Сіндром згарання
Алкагалізм — адна з самых страшных хвароб. Алкаголь разбурае сем’і, пазбаўляе шчаслівага дзяцінства непаўналетніх, з дарослых робіць жудасных пачвар, якія кідаюць на волю лёсу сваіх дзяцей. Пачынаецца ўсё даволі банальна: келіх піва пасля работы, чарка гарэлкі за кампанію — і пайшло, і паехала. Чалавек нават і не заўважае, як апынаецца ў пекле. Пачынаюцца праблемы на працы і дома. Жыццё блізкіх чалавека, які пакутуе ад алкагольнай залежнасці, становіцца невыносным. У выніку — сваркі, бойкі ў сям’і, якія неўзабаве прывядуць на турэмныя нары, і назаўсёды разбітыя, паламаныя чалавечыя лёсы. Патрэбна своечасова спыніцца і задумацца над тым, што жыццё даецца ўсяго адзін раз.
Аб праблеме алкагалізму вялася гаворка падчас відэадыскусіі “Сям’я без насілля”, якая адбылася ў мінулую суботу ў гарадскім Доме культуры. Свае меркаванні аб праблемах п’янства і насілля ў сям’і выказалі псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Бобка, старшы ўчастковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Вольга Мелехавец, загадчыца сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Андрэйчук, благачынны цэркваў Ганцавіцкай акругі, протаіерэй Пётр Піліпчук, урач-нарколаг ЦРБ Алена Кандратовіч і псіхолаг Ганна Гаргун.
Акцёры, хлопцы і дзяўчаты з гімназіі, дэманстравалі (НА ЗДЫМКУ) розныя жыццёвыя сітуацыі, якія потым каменціравалі спецыялісты. Прысутныя паглядзелі відэаролікі, якія нікога не пакінулі абыякавым і раўнадушным: “Не прапівай шчасце сваіх дзяцей”, “Святло ў канцы тунеля”. Аб псіхалагічным клімаце ў сям’і гаварыла Ганна Гаргун. На жаль, калі дзіця бачыць, што бацькі дома п’юць, лаюцца і б’юцца, яно будзе лічыць гэта за звычайную норму паводзін і, верагодна, пасталеўшы, будзе паводзіць сябе так, як калісьці яго тата і мама. Насілле ў сям’і нібыта той бумеранг вяртаецца насіллем. Ні ў якім разе нельга замоўчваць сітуацыю, калі ў сям’і не зусім нармальныя ўзаемаадносіны. Б’е муж, не значыць любіць. Калі адзін раз падняў руку, падыме ў другі і трэці. Шкадаваць п’яніцу і дэбашыра не трэба. Памятайце, больш за ўсё пакутуюць вашы дзеці, назіраючы за тым, што адбываецца дома. На жаль, бывае і такое, што гледзячы, як бацькі п’юць, за чарку бяруцца непаўналетнія дзеці. Урач-нарколаг Алена Кандратовіч прывяла зусім несуцяшальныя лічбы: на прафілактычным уліку ў кабінеце ўрача-нарколага стаяць 12 падлеткаў, і 14 знаходзяцца ў групе кантролю. Аб духоўнай складаючай кожнай сям’і гаварыў Пётр Піліпчук, які заклікаў ачысціць душы, пастарацца зразумець адзін аднаго, дапамагчы чалавеку, калі той збочыў з дарогі.
Алена Бань.
Фота аўтара.
Чаще б приглашали на подобные мероприятия родителей, смотришь и семей в социально опасном положении уменьшится.