Што застанецца нашчадкам?

Актуальныя пытанні дзейнасці раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў узнімаліся на справаздачна-выбарчай канферэнцыі, якая адбылася напрыканцы мінулага тыдня.

На сённяшні дзень раённае падраздзяленне БТПР аб’ядноўвае 379 аматараў актыўнага адпачынку, сярод якіх дзве трэція менавіта паляўнічыя. Паступова адбываецца адток членаў арганізацыі і іх колькасць за мінулы год знізілася амаль на 17 працэнтаў. Нягледзячы на гэта, як адзначыў дырэктар структуры Эдуард Шуляк, летась атрыманы невялікі прыбытак у 22 мільёны рублёў, а сярэдняя заработная плата супрацоўнікаў склала 4 мільёны 72 тысячы рублёў.

Зразумела, што асноўная выручка атрымана ад узносаў членаў БТПР (на сённяшні дзень 630 тысяч рублёў з чалавека ў год — заўв. аўт.) і правядзення палявання. Толькі ў 2015 годзе на здабычу звера па пуцёўках і ліцэнзіях выйшлі амаль 4 тысячы паляўнічых. Закрыты 20 ліцэнзій на адстрэл ласёў і 28 — казуль. Актыўна, як і ў мінулыя гады, у сувязі з правядзеннем прафілактычных мерапрыемстваў па прадухіленні распаўсюджвання чумы, вёўся адстрэл дзікоў. Хаця варта заўважыць, што іх здабыта ўсяго 113 супраць 192 — у 2014 годзе. Папуляцыя звяроў зніжаецца, і паляўнічыя справядліва задалі пытанне: а што далей? Калі на працягу трох гадоў не будзе зафіксавана новых выпадкаў захворвання на тэрыторыі Беларусі, можна гаварыць аб спыненні знішчэння дзікоў і аднаўленні іх папуляцыі. Зразумела, што вялося летась і паляванне на драпежнікаў: здабыта 4 ваўкі, 150 лісіц і 26 янотападобных сабак. Як адзначыў начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый Шапель, на сённяшні дзень на вельмі нізкім узроўні праводзяцца мерапрыемствы па біятэхніі (раздзел паляўніцтвазнаўства, які вывучае магчымасці павышэння вытворчасці і прадукцыйнасці паляўнічых угоддзяў — заўв. аўт.). Па сутнасці, размова ідзе аб мэтанакіраванай рабоце па аднаўленні папуляцыі кожнага пажаданага віду звера ці птушкі, якія і з’яўляюцца аб’ектамі палявання. Гэта ўключае ў сябе цэлы комплекс мер — ад элементарнай падкормкі жывёлы да строгага захавання правілаў палявання. Напрыклад, самі паляўнічыя закранулі праблему, якая датычыцца пастак і петляў — аднаго з папулярных прыёмаў лоўлі звера ў браканьераў. Больш таго, часта ў тыя ж пасткі і петлі трапляюць паляўнічыя сабакі. Між іншым такімі паляўнічымі прыладамі на вёсцы карыстаюцца нават падлеткі. А ці хто праводзіў прафілактычную размову на гэтую тэму, папярэджваў бацькоў аб вельмі жорсткім пакаранні за браканьерства? А гэта таксама — біятэхнія.

Асобная размова зайшла аб узаемаадносінах паляўнічых і прадстаўнікоў аховы прыроды. Справа ў тым, што 12 сакавіка на ўскрайку вёскі Мельнікі адбыўся непрыемны інцыдэнт. Супрацоўнікі міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету атрымалі аператыўную інфармацыю аб факце браканьерства і выехалі на месца, якое ім указалі. Там і знайшлі аўтамабіль, але паляўнічы, член БТПР, адмовіўся паказаць машыну для агляду. Прыйшлося выклікаць супрацоўнікаў міліцыі. Дарэчы, сам паляўнічы прысутнічаў на канферэнцыі, хаця і не з’яўляўся дэлегатам, і паводзіў сябе вельмі агрэсіўна. Дзіўна, але яго падтрымалі яшчэ некалькі чалавек. Лічыцца, што паляўнічыя — людзі спакойныя, разважлівыя і, зразумела, вельмі дысцыплінаваныя, бо калі размова ідзе аб зброі, нават за дробнае правапарушэнне можна пазбавіцца дазволу на яе валоданне. А тут вельмі агрэсіўныя паводзіны і спрэчка аб тым, што вартавыя прыроды не маюць права спыняць транспарт у населеных пунктах. Добра, што кропку над “і” адразу ж паставіў начальнік аддзялення прафілактыкі і аховы правапарадку райаддзела ўнутраных спраў Віталь Чабатарэнка. Ён нагадаў, што ў правілах дарожнага руху дакладна распісана хто мае права спыняць транспарт, і інспектары могуць законна гэта зрабіць. Ды што казаць, калі ў самім статуце раённай структуры БТПР гаворыцца, што члены арганізацыі павінны прытрымлівацца паляўнічай і рыбалоўнай этыкі, культуры ўзваемаадносін і традыцый, прапагандаваць беражлівыя адносіны да прыродных багаццяў, не здзяйсняць дзеянняў, якія падрываюць аўтарытэт арганізацыі, не парушаць заканадаўства ў сферы аховы і выкарыстання жывёльнага свету.

Увогуле, справа не ў паляўнічым, які аказаў непадпарадкаванне — суд вынясе свой вердыкт. Галоўнае — папярэдзіць іншых паляўнічых, каб яны не стваралі сабе праблемы на пустым месцы.  Далей вялася гаворка аб тыповых парушэннях, якія іншы раз дапускаюць паляўнічыя, якія валодаюць агнястрэльнай зброяй, а яе ў раёне зарэгістравана  581 ружжо, з якіх 26 наразных ствалоў.

Па выніках канферэнцыі работа раённай структуры БТПР прызнана здавальняючай, перавыбраны савет арганізацыі ў тым жа складзе, які быў і раней, і абраны дэлегат на абласную канферэнцыю, якім стаў дырэктар структуры Эдуард Шуляк.

На канферэнцыі

прысутнічаў

Павел Свістуновіч.

Фота аўтара.

фото 165