Рухавік прагрэсу

Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Саланевічам наведала СШ № 3 горада Ганцавічы, дзе ў рамках адзінага дня інфармавання адбылася сустрэча з педагагічным калектывам навучальнай установы.

nauka

Сярэдняя школа № 3 для правядзення мерапрыемства выбрана не выпадкова. Па-першае, гэта адна з самых вялікіх школ раёна, у якой навучаюцца каля тысячы дзяцей і працуюць 135 чалавек. Па-другое, вучні  актыўна ўдзельнічаюць у шматлікіх конкурсах і алімпіядах як раённага, так абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.

Аб навуковым патэнцыяле Брэсцкай вобласці прысутным расказала выконваючы абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Бужан. “Навуковае і інавацыйнае развіццё нашай краіны грунтуецца на айчынных навуковых распрацоўках, якія ствараюцца ў навуковых арганізацыях і цэнтрах, у тым ліку і вну. Універсітэты сёння з’яўляюцца ключавымі цэнтрамі развіцця дзяржавы”, — канстатавала Ірына Дзям’янаўна. На Брэстчыне паспяхова дзейнічаюць 4 дзяржаўныя навучальныя ўстановы: Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, Баранавіцкі і Палескі ўніверсітэты, студэнты і выкладчыкі якіх актыўна займаюцца навуковымі распрацоўкамі. Прыгадала Ірына Бужан і рэспубліканскі конкурс “100 ідэй для Беларусі”, які ладзіцца пад эгідай грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Дарэчы, у раённы камітэт БРСМ ганцаўчане летась прадставілі 10 праектаў. І хаця няма на Ганцаўшчыне вышэйшых навучальных устаноў, але навуковая думка тут таксама пульсуе. Напрыклад, напрыканцы кастрычніка мінулага года на базе Ганцавіцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці была праведзена выстава-прэзентацыя лепшых работ тэхнічнай творчасці навучэнцаў. Вучні школ горада і раёна ўдзельнічаюць у канферэнцыях “З навукай у будучыню”, “Ты — геній”, у абласных навуковых конкурсах. Акрамя таго, на базе раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці працуе кансультацыйна-метадычны цэнтр, мэта якога — аказанне дапамогі навуковым кіраўнікам пры распрацоўцы даследчыцкай працы.

Да шчырай размовы запрасіў аўдыторыю старшыня райвыканкама Аляксандр Саланевіч, які расказаў педкалектыву школы пра сітуацыю ў раёне, аб новых інвестыцыйных праектах і кадравым патэнцыяле. Аляксандр Паўлавіч заклікаў выхоўваць маладое пакаленне сапраўднымі патрыётамі сваёй малой радзімы, каб хлопцы і дзяўчаты, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, ехалі працаваць дадому. Аб перспектыве развіцця медыцыны паведаміў галоўны ўрач УАЗ “Ганцавіцкая цэнтральная раённая бальніца” Вадзім Сашко. Начальнік РАУС Аляксей Яроменка закрануў праблему падлеткавай злачыннасці і распаўсюджвання наркотыкаў. Настаўнікі задалі некалькі хвалюючых пытанняў, якія тычыліся абуладкавання кабінета хіміі, дарожнай бяспекі вучняў і жыллёва-камунальнай службы.

Алена Бань.