Пташук назаўсёды, ці Неразбуранае гняздо

Мне пашчасціла з ім двойчы: па-першае, быць ягонай зямлячкай і, па-другое, ведаць асабіста. Гэта пра Пташука, знакамітага, сусветна вядомага рэжысёра Міхаіла Пташука. Таго самага, чые кінастужкі станавіліся класікай сучаснага кіно адразу пасля выхаду на экран. Таго – заслужанага і народнага, лаўрэата ўсялякіх, самых значных і знакавых кінапрэмій. Таго, чые фільмы і сёння не маюць патрэбы ў рэкламе – настолькі яны папулярныя, любімыя, запатрабаваныя глядацкай увагай; столькі ў іх праўды, філасофіі, годнасці. Ён не прадаўжальнік сямейнай кінадынастыі, не вырас у мастацкім асяроддзі – сялянскі хлопчык ваеннага года нараджэння. Але…
«Лясныя арэлі» (1975), пяцісерыйны «Час выбраў нас» (1978), «Вазьму твой боль» (1980), двухсерыйны «Чорны замак Альшанскі» (1984), «Знак бяды» (1986), «Наш браняпоезд» (1988), «Кааператыў «Палітбюро» (1992), «Гульня ўяўлення» (1995), «Макбет» (1995), «У жніўні 44-га…» (2000), «Песня Розы» (2001) – ім быў наканаваны поспех адразу і назаўсёды, а рэжысёру – аднаму на ўсе гэтыя шэдэўры – адданая прыхільнасць гледачоў і вышэйшая адзнака журы самых прэстыжных кінафестываляў. За творчасць, талент, працу, найвялікшы прафесіяналізм.
…Памятаю той пятнічны вечар 21 кастрычніка 1994 года, што называецца, у дэталях. Напрыканцы рабочага дня ў рэдакцыйны кабінет, дзе я і калега перад выхаднымі заканчвалі змагацца са стосамі папер, блакнотаў, сшыткаў на нашых сталах, зазірнуў незнаёмец у скураной куртцы. Высокі, мажны, з рыжынкай у шавялюры, пад пахай ён трымаў папяровы пакет з яблыкамі. Папрасіў прабачэння, што позна, што крыху затрымае, патлумачыў, што ён наш, федзюкоўскі, прыехаў на малую радзіму і хацеў бы праз газету падзякаваць землякам за ўвагу да яго працы, за добрыя словы і віншаванні, за высокую ацэнку яго творчасці… Называць сябе яму не спатрэбілася: немагчыма не пазнаць Міхаіла Пташука!
А потым ужо не зважалі на час, заварвалі каву, елі яблыкі, і мы з калегай затаіўшы дыханне слухалі непераўзыдзенага суразмоўцу. І не толькі таму, што гучалі недасягальныя прозвішчы і назвы: Шукшын, Гасцюхін, «Ніка», «Залаты Віцязь», гран-пры, міжнародны кінафестываль, а таму што ён выпраменьваў жыццё. Хацелася слухаць гэты захапляльны, ні з якім іншым не параўнальны расповед. Пра вёску і дзяцінства, пра любімую маму, пра родную хату, пра першую сустрэчу з кіно. Хачу працытаваць радкі з інтэрв’ю з Міхаілам Пташуком (мой – журналісткі-раёншчыцы – асабісты эксклюзіў): «Калі ў маю родную вёску прывозілі кіно, я першым імчаўся за белым палатном для экрана, за што дазвалялася глядзець фільм бясплатна. Гэта былі самыя шчаслівыя імгненні. Потым да нас прыехаў тэатр, і я глядзеў спектакль. А пасля, помню, нібыта гэта было ўчора, падышоў да акцёраў і сказаў, што тыя не так іграюць. Рэжысёр тэатра згадзіўся і заўважыў: «Быць табе рэжысёрам». Маленькі вясковы хлапчук не ведаў, што зрабіў крок да сваёй будучыні. Потым я нават іграў у Баранавіцкім народным тэатры. Але гэта ўсё было прэлюдыяй.
Я паступіў у Тэатральнае вучылішча імя Шчукіна пры тэатры імя Вахтангава, паступіў адразу пасля школы. Конкурс там заўсёды быў страшэнны, але ж мне пашанцавала. Ніякай падтрымкі звонку ў вясковага беларускага хлопца не было».
І яшчэ словы Пташука: «Лёс падараваў мне сустрэчу з цудоўным чалавекам, акцёрам, рэжысёрам і педагогам Васіліем Шукшыным. У яго я праходзіў практыку і дыпломную сваю работу здымаў па сцэнарыі Васілія Макаравіча. Называўся сцэнарый «Шлагбаум», а фільм я назваў «На абочыне». Ён пра маленькага хлопчыка, які гнаў праз пераезд карову і там, ля пераезду, сустрэўся з гараджанамі, што на сваёй бліскучай легкавушцы спыніліся, каб прапусціць цягнік. Два супрацьлеглыя здзіўленні, два светапогляды, два розныя жыцці ў маленькім эпізодзе сустрэчы.
Шукшын неаднойчы гаварыў мне: «Калі мы з табой не раскажам пра вёску, то хто без нас гэта зробіць?» І я заўсёды памятаю гэтыя словы.
Мы вучыліся ўсё жыццё, але нічога не ведаем пра сябе. Мы абавязаны ведаць сваю гісторыю».
Вялікі Майстар і зямны чалавек. Сусветная вядомасць і прыцягненне малой радзімы. Некалькі гадзін размовы, правільней, ягонага маналога, а, здавалася, быццам знаёмыя даўно. Быў сур’ёзны і жартаваў. Расказваў са смехам, што Вадалей, і тут жа сурёзна – пра пасляваеннае дзяцінства (нарадзіўся 28 студзеня 1943 года). Гаварыў пра кіно і літаратуру, пра тое, што беларускіх пісьменнікаў ён, рэжысёр-беларус, адчувае і розумам, і сэрцам. Ды ў гэтым і пераконваць не трэба, дастаткова хоць сёння паглядзець пташукоўскую экранізацыю твораў Быкава, Караткевіча, Шамякіна.
У дзясятку лепшых рэжысёраў Еўропы ўвайшоў пасля «Знака бяды». А «У жніўні 44-га…» стаў адным з лепшых кінатвораў на ваенна-патрыятычную тэматыку. «Я вырас сярод слёз. Мне і сёння здаецца, што вочы мае бачылі толькі слёзы, а вушы чулі толькі плач. Я бачыў і чуў іх у кожнай хаце: плакалі бабы, якія засталіся ўдовамі пасля вайны, плакалі дзеці, якія сталі сіротамі, плакалі бацькі, якія страцілі дзяцей.
У Федзюках не было дома без сірот. Такім домам быў і наш, які стаяў у цэнтры вёскі, тварам да Палесся, дзе за Шчараю-ракою пачыналася вечная багна…» – гэта з ягонай споведзі. Пад назвай «І плач, і слёзы…» яна ўвайшла ў кнігу «Міхаіл Пташук» (2004).
Пры нашай першай сустрэчы Пташук расказваў пра свой фільм, на той час апошні, які сабраў сапраўдны ўраджай узнагарод. Сярод іх – Гран-пры ў Стакгольме на міжнародным кінафестывалі ўсіх славянскіх народаў, стаў пераможцам Маскоўскага кінафэста, яму быў прысуджаны «Залаты Віцязь». Але беларускія аматары кіно гэту стужку яшчэ не бачылі. Рэжысёр гатовы пры першай магчымасці прывезці яе на Ляхавіччыну і арганізаваць тут прагляд. Падкрэсліў, што для яго вельмі важная ацэнка землякоў, іх меркаванне пра фільм. Размова ішла пра «Кааператыў «Палітбюро».
Роўна праз год пасля інтэрв’ю Міхаіл Мікалаевіч стрымаў сваё слова і прыехаў у Ляхавічы. Разам з ім – нашы таленавітыя землякі – паэты і пісьменнікі Леанід Пранчак і Алесь Бадак. Іх творчыя сустрэчы адбыліся з жыхарамі райцэнтра і вёскі Тухавічы. У той раз Міхаіл Пташук прэзентаваў-такі на малой радзіме «Кааператыў «Палітбюро». Дарэчы, сцэнарый фільма напісаў вядомы гледачам па фільму «Раманс пра закаханых» Яўгеній Грыгор’еў.
Зноў быў кастрычнік, толькі ўжо 1995 года. Адзін з удзельнікаў сустрэчы пакінуў мне ў падарунак сваю кнігу з аўтографам, якую ён у той раз прэзентаваў. «На жаль, не магу пакінуць табе аўтограф на бабінах «Кааператыва», – засмяяўся Міхаіл Пташук і… падпісаў яшчэ адзін экзэмпляр прэзентацыйнага выдання, «пазычаны» ў пісьменніка-земляка. Цёплы, усмешлівы ўспамін.
…26 красавіка споўніцца 20 гадоў, як пайшоў з жыцця Майстар. Дарожная аварыя ў цэнтры Масквы. Ён спяшаўся на прысуджэнне прэміі «Ніка». За тыдзень да гэтага вярнуўся з Галівуда, дзе зняў фільм «Песня Розы». Апошняя рэжысёрская і, наогул, апошняя работа Міхаіла Пташука.
Пасля гэтага яго імя ў райцэнтры пачала насіць адна з вуліц. А ў сямі кіламетрах ад Ляхавіч, у вёсачцы Федзюкі, на адным з дамоў з’явілася мемарыяльная дошка: партрэт прыгожага чалавека ў скураной куртцы і надпіс «Тут нарадзіўся і жыў кінарэжысёр, народны артыст Беларусі Міхаіл Пташук (1943 – 2002 гг.)». Пташукоўскае гняздо.
Вольга БАРАДЗІНА.