адзін радок: палявая пошта 92731. Шаноўны зямляк, які пакінуў нашчадкам у падарунак усё, што завецца мірам.

А вось яшчэ радкі з франтавога пісьма – яно блізенька ад першага ў музейнай гасціннасці. Адказ са шпіталю на ліст моладзі: «15.11.1944 г. Добры дзень, дарагія камсамольцы і камсамолкі! Ад імя параненых байцоў і камандзіраў выносім вам удзячнасць за вашу ўвагу і турботы пра нас. Многія з нас прайшлі з баямі ад Сталінграда да Віслы. Цяпер сярод нас знаходзіцца шмат сыноў Беларусі…». Стрымана, годна, упэўнена гучыць кожнае слова. Хочацца перачытваць гэтыя простыя радкі, у думках маляваць твары рана пасталеўшых ад вайны і на вайне хлопчыкаў, хлопцаў, маладых і больш сталых – каму было наканавана стаць героямі. Будзеце ў музеі Дзяніскавіцкай школы – калі ласка, пачуйце гэта. Летапіс Вялікай Айчыннай мовай франтавых трохвугольнікаў – як прызнанне ў любові жыццю, за якое не шкада было… жыцця. Так бывае. Пацвярджэнняў мноства, напрыклад, Вечны агонь памяці і такія вось экспазіцыі, чыя актуальнасць без тэрміну даўнасці.

Гэта каска – не казка, а суровая быль
Прабітую асколкам чырвонаармейскую каску ў музей перадаў зямляк з Агарэвіч Міхаіл Аскерка. Працаваў у Падмаскоўі, там і вярнула зямля ў чалавечыя рукі гэту скалечаную металічную сведку і ўдзельніцу жорсткага боя, а хутчэй за ўсё, жорсткіх баёў. Ніякіх апазнавальных знакаў – толькі каска. Каму яна належала, што з ім сталася – можна толькі здагадвацца. Яшчэ адзін невядомы салдат, яшчэ адзін ваенны лёс героя, які набліжаў Перамогу. І праз дзесяцігоддзі – стаўленне нашчадка да знойдзенага: даставіць у музей Дзяніскавіцкай школы, таму што «там зберагуць». Жалезны аргумент! Прывёз і перадаў на вечнае захоўванне і паважанне. Каска – не казка, а суровая быль, якую наканавана помніць, забыць нельга.

Гэта не эфектны эпізод мастацкай кінастужкі – жыццёвы ўрок нармальнасці. Таму што патрыятызм – гэта нармальна. Так клапоцяцца пра каштоўнае. Дзякаваць богу, мы не развучыліся шанаваць святое. Больш таго, з часам усё выразней асэнсоўваем яго і звязанае з ім. У адным толькі параўнальна невялікім музеі Дзяніскавіцкай школы столькі матэрыялізаванай памяці – хопіць на тамы даследаванняў і апісанняў гістарычных знаходак. Вось рукапісная «Кніга народнай Славы» аўтарства школьных следапытаў і краязнаўцаў розных гадоў. Матэрыял для яе пачалі збіраць амаль паўсотні гадоў таму. Занатавалі ўспаміны шасці ўдзельнікаў Грамадзянскай вайны і 58 франтавікоў і партызан Вялікай Айчыннай. Перапісаны прозвішчы ўсіх дзяніскаўцаў, каму пашчасціла вярнуцца з вайны. Ёсць тут і свой ваенны мартыролаг – спісы пахаваных у брацкіх магілах вёскі Дзяніскавічы, а таксама землякоў, якія загінулі на фронце, і тых, хто быў закатаваны фашыстамі.
Старонкі перапоўнены болем і гонарам. Іх чытаць-перачытваць дзеля тых, чыімі лёсамі яны напісаны, і дзеля тых, хто чытае іх сёння і будзе гэта рабіць заўтра – з пашанай і слязамі на вачах. Мы абавязкова вернемся да «Кнігі народнай Славы» ў нашых «Музейных гісторыях».
А пакуль лета ў разгары, сваволіць, зачароўвае, выклікае захапленне ўжо ліпенем. Шчодрым, радасным, шчаслівым, ад вызвалення – семдзесят восьмым па ліку, ад Перамогі – семдзесят сёмым.
Таццяна Дзенісеня, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства
ДУА «Дзяніскавіцкі яслі-сад – сярэдняя школа».
Вольга Барадзіна, журналіст.