Культурная “канстытуцыя”

Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, падпісаны Прэзідэнтам краіны, аб’ядноўвае нарматыўныя прававыя акты разнастайнай юрыдычнай сілы — законы, указы, пастановы ўрада, а таксама прадугледжвае некаторыя змяненні ў заканадаўстве. Па сутнасці — гэта праграмны нарматыўна-прававы акт, у якім сістэматызавана ўсё, што