Суперкубак у каманды “ПМС”!

3 ліпеня ў Ганцавічах на стадыёне ДЮСШ прайшоў футбольны матч за суперкубак Ганцавіцкага раёна, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Па традыцыі ў гульні за суперкубак сустрэліся мінулагодні чэмпіён раёна — малькавіцкая каманда “АверсЛес” і ўладальнік кубка — футбалісты ганцавіцкага “ПМС”. У мінулым сезоне каманды сустракаліся паміж сабой двойчы: у чэмпіянаце перамогу з лікам 2:1 атрымала малькавіцкая каманда, а ў фінальным матчы Кубка на прызы раённай газеты “Савецкае Палессе”, памяці Васіля Фёдаравіча Праскурава мацней аказаліся футбалісты “ПМС” — 5:1, таму многія прыхільнікі футбола з нецярпеннем чакалі чарговага супрацьстаяння гэтых каманд.

Аднак на самай справе барацьбы не атрымалася. У першым тайме на поле назіралася больш-менш роўная гульня. Лік у сустэчы маглі адкрыць як футбалісты “ПМС”, так і “АверсЛеса”. У выніку, да перапынку “меліяратары” двойчы здолелі адправіць мяч у сетку варот саперніка. А вось у другім тайме перавага каманды “ПМС” была больш відавочнай, і як вынік, фінальны свісток арбітра зафіксаваў звышупэўненую перавагу мінулагодніх уладальнікаў кубка. Канчатковы лік сустрэчы — 8:1, на карысць каманды “ПМС”.

Па заканчэнні сустрэчы пераможцы фінальнай сустрэчы былі ўзнагароджаны галоўным прызам — суперкубкам раёна.

Уладзімір ЗАНЬКА.

НА ЗДЫМКУ: уладальнік суперкубка Ганцавіцкага раёна — каманда “ПМС”.

Фота Алы ПЯТЛІЦКАЙ.