За людзей нераўнадушных, ці Няхай вам шчасціць!

Выйшла вечарам на вуліцу: ліхтар на блізкім слупе, відаць, узяў выхадны. Цемра неверагодная. Затое неба выткана надзвычай яркімі зоркамі, быццам іскрынкі бенгальскіх аганькоў склаліся ў неверагодна прыгожы ўзор. Пераднавагоддзе. Звычайны цуд. Чалавек, незалежна ад узросту, адчувае ўсімі фібрамі душы нейкае асаблівае чаканне: хутка галоўная ноч года. Віншаванні, падарункі, пасьянс прадказанняў і запаветнае жаданне, пра якое трэба ўспомніць у вядомы ўсім нам час. Прыдумана і прадумана меню святочнага стала, прыгатаваны ласункі, якія ўсім прыйдуцца па смаку і ў дадатак задобраць сімвал 2022-га – Тыгра. Так-так, нам да гараскопаў спраў няма, але тым не менш…
Давайце будзем жыццялюбамі. І крышачку філосафамі. Роўна настолькі, каб адчуць унікальнасць імгнення, дакладней, мірыяд імгненняў. Цякуць адно за адным, бесперапынна, нястрымна і нястомна, бы змесціва пясочнага гадзінніка. Абавязкова паглядзіце сёння на каляндар: 31.12. 2021. Апошні дзень года. 86 400 секунд-імгненняў звычайных сутак напоўнены водарам хвоі і мандарынаў, упрыгожаны рознакаляровымі шарамі і мішурой на пушыстых лапах. Такі своеасаблівы «пароль» навагоддзя. 86 400 секунд-імгненняў – цэлыя 24 гадзіны зімы, поўныя суткі жыцця. І верыцца ў цуд, і так хочацца цуда, і мара падміргвае з сузор’я Вялікай Мядзведзіцы ці Вадалея, і, здаецца, чуваць спеў салодкагалосай птушкі ўдачы.
У любімага свята, якое раскрывае абдымкі радасці, натхнення, паэтычных думак і ўзнёслых пачуццяў, шмат прыкмет, атрыбутаў і традыцый. Без чаго яшчэ немагчыма ўявіць яго? Ну, безумоўна, без тостаў, урачыстых і жартаўлівых, філасофскіх і крышачку легкадумных, але абавязкова – шчырых. Прапаную свой, з найлепшых пачуццяў і перакананняў: за людзей нераўнадушных! За тых, чыя хата не з краю, чыё сэрца відушчае, хто чуе маўклівы крык у чужых вачах, хто заўсёды гатовы адгукнуцца і дапамагчы, чыя сардэчная дастатковасць агеньчыкам дабрачыннасці і свеціць, і сагравае іншых. Такіх людзей – нераўнадушных, ненавязліва чулых, абавязковых – шмат. Іх пераважная большасць. Проста ў будзённай мітусні нешта добрае не заўважаецца, штосьці ўспрымаецца, як дзяжурнае, належнае, само сабой зразумелае. Згадзіцеся, што крык SOS, сігнал трывогі гучаць мацней, чым сціплае шчырае «дзякуй».
А навагоддзе ва ўсю гаспадарыць і ў думках, і ў справах. Салютуе ілюмінацыяй, свеціцца захапленнем на дзіцячых тварах, водзіць карагоды ля ёлак, радуе падарункамі, спраўджанымі надзеямі… Яно такое непрадказальна-цудоўнае. І разам з тым – прагматычнае і рацыянальнае, ва ўсякім выпадку, сёлета: прыпала ж на выхадныя дні, і ў панядзелак пачнецца першы працоўны тыдзень 2022 года.
У бліжэйшай перспектыве два месяцы зімы з усімі яе завядзёнкамі і сюрпрызамі, святамі і буднямі, справаздачамі і новымі планамі. І доўгія вечары, і своеасаблівы расклад, і спецыфіка зімовага «жанра», калі ў марозна-снежна-чысцюткім дызайне не толькі наваколле, але жаданні таксама, настрой – тым больш. Дарэчы, наконт доўгіх вечароў. Самы кароткі дзень даўжынёй 7 гадзін 23 хвіліны 44 секунды (па Мінску) быў 21 снежня. А сёння ўжо адзначана «вегетацыя», праўда, вокам яшчэ незаўважная: светлавы дзень «падрос» на 6 хвілін. Столькі імгненняў ён адабраў ад ночы. Гэты далікатны напамін пра вясну здаецца пакуль занадта раннім, таму што мяжа снежня і студзеня, першая палова зімы, у самым росквіце зіхаціць навагоддзе. І такая спакуса: ледзяшы бы з казкі; санкі-лыжы-канькі – калі ласка; Дзед Мароз і Снягурка кожны вечар чакаюць дзятву ля ёлкі, і маладых чакаюць, і сталых.
Новы год і Каляды – традыцыя радасці, светлых чаканняў. Верыце ў гараскопы? Яны абяцаюць… вясну і ўдачу. Не даспадобы вам астралогія? Дык усё роўна чакаецца вясна, і астранамічны каляндар ужо засведчыў тэндэнцыю!
Няхай наступны, 2022 год будзе «двоечнікам» толькі лічбавым, а па сутнасці стане стваральным і радасным. Хаця пры чым тут лічбы? Мы іншы раз бываем злёгку нераўнадушныя да сімвалаў. І ў век высокіх тэхналогій душа просіць чагосьці далёкага-далёкага – адтуль, ці не з пячорнага кастра… Гэта не хвароба, не загана. Скажам так, «фальклорны» элемент… ці проста рудымент. А вось сілкуе яе, узбагачае іншае – вера, надзея, любоў. А яшчэ вынікаючыя з азначанай трыяды жаданне і ўменне рабіць дабро. І навагодне-калядныя дні даволі дакладна тэсціруюць маральную вартасць кожнага. Я зноў пра дабрачыннасць і пра людзей нераўнадушных. Спадзяюся, гэта пра нас. У скарбонцы дабрачынных спраў заўсёды ёсць месца для яе папаўнення. Цяпер вось акцыя, далёка не першая – чарговая – падказала, запрасіла, прапанавала: ажыццявім дзіцячыя мары! Дарэчы, «Свята здзяйснення жаданняў» мае права стаць святам, якое заўсёды з намі, шаноўныя, нераўнадушныя землякі. Святкуем разам?! І няхай вам шчасціць!
Вольга БАРАДЗІНА.