Праект «Топ-5 самых класных мужчын». Вадзім Агалец

Вадзім Агалец – асоба на Ганцаўшчыне дастаткова вядомая. Сёння ўжо мала хто памятае яго ў форменным адзенні Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, дзе наш суразмоўца праслужыў паўтара дзясятка гадоў, а больш ведаюць як дырэктара прыватнага гандлёвага прамысловага ўнітарнага прадпрыемства «Аверслес» – чалавека, які ўдала сумяшчае штодзённыя клопаты бізнесмена з грамадскімі абавязкамі. Дастаткова сказаць, што Вадзім Сцяпанавіч з’яўляецца дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, членам Малькавіцкага сельвыканкама. Яму неабыякавы лёс малой радзімы, таму турботы землякоў застаюцца блізкімі і зразумелымі.

У жніўні сёлетняга года ПГПУП «Аверслес» адзначыць маленькі юбілей. Дзесяць гадоў таму на аўкцыёне Вадзім Агалец набыў у Малькавічах паўразбураныя будынкі колішняга КБА, а ў дадатак – 2 гектары тэрыторыі, якая даўно не бачыла гаспадарскай рукі. Больш як паўтара года «энтузіяст ад бізнесу» наводзіў парадак: з памагатымі разбіралі аварыйныя будынкі, рамантавалі тыя, што яшчэ маглі паслужыць, падводзілі камунікацыі, прыстасоўваючы ўласнасць пад будучую вытворчасць. А размясціць тут планавалі станкі і прылады для глыбокай перапрацоўкі драўніны.

Варта сказаць, што наваяўлены бізнесмен хоць і не меў спецыяльнай адукацыі і асаблівага вопыту, адразу зразумеў: выпускаць трэба тое, што мае высокую дабаўленую вартасць. Менавіта таму праз некаторы час ад прымітыўнай перапрацоўкі сырой драўніны перайшлі да выпуску паганажных вырабаў – блокхауса, вагонкі, імітацыі бруса, а таксама прафіляванага бруса для ўзвядзення жылых дамоў, лазняў, іншых гаспадарчых пабудоў.

Вадзім Сцяпанавіч не ўтойвае, што напачатку неаднаразова даводзілася «зацягваць паясы», кожны зароблены рубель укладваючы ў развіццё вытворчасці і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Штогод набывалі сёе-тое з тэхнікі, і сёння ў «Аверслесе» ёсць усё неабходнае для эфектыўнай работы, якая прыносіць задавальненне. Прычым не толькі дырэктару. Зараз пад яго кіраўніцтвам працуюць 15 чалавек. Усе – высокакваліфікаваныя спецыялісты. Дарэчы, амаль усе яны – мясцовыя жыхары, якія набылі спецыяльнасці станочнікаў, вальшчыкаў лесу, аператараў франтальных пагрузчыкаў за кошт роднага прадпрыемства. Яны даражаць работай, годнымі заробкамі і калектывам, у якім гарантаваны выдатны сацыяльны пакет, таму тут адсутнічаюць парушэнні працоўнай дысцыпліны.

Немалая заслуга ў гэтым прафсаюзнай арганізацыі. Стварылі яе не так даўно – усяго 5 гадоў таму, але за кароткі час грамадская структура паспела заявіць пра сябе з самага станоўчага боку. А летась увогуле стала лепшай сярод аналагічных у вобласці.

Шануючы традыцыі, тут ганарацца працоўнымі дынастыямі, якія ўтварыліся на прадпрыемстве. Ды і сам бізнес з часам набыў рысы сямейнага: з медработніка перакваліфікавалася ў бухгалтара жонка Вадзіма Агальца Таццяна, а потым перайшла сюды на працу і сястра Вольга.

Сёння «Аверслес» ведаюць далёка за межамі Ганцавіцкага раёна. Прадпрыемства застаецца на плыні, упэўнена працуючы не толькі на ўнутраным рынку. Яго прадукцыю чакаюць у Польшчы, Галандыі, Літве і Германіі. Прычым пастаўляюць туды не сыравіну, а гатовыя струганыя вырабы.

