Умець прыйсці на дапамогу

Фотарэпартаж на gants.by.

Умець прыйсці на дапамогу

20 мая ва ўрочышчы “Горкі” прайшлі традыцыйныя спаборніцтвы сярод санітарных дружын прадпрыемстваў горада і раёна. Яны бяруць пачатак з даўніх, яшчэ савецкіх, часоў, але іх актуальнасць з гадамі не змяншаецца. Галоўная задача спаборніцтваў — праверыць узровень гатоўнасці санітарных фарміраванняў грамадзянскай абароны па выкананні імі пастаўленых задач як у мірны, так і ў ваенны час. Карысць ад дзейнасці сандружын відавочная — навыкі, якія штогод правяраюць на такіх спаборніцтвах, удзельнікі могуць прымяніць у любой экстранай сітуацыі.

img_2745

Удзел у сёлетнім спаборніцтве прынялі каманды 14-ці прадпрыемстваў: ААТ “Бярозавец”, “Агарэвічы”, “Будча”, “Адраджэнне”, “Дубнякі”, “Крышылавічы”, “ЛюсінаАгра”, “Хатынічы”, “Завод “Модуль” , “Ганцавіцкі райаграсэрвіс”, ДЛГУ “Ганцавіцкі лясгас”, Ганцавіцкага завода КПД, камунальнага ўнітарнага прадпрыемства па аказанні паслуг “Ганцавіцкі раённы камбінат бытавога абслугоўвання” і КУШВП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ”.

Першым этапам спаборніцтваў стала праверка табельнага аснашчэння санітарнай дружыны, у якім удзельнікам трэба было прадэманстраваць сваю экіпіроўку і навыкі прымянення процівагаза на сабе і “пацярпелых”. Затым камандам неабходна было аказаць дапамогу хворым пры камбінаваных паражэннях: пералом нагі, апёкі, падзенне з вышыні, траўмы, крывацёк, элементы радыеактыўнага заражэння, а таксама прадэманстраваць правільную транспарціроўку цела на насілках. Пасля сандружыннікі дэманстравалі, як аказваць дапамогу пры хімічным атручванні аміякам, іпрытам і іншымі небяспечнымі рэчывамі, якія ёсць на ўсіх буйных прамысловых прадпрыемствах. А  работа ў ачагу інфекцыйнага захворвання, якая можа адбыцца і ў мірны час, стала чацвёртым этапам спаборніцтваў. Завяршэннем спаборніцтваў стаў тэарэтычны конкурс, у якім бралі ўдзел камандзіры дружын і адна сандружынніца.

Паралельна на галоўнай сцэне ўрочышча праводзіўся конкурс мастацкай самадзейнасці каманд-удзельніц і конкурс на лепшую насценгазету.

Па выніках усіх спаборніцтваў месцы размеркаваліся наступным чынам: першае месца ў агульнакамандным заліку заняла сандружына ААТ “Завод “Модуль”, другое — на рахунку КУШВП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ”, трэцяе — ДЛГУ “Ганцавіцкі лясгас”. Лепшым камандзірам санітарнай дружыны прызнаны галоўны інжынер ААТ “Агарэвічы” Максім Люкіш, а ў конкурсе мастацкай самадзейнасці перамагла каманда ААТ “Адраджэнне”. Другое і трэцяе месцы занялі Ганцавіцкі КПД і ААТ “Завод “Модуль” адпаведна. У конкурсе насценнага друку лепшай стала сандружына ААТ “Агарэвічы” , другое месца на рахунку ДЛГУ “Ганцавіцкі лясгас”, трэцяе — ААТ “Бярозавец” .

Аляксей КАПУСЦІН.