Тонкі лёд — небяспечны!

З надыходам маразоў на вадаёмах краіны пачаў усталёўвацца першы лёд. Гэта прынесла асаблівую радасць аматарам зімовай рыбалкі, якія рушылі на вадаёмы краіны ў пошуках рыбацкага шчасця. Толькі вось лёд, таўшчыня якога ледзь дасягае 5 — 6 сантыметраў, тоіць сапраўдную небяспеку для жыцця рыбаловаў і не толькі.

super-004

Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Раніцай 20 лістапада каля вёскі Дубоўка Бабруйскага раёна бацька з сынам пайшлі на рыбалку на возера Тарасава. Дадому яны так і не вярнуліся. Сваякі звярнуліся ў міліцыю. На жаль, целы мужчын выратавальнікі знайшлі ў праталіне ў 30 метрах ад берага…

Увечары таго ж дня ў Чавусах, што на Магілёўшчыне, таксама ўтапіўся 65-гадовы аматар зімовай рыбалкі.

А ў мінулыя выхадныя трагедыя адбылася і на Гомельшчыне. На рацэ Днепр, непадалёк ад вёскі Дзеражычы, работнікі Лоеўскага ТВВАД знайшлі цела мужчыны, 1954 года нараджэння.

На Ганцаўшчыне, дзякуй богу, сёлетні зімовы сезон пакуль што абыходзіцца без трагедый. Аднак і ў нашым раёне рыбаловы часта грэбуюць правіламі бяспекі і выходзяць на тонкі лёд, які ў любое імгненне можа не дараваць памылкі…

super-011

У мінулы аўторак разам са старшынёй савета Ганцавіцкага ТВВАД Аляксандрам Монцікам і намеснікам начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні РАНС Яўгенам Сукачом мы пабывалі на пляжы “Паўднёвы” і на вадаёме, што знаходзіцца ля ракі Цна па вуліцы Набярэжнай, і ў чарговы раз упэўніліся, што, на жаль, многія аматары рыбалкі не звяртаюць ніякай увагі на меры бяспекі на лёдзе.

На пляжы “Паўднёвы” рыбу лавіў толькі адзін чалавек. На заўвагі прадстаўнікоў ТВВАД і РАНС, што лёд яшчэ даволі тонкі, рыбак адрэагаваў своеасабліва: “Глядзіце, ён ужо дастаткова моцны!”, — з радасцю сказаў ён і пачаў… падскокваць на лёдзе, што катэгарычна забаронена!!! У любы момант лёд мог не вытрымаць… На шчасце, мужчына не праваліўся, а, выслухаўшы заўвагі Аляксандра Монціка і Яўгена Сукача, пакінуў лёд.

super-014

На вадаёме, што знаходзіца па вуліцы Набярэжнай, рыбаловаў было больш: там у спадзяванні на добры ўлоў рыбачылі чацвёра аматараў зімовай рыбалкі. Прычым адзін з іх, калі ўбачыў чалавека ў форме выратавальніка, чамусьці хутка паехаў з вадаёма. Яшчэ адзін аматар рыбалкі падышоў да нас, выслухаў заўвагі прадстаўнікоў РАНС і ТВВАД  наконт таго, што на тонкім лёдзе знаходзіцца небяспечна і выйшаў на бераг. Двое астатніх рыбаловаў рыбачылі ў пары. І таксама грэбавалі мерамі бяспекі: рухаліся побач адзін з адным, хаця па правілах трэба ісці адзін за адным на адлегласці 5 — 6 метраў. Маладыя людзі выслухалі заўвагі ў свой бок, пагадзіліся з імі і пачалі збірацца дадому.

Акрамя пляжа “Паўднёвы” і вадаёма па вуліцы Набярэжнай, на Ганцаўшчыне яшчэ вельмі шмат месцаў, дзе масава збіраюцца аматары зімовай рыбалкі. Таму яшчэ раз нагадваем усім, што згодна з правіламі аховы жыцця людзей на вадзе, выходзіць на лёд можна толькі тады, калі яго таўшчыня дасягае 7 — 10  сантыметраў. Выходзіць на лёд, калі яго таўшчыня меншая — катэгарычна забаронена!

 

Уладзімір САКАЛОЎ.

НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Монцік і Яўген Сукач тлумачаць рыбалову з райцэнтра аб правілах аховы жыцця людзей на вадзе.

Фота аўтара.