«Лясгас» захапіў лідарства

У мінулыя выхадныя прайшлі чарговыя гульні адкрытага чэмпіянату раёна па футболе.

У суботу адбыліся дзве сустрэчы. У Ганцавічах каманда «ПМС» не без цяжкасцей перамагла «Арбіту» з Азярэчча. «Меліяратары» валодалі перавагай на працягу ўсяго матча, аднак доўгі час ганцаўчане ніяк не маглі адправіць мяч у сетку варот саперніка. Месцамі футбалістам «ПМС» не хапала дакладнасці, але ў большасці выпадкаў проста бліскуча дзейнічаў галкіпер «Арбіты» Антон Балоцкіх. І так склаўся лёс, што падчас адной з атак «меліяратараў» мяч пасля ўдару Аляксандра Тарасені трапіў у штангу, потым у галкіпера і закаціўся ў сетку. 1:0 на карысць каманды «ПМС»: менавіта з такім лікам і скончыўся матч. Трэба адзначыць, што яшчэ да прапушчанага гола футбалісты «Арбіты» мелі некалькі выдатных шанцаў для ўзяцця варот саперніка, аднак скарыстацца сваімі момантамі так і не здолелі. Такім чынам, «ПМС» пакуль што застаецца адзінай камандай у чэмпіянаце, якая яшчэ не страціла ніводнага ачка.

Другі суботні матч, у якім сустракаліся «Люсіна» і малькавіцкі «Інтэграл», таксама атрымаўся вельмі цікавым. На працягу ўсёй сустрэчы футбалісты «Люсіна» вялі ў ліку: спачатку 1:0, потым 2:1. Аднак кожны раз футбалісты «Інтэграла» зраўнівалі лік. І толькі калі прыкладна за 15 хвілін да фінальнага свістка Вячаслаў Мазнёў забіў трэці гол люсінскай каманды, сапернік не здолеў адыграцца. Канчатковы лік сустрэчы: 3:2 на карысць «Люсіна».

У нядзелю прайшоў яшчэ адзін паядынак. Футбалісты «Лясгаса» ў Ганцавічах прымалі дэбютанта нашага чэмпіянату – «Чырвоную Зорку» з Клецкага раёна. Гульня пачалася даволі нечакана: каманда з Клецкага раёна дзейнічала ўпэўнена і здолела забіць двойчы. Аднак надоўга «Чырвонай Зоркі» не хапіла. Футбалісты «Лясгаса» прыйшлі ў сябе і паступова перахапілі ініцыятыву. Ганцаўчане забівалі галы на любы густ і хутка здолелі не толькі адыграцца, але і выйсці наперад. У выніку, сустрэча выдалася багатай на галы і скончылася з лікам 6:4 на карысць «Лясгаса», якіў значаліў турнірную табліцу чэмпіянату.

Матчы наступнага тура адкрытага чэмпіянату раёна адбудуцца 21 і 22 ліпеня. Паміжсабой згуляюць «Арбіта» – «Люсіна», «Чырвоная Зорка» – «Інтэграл» і «Хатынічы» – «КПД». А цэнтральнай сустрэчай тура безумоўна стане паядынак паміж асноўнымі фаварытамі турніру: ганцавіцкімі камандамі «Лясгас» і «ПМС».

Уладзімір ЗАНЬКА.