Сям’я Матуліс — у ліку самых здаровых на Брэстчыне
Сталі вядомы вынікі абласнога конкурсу “Самая здаровая сям’я”. Вызначыліся прадстаўнікі Ганцавіцкага раёна: сям’я Дзмітрыя і Юліі Матуліс, бацькоў дваіх дзяцей — Златы і Арцёма, была прызнана адной з лепшых. А ўдзел у абласным туры сёлета бралі ажно 39 сем’яў!
Дваццатага кастрычніка ў Брэсце пераможцам і прызёрам уручылі ўзнагароды.
Разам з Матулісамі заахвочвальныя ўзнагароды атрымалі сем’і з Іванаўскага раёна і Брэста. А пераможцамі сталі прадстаўнікі Івацэвіч, Століна і абласнога цэнтра.
Другому этапу конкурсу папярэднічаў першы — раённы. Тады Матулісы занялі першае месца.
Конкурс “Самая здаровая сям’я” праводзіцца сярод поўных сем’яў, якія выхоўваюць дваіх і больш дзяцей, дзе створаны неабходныя ўмовы для выхавання і развіцця дзяцей, фарміравання здаровага ладу жыцця і бяспекі іх жыццядзейнасці, захавання і ўмацавання здароўя.
Штогод конкурс праводзіцца, каб прыцягнуць увагу да станоўчага іміджу сям’і ў грамадстве і папулярызаваць сямейныя традыцыі і каштоўнасці.
Сям’я, якая стала першай у абласным туры, атрымала прыз у памеры 900 рублёў, уладальнікі другога месца — 600 рублёў, трэцяга — 500 рублёў. Тым, хто занялі тры заахвочвальныя месцы, уручылі прызы на суму 300 рублёў.
Як расказала карэспандэнту “СП” Юлія Матуліс, конкурсныя матэрыялы ўяўлялі сабой фота з асабістага архіва ўдзельнікаў, якія адлюстроўваюць актыўны лад жыцця, рэжым дня і харчавання сям’і, захапленні і дасягненні яе членаў. На думку Юліі, увайсці ў лік лепшых ім дапамаглі актыўны ўдзел у спартыўных спаборніцтвах горада і раёна і, канечне, імкненне весці здаровы лад жыцця. Гэта было ўдала прадэманстравана ў прадстаўленых матэрыялах.
А конкурсаў і спаборніцтваў, у якіх паспелі паўдзельнічаць Матулісы, сапраўды шмат.
— Тут асабліва вызначыўся муж, — расказала Юлія. — Па родзе дзейнасці (Дзмітрый Матуліс — галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. — Заўв. аўт.) ён займаецца арганізацыяй спаборніцтваў па самых розных відах спорту і прымае ў іх удзел. Гэта першынствы, напрыклад, па футболе, валейболе, міні-футболе, настольным тэнісе, дартсе, лыжныя гонкі… Дарэчы, я сама ўдзельнічала ў лыжных гонках, а таксама ў раённай спартакіядзе “Вертыкаль”, конкурсе “Аўталэдзі”.
Да актыўнага грамадскага жыцця раёна далучыліся і дзеці. Арцём спрабуе сябе ў танцавальных і вакальным конкурсах, спаборніцтвах па шашках. Злата займаецца танцамі, таму яна — пастаянны ўдзельнік менавіта танцавальных “баталій” і нават паспела адчуць “густ” перамогі ў складзе танцавальнага калектыву “Элемент”.
Але сёлетні конкурс, дзе неабходна было паказаць свае сілы ўсім разам, у гісторыі сям’і першы. Юлія ўпэўнена: гэты вопыт вельмі карысны і стымулюе на новыя здзяйсненні. А яшчэ ўдзел у конкурсе прынёс перш за ўсё шмат станоўчых эмоцый, а гэта ўжо важкая прычына паўдзельнічаць у такім спаборніцтве.
Тэкст і фота Вікторыі ПРЫКОТЫ.