Расказваючы пра справу жыцця, якой стала дрэваапрацоўка, Вадзім Сцяпанавіч неаднаразова падкрэслівае, што грошы аніяк не павінны быць самамэтай. У яго выпадку прыбытак – гэта абавязковыя інвестыцыі ў вытворчасць, яе мадэрнізацыю. А яшчэ – выдатная магчымасць прыйсці на дапамогу тым, каму яна вельмі патрэбна. Заўважце, што даведалася пра гэты бок дзейнасці бізнесмена ад іншых людзей. У прыватнасці, ад старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» Алены Купрэвіч, якая расказала, што Вадзім Агалец уваходзіць у лік асноўных фундатараў усіх мерапрыемстваў, праводзімых арганізацыяй. Прычым гэта не толькі падарункі да традыцыйных святаў. Сёння нельга падлічыць, колькім малышам, чый свет абмежаваны сценамі пакоя, гэты чулай душы чалавек падарыў веру ў лепшае, спраўдзіўшы іх маленькія мары.

Не шкадуе ўдзячных слоў у адрас земляка і старшыня Малькавіцкага сельвыканкама Таццяна Літвіновіч.

– Сёння нават не здолею прыгадаць агульнаграмадскія справы, у якіх Вадзім Сцяпанавіч не ўдзельнічаў. Зрэзваем старыя дрэвы на могілках – яго тэхніка там. Наводзім парадак у населеных пунктах сельсавета – «Аверслес» з намі. Ладзім святы вёсак – прадпрыемства ў ліку фундатараў. А колькі разоў звярталіся да Вадзіма Сцяпанавіча па дапамогу для адзінокіх пажылых грамадзян! Не паспее аглядная камісія прайсці па дварах, як прадпрымальнік сам цікавіцца вынікамі яе работы. Не дзіўна, што пасля гэтага састарэлым людзям аператыўна прывозяць абрэзкі драўніны, каб у дамах было цёпла і ўтульна.

Ды і ў іншых патрэбах гэты чалавек ніколі не адмаўляе. Вельмі ўдзячны яму землякі!

Тут варта ўдакладніць, што нарадзіўся Вадзім Агалец не ў Малькавічах, а ў суседнім Люсіне. Там жа некалі купіў старую хату, у якой пасля зусім нешыкоўнай рэканструкцыі доўгі час жыла сям’я з двума дзецьмі. І толькі летась гаспадар задумаўся пра тое, каб узвесці новы дом. Зараз ён – на стадыі завяршэння. Трэба спадзявацца, што менавіта сюды пасля службы ў арміі вернецца сын Дзмітрый. Сюды ж на студэнцкія канікулы будзе прыязджаць дачка Ірына, якая ў сталіцы вучыцца на лагапеда ў педуніверсітэце імя Максіма Танка.

Даць годную адукацыю, выгадаваць сапраўднымі грамадзянамі краіны сына і дачку – запаветная мара бацькі. А яшчэ ён спадзяецца, што Дзмітрый з часам абавязкова працягне яго справу, бо і ён сам у пэўным сэнсе пайшоў па сцяжыне бацькі і дзядулі, якія прысвяцілі сваё жыццё лесу. Нягледзячы на тое, што ад прафесіі ляснічага яго сённяшняя спецыяльнасць адрозніваецца кардынальна, Вадзім Агалец любіць паўтараць, што за сваё жыццё пасадзіў вялікае мноства дрэў. Дарэчы, колькі гадоў таму існавала правіла: на месцы дзялянак, дзе вальшчыкі «Аверслеса» зрэзвалі дрэвы, абавязкова трэба было пасадзіць маладыя саджанцы. Патрабаванне выконвалася няўхільна. Час, праўда, мяняецца, і сёння самастойнай нарыхтоўкай драўніны прадпрыемства амаль не займаецца, купляючы яе на біржы, але гэта зусім не перашкаджае актыўна ўдзельнічаць ва разнастайных акцыях па пасадцы дрэў. А колькі кварталаў лесу ўдалося выратаваць ад знішчальнага агню ў перыяд засухі! У пажаранебяспечны перыяд тэхніка прадпрыемства заўсёды працуе нароўні з работнікамі лясгаса і выратавальнікамі.

Так сталася, што на заканчэнне размовы задала Вадзіму Сцяпанавічу пытанне, якое часта гучыць падчас сустрэч з падрастаючым пакаленнем у школах, дзе ён – часты госць: «Як стаць паспяховым і самадастатковым?». Адказ не здзівіў:

– У жыцці заўсёды павінна быць мэта. Калі яна ёсць – ёсць сэнс працаваць, ісці наперад, каб спраўдзіць намечанае. А яшчэ нам усім трэба не развучыцца марыць і заўсёды імкнуцца рабіць дабро. Паверце, яно заўсёды вяртаецца, робячы жыццё кожнага больш адухоўленым і светлым.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.