Праект «Топ-5 самых класных жанчын». Ганна Сарокава

Па прафесіі Ганна Сарокава – псіхолаг. Рабоце па спецыяльнасці ва ўстановах адукацыі Ганцаўшчыны гэтая жанчына прысвяціла больш як 15 год. Сёння цяжка сказаць, што ў юнацтве стала штуршком для выбару такой не зусім звычайнай жыццёвай сцяжыны. Магчыма, тое, што вырасла, як кажа сама, у сценах мясцовага ліцэя, дзе настаўнікамі былі мама і тата – Вольга Аляксандраўна і Канстанцін Аляксандравіч Коўш. Да таго ж менавіта тут адбылася і лёсавызначальная сустрэча з Верай Якаўлеўнай Палазок, якая якраз працавала псіхолагам у навучальнай установе…

Так ці інакш, самастойнае жыццё нашай гераіні пачалося з асваення тонкасцей сталічнага побыту ў ролі студэнткі-першакурсніцы факультэта прыкладной псіхалогіі педуніверсітэта імя Максіма Танка. Летуценная студэнцкая пара праляцела непрыкметна, пакінуўшы ўсё ж свой адбітак на лёсе дзяўчыны. Ці было цяжкім развітанне са сталіцай? Магчыма. Ды толькі ўсёй істотай імкнулася малады спецыяліст на сваю малую радзіму – у гарадок Ганцавічы, які прытуліўся сярод лясоў і балот беларускай глыбінкі.

Азіраючыся на не такое і далёкае мінулае, жанчына дакладна ўсведамляе, што ў той час вельмі хацелася быць бліжэй да сям’і, у якой і сёння вельмі трывалымі застаюцца роднасныя сувязі. У памяці трывала жыве, як у дзяцінстве з братам Вадзімам яны са стоеным чаканнем назіралі: нядзельным ранкам мама пячэ бліны, а тата гатуе смачнейшую ў свеце мачанку. Як вольным часам дружна кіраваліся да бабуль і дзядуль, каб дапамагчы ім у звычных сялянскіх клопатах…

Яны дагэтуль вялікай сям’ёй збіраюцца ўсе разам за сталом на святы, падтрымліваюць адно аднаго ў дні цяжкіх выпрабаванняў. Восем год таму, калі не стала бацькі, вытрымаць горкую страту дапамаглі менавіта родныя людзі… Але ж не будзем забягаць наперад.

Неўзабаве наваяўлены псіхолаг прыступіла да работы ў СШ № 2 г. Ганцавічы. Першае рабочае месца было часовым, і займаць яго давялося ўсяго адзін месяц, пакуль не вызвалілася пастаяннае ў СШ № 3. Ды толькі гэтага кароткага перыяду ўпаўне хапіла дзяўчыне, каб крута змяніць лёс. Яна закахалася.

Выбраннікам стаў калега Сяргей Сарокаў. Маладыя ажаніліся, а праз некаторы час сталі мамай і татам цудоўнага малыша – сына Паўліка. Няма нічога дзіўнага ў тым, што набытыя веды ў такой складанай навуцы, як псіхалогія, у нечым дапамагалі ладзіць трывалую сям’ю, бо і сёння яна з’яўляецца ўзорам узаемаадносін паміж мужам і жонкай.

Адначасова ішло сталенне ў прафесіі: з часам Ганна Канстанцінаўна ўзначаліла раённае метадычнае аб’яднанне псіхолагаў, перадаючы веды і вопыт іншым калегам. Варта сказаць, што да таго часу яна займела вядомасць добрага спецыяліста. Да яе ахвотна звярталіся дзеці, ішлі па парады бацькі. Разбіраючыся ў хітраспляценнях узаемаадносін дарослых і падлеткаў, псіхолаг амаль заўсёды праз прызму ўласных перажыванняў прапускала іх праблемы. Нярэдка гэта станавілася прычынай таго, што ўспрымаліся чужыя беды як уласныя.

Цяжка сказаць, ці адбылося б прафесійнае выгаранне такога апантанага спецыяліста. «З часам кожнаму псіхолагу патрэбен свой псіхолаг», – любіць паўтараць Ганна Сарокава. У пэўным сэнсе ад гэтага яе засцярог новы круты паварот у жыцці. Адзінаццаць год таму Ганне Канстанцінаўне прапанавалі абсалютна новую работу – галоўным спецыялістам у раённым Савеце дэпутатаў. Як сёння нярэдка  гаворыць сама, ад практычнай дзейнасці давялося перайсці на паператворчую. Гэта, вядома, жарт, бо дэпутацкі корпус, з якім непасрэдна працуе галоўны спецыяліст, мае непасрэднае дачыненне да вырашэння надзённых праблем жыццезабеспячэння насельніцтва раёна. Ідуць у райсавет землякі з самымі рознымі патрэбамі. І вось тут навыкі псіхолага іншы раз як нельга дарэчы.

– Іншы раз нават па паводзінах наведвальніка можна меркаваць, наколькі ён шчыры, устрывожаны ці пакрыўджаны, – усміхаецца Ганна Канстанцінаўна. – Здараецца, чалавека дастаткова ўважліва выслухаць, як крыўда адыходзіць на другі план.

Праўда, так бывае далёка не заўсёды. І хоць звяртаюцца людзі з адвечнымі клопатамі (будзь то добраўпарадкаванне населеных пунктаў, асвятленне вуліц, рамонт дарог, арганізацыя работы гандлю ці якія іншыя турботы), прадстаўнічая ўлада заўсёды трымае іх на кантролі. Працуюць суладна з раённым выканаўчым камітэтам, кіраўнікамі мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый, якіх, дарэчы, нямала ў дэпутацкім корпусе раёна.

Сёння са словамі ўдзячнасці ўспамінае наша суразмоўніца свайго першага настаўніка ў новай прафесіі, былога старшыню раённага Савета дэпутатаў Віктара Дразда.

– Выдатна, што гэтыя добрыя традыцыі, закладзеныя папярэднікам, удала працягвае яго пераемнік Юрый Шапель. Нягледзячы на строгасць і прынцыповасць, ён заўсёды ўважліва ставіцца да праблем простага люду. За гэта паважаюць яго землякі.

На пытанне, што найбольш турбуе сёння асабіста яе, на хвілінку задумаўшыся, адказала:

– Праблема маладых спецыялістаў. Дакладней сказаць, тое, як затрымаць іх на Ганцаўшчыне. Не сакрэт, што хто-ніхто, прыехаўшы сюды па размеркаванні, пасля абавязковай адпрацоўкі месцам пастаяннага жыхарства выбірае іншыя мясціны.Таму і застаюцца пэўныя кадравыя праблемы ў сельскай гаспадарцы, медыцыне… Як іх вырашаем? Вядома ж, стараемся стварыць для моладзі годныя ўмовы працы і адпачынку: клапоцімся пра жыллё, сочым за тым, каб кіраўніцтва на рабоце прапаноўвала добры сацыяльны пакет. Урэшце, проста стараемся часцей сустракацца, каб, умоўна кажучы, трымаць руку на пульсе.

Трымаць руку на пульсе стала добрым правілам для Ганны Сарокавай. Асабліва адчувалася гэта ў час падрыхтоўкі да нядаўняй палітычнай кампаніі – рэспубліканскага рэферэндуму па пытаннях унясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Напярэдадні важнай падзеі Ганна Канстанцінаўна разам з іншымі самы непасрэдны ўдзел брала ў арганізацыі сустрэч  з землякамі, у ходзе якіх ім тлумачылі навацыі Асноўнага Закона, а ў сам дзень рэферэндуму ўзначаліла місію назіральнікаў на ўчастку для галасавання, які знаходзіўся ў СШ № 1. Дзелячыся ўражаннямі, яна падкрэслівае добразычлівую атмасферу, якая панавала 27 лютага, узнёслы настрой землякоў, іх актыўнасць і разуменне гістарычнасці моманту.

– Усе разам мы выбіралі сваё будучае, – падкрэслівае суразмоўніца.

Сёння яна не імкнецца зазірнуць далёка наперад: як і многія з землякоў, жыве сённяшнім днём. Шчыра трывожыцца за падзеі ў суседняй Украіне і просіць лёс быць літасцівым да Беларусі, застаючыся ўпэўненай у тым, што менавіта з Сінявокай будзе звязана сцяжына яе сына. Павел сёлета атрымае ў БНТУ дыплом інжынера-канструктара. Спецыялізацыя, якую паспяхова асвоіў на аўтатрактарным факультэце, вельмі запатрабаваная, таму разам з аднагрупнікамі ён застаецца ў сталіцы.

Напярэдадні жаночага свята мама, як заўсёды, будзе чакаць сваю крывінку дадому. Разам з татам у чарговы раз сын пастараецца здзівіць яе прыемнасцямі. Зразумела, будуць кветкі, цёплыя словы і падарункі, найдаражэйшы з якіх – сардэчная любоў самых родных у свеце мужчын.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

Фота Алы ПЯТЛІЦКАЙ.