З любоўю да спадчыны
Бадай, нямногія раёны Брэстчыны, як Ганцавіцкі, могуць пахваліцца такой грунтоўнай і багатай спадчынай, традыцыйнымі народнымі рамёствамі, якія не зніклі ў вірлівай плыні часоў, а захаваліся, дайшлі да сучаснікаў і, больш таго, працягваюць развівацца.
Край майстроў
Спрадвеку наш край славіцца сваімі самабытнымі майстрамі, якія ткуць і вышываюць, займаюцца разьбой і роспісам па дрэве, бондарствам і цяслярствам, салома-і лозапляценнем. Не перавяліся яшчэ на зямлі палескай майстравітыя ганчары, кавалі, бортнікі. Вырабамі ганцавіцкіх умельцаў, якія нясуць у сабе сакральную энергетыку часу, захапляюцца на разнастайных абласных, рэспубліканскіх і нават замежных выставах, фестывалях і святах. Усіх майстроў, а іх налічваецца ні многа ні мала, а каля двухсот чалавек, аб’ядноўвае раённы Дом рамёстваў. Траім майстрыхам з Ганцаўшчыны ў свой час прысвоена высокае званне “Народны майстар Рэспублікі Беларусь” — Феаніі Крысюк, Ульяне Віннік і Ніне Казак.
З любоўю і пашанай да мінулага, народных традыцый, клапатліва зберагаючы набыткі продкаў і карпатліва далучаючы да вытокаў народнай мудрасці маладое пакаленне, прапагандуючы традыцыйныя беларускія рамёствы і сучаснае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва — гэтым, а таксама шмат чым іншым, цікавым і пазнавальным, займаюцца супрацоўнікі раённага Дома рамёстваў. Дарэчы, сёлета культурнай установе спаўняецца дваццаць гадоў. Менавіта 3 мая 1997 года гасцінна расчыніў свае дзверы перад першымі наведвальнікамі раённы Дом рамёстваў, які паспяхова займаецца захаваннем, падтрымкай і папулярызацыяй традыцыйнага народнага мастацтва, адраджае мясцовыя нацыянальныя рамесніцкія традыцыі.
Дзе знаходзіцца раённы Дом рамёстваў у Ганцавічах, ведае, бадай, кожны. Прыгожы асабняк, што размясціўся ў залінейнай частцы горада, гасцінна прымае наведвальнікаў. Тут заўсёды рады бачыць як дзяцей, так і дарослых. Дырэктар культурнай установы Маргарыта Саланевіч пакуль у гаспадарскіх клопатах — нарэшце закончыўся амаль двухгадовы капітальны рамонт будынка, і неабходна давесці ўсё да ладу, размясціць экспазіцыі са стэлажамі, з густам аформіць кожны пакой. Словам, клопатаў у Маргарыты хапае. Нягледзячы на занятасць, дырэктар раённага Дома рамёстваў знайшла вольную гадзіну, каб расказаць, з чаго ўсё пачыналася, чым сёння займаецца культурная ўстанова, і падзялілася задумкамі на будучае.
Усё пачалося з “Багача”
Стваральніцай раённага Дома рамёстваў без перабольшвання можна лічыць цудоўную майстрыху, апантаную сваёй справай, зачараваную прыгажосцю роднага краю і ўлюблёную ў сваіх таленавітых майстроў-ганцаўчан, Марыю Муха. Усё пачалося крыху больш за дваццаць гадоў таму. Марыя Іванаўна, якая на той час працавала метадыстам аддзела культуры райвыканкама, па асабістай ініцыятыве пачала па крупінках збіраць самабытную калекцыю старажытных ручнікоў, намітак, посцілак, сурвэтак, прылад да ткацтва, сустракалася з мясцовымі майстрамі, занатоўвала звесткі пра старадаўнія рамёствы, якімі славілася Ганцаўшчына. Марыя Іванаўна адчувала, што пройдзе яшчэ нейкі час, і калі не займацца зборам і захаваннем унікальнай народнай спадчыны, калі не занатаваць тое, што было створана і набыта продкамі, калі не перадаць гэтыя бясцэнныя веды маладому пакаленню, то каштоўны скарб назаўсёды знікне. Марыя Іванаўна стварыла базу, аснову. У 1996 годзе пачаў дзейнічаць клуб майстроў з прыгожай назвай “Багач”. Менавіта так называецца народнае свята, што адзначаецца на восеньскае раўнадзенства і сімвалізуе шчодрасць, багацце, час збору ўраджаю. Першыя і актыўныя ўдзельнікі клуба — майстрыхі-рукадзельніцы Феанія Крысюк, Вольга Задзяркоўская, Вольга Паніна, Марыя Казакевіч, Яўгенія Станкевіч, Ульяна Віннік, Ніна Казак, Наталля Рабцэвіч, Юлія Бачкарова, Міхаіл Санько. Дарэчы, на сённяшні дзень сябрамі клуба з’яўляюцца 25 народных умельцаў, якія займаюцца традыцыйнай народнай творчасцю.
Амаль на працягу 16 гадоў Марыя Іванаўна з’яўлялася дырэктарам раённага Дома рамёстваў. Галоўная ўзнагарода, якой ганарыцца ўвесь калектыў установы — гэта спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за адраджэнне і захаванне народных рамёстваў, далучэнне моладзі да традыцыйнай культуры, якая была атрымана ў 2011 годзе.
Адраджаем традыцыі
Сёння ў раённым Доме рамёстваў працуе малады, крэатыўны і таленавіты калектыў. Словам, тут сабраліся аматары сваёй справы, сапраўдныя энтузіясты. Маргарыта праводзіць невялічкую, але змястоўную экскурсію па Доме рамёстваў.
— Вось у гэтым калідоры размесціцца “Галерэя майстроў”, нашых знакамітых і слынных умельцаў, — расказвае Маргарыта і праводзіць у адзін з самых цікавых і загадкавых пакояў, асабіста для мяне, дзе захоўваецца фонд Дома рамёстваў. На паліцах акуратна ляжаць рэчы, кожная з якіх мае свой пашпарт, у якім занатавана ўся інфармацыя: ад прозвішча майстра да даты вырабу. Тут жа знаходзяцца аўтэнтычныя ўзоры і арнаменты. Дарэчы, як зазначае Маргарыта, у Доме рамёстваў сабрана багатая калекцыя традыцыйных ручнікоў і прадметаў мясцовага строю. Усяго больш чым 200 рэчаў. Самы адметны экспанат — люсінскі ручнік, якому каля 150 гадоў.
Нікога не пакіне абыякавым і выставачная зала, у якой прадстаўлены дзівоснай прыгажосці работы ўдзельнікаў клуба “Багач”, які, дарэчы, летась атрымаў званне “народны”. У музейным пакоі — інтэр’ер сялянскай хаты. Уражваюць кросны, дзеючыя, але якім каля сотні гадоў. Тут жа знаходзяцца шматлікія прылады працы і, безумоўна, безліч ручнікоў, тканых і вышываных, ляжаць ходнікі, посцілкі, вісяць паясы і торбачкі. Варта адзначыць, што ў Доме рамёстваў можна набыць нацыянальны строй, вышытую сукенку альбо вышымайку, сувенірную прадукцыю. Маргарыта адзначае, што зараз, асабліва ў моладзі, назіраецца цікавасць да народных традыцый, карыстаюцца попытам кашулі і іншыя рэчы.
Як ужо адзначалася, супрацоўнікі Дома рамёстваў займаюцца даследчыцкай дзейнасцю, адпраўляюцца ў экспедыцыі па раёне, па крупінках збіраюць матэрыялы пра рамёствы і промыслы, іх цяперашні стан.
— Надзвычай крыўдна робіцца на душы, калі прыязджаючы ў вёску, бачыш пакінутую хату, а ў ёй мноства тканых і вышываных рэчаў, — расказвае дырэктар. — Гаспадары сядзібы памерлі. Звяртаешся з просьбай да іх сваякоў, каб перадалі рэчы ў Дом рамёстваў, тыя чамусьці наадрэз адмаўляюцца, маўляў, няхай усё знікне. Такі выпадак аднойчы здарыўся ў Хатынічах.
Маргарыта просіць ганцаўчан, калі ў кагосьці засталіся ў спадчыну ад бацькоў, дзядуль або бабуль вышыванкі, тканыя і іншыя вырабы, касцюмы, прадметы побыту, элементы арнаменту, не выкідваць і не знішчаць, а перадаць іх на даследаванне і далейшае захоўванне ў раённы Дом рамёстваў. На першы погляд выцвілы ад часу ручнік, які гаспадыня збіраецца парэзаць на анучы, можа вельмі шмат значыць як рэліквія.
Пра тэатр “Батлейка” і “кукольнікаў”
— Супрацоўнікі раённага Дома рамёстваў пастаянна шукаюць і знаходзяць новыя формы работы як з моладдзю, так і з дарослымі. Галоўнае, каб не перарвалася повязь часоў, сакральная сувязь з продкамі. Не будзе перабольшваннем, калі скажу, што правая рука Маргарыты Саланевіч і яе дарадца — малодшы навуковы супрацоўнік Сяргей Макарэвіч, які працуе ў Доме рамёстваў з 2015 года. Сяргей — шматгранная асоба. Пра народныя традыцыі, рамёствы і промыслы Ганцавіцкага раёна і не толькі, здаецца, ён ведае ўсё. Неверагодна, як у адным чалавеку можа спалучацца столькі здольнасцей. Сяргей цудоўна іграе на народных музычных інструментах, умее ткаць і вышываць, прыгожа танцуе і спявае. А галоўнае, далучае да ўсяго гэтага падрастаючае пакаленне. Летась, па ініцыятыве Сяргея і пры актыўным удзеле астатніх супрацоўнікаў Дома рамёстваў, у Ганцавічах адрадзілі народны тэатр “Батлейка”. Трэба было на ўласныя вочы бачыць, з якім інтарэсам маленькія гледачы ўпершыню пазнаёміліся з традыцыйным прадстаўленнем “Батлейкі”. Пачыналася ўсё з каляднай дзеі пра цара Ірада. Сёння ў рэпертуары “Батлейкі” пастаноўкі “Мацей і доктар”, “Бэрка-карчмар”, “Казак-небарака”, “Антон з казой ды Антоніха”. Адметна, і тое, што Сяргей Макарэвіч адраджае забытыя старадаўнія абрады. Напрыклад, сёлета на Вялікдзень жыхары маленькай вёскі Крышылавічы сустракалі “кукольнікаў” — старадаўні абрад абходу двароў на Вялікдзень, калісьці ў гэтай мясцовасці быў вельмі папулярным, а з цягам часу забыўся. Таму са здзіўленнем і радасцю сустракалі і частавалі ў вёсцы “кукольнікаў”.
Як адзначае Маргарыта Саланевіч, работнікі Дома рамёстваў — выдатныя ўмельцы, майстры на ўсе рукі, якія па-сапраўднаму любяць сваю справу. Майстрам па ткацтве працуе Алена Цялушка, вучаніца вядомай ткачыхі Праскоўі Жалезнай з Люсіна. Вольга Івановіч, якая закончыла Кобрынскі дзяржаўны палітэхнічны каледж (былы мастацтваў) працуе ў дэкаратыўна-прыкладным напрамку, мастачка займаецца роспісам па дрэве, шкле і тканіне, Таццяна Зялёнка — цудоўная вышывальніца і каруначніца. Ганна Іванова, загадчыца па гаспадарчай частцы, выдатная швачка.
Дарэчы, для дзяцей і дарослых у Доме рамёстваў працуюць гурткі, гэта, акрамя знакамітага народнага клуба майстроў народнай творчасці “Багач”, якім кіруе цудоўная майстрыха Марыя Муха, дзіцячае аматарскае аб’яднанне “Этнограф” і этнаграфічны клуб “Рух”, майстэрні “Кросны” і “Рукатвор”, традыцыйны лялечны тэатр “Батлейка”, а таксама гурток ручнога ткацтва “ТкачО.К”. Адметна, што ўсе заняткі ў гуртках бясплатныя.
У дырэктара раённага Дома рамёстваў мноства задумак і ідэй, дзеля ўвасаблення ў жыццё якіх яшчэ патрэбна прыкласці шмат сіл і намаганняў. Але ёсць галоўнае — гэта каманда аднадумцаў і сяброў, якія ў любую хвіліну зразумеюць і падтрымаюць. Наперадзе, безумоўна, чакаюць новыя перамогі і ўзнагароды, дарэчы, якіх на рахунку раённага Дома рамёстваў налічваецца нямала.
Кацярына Яцушкевіч.
Фота Алы ПЯТЛІЦКАЙ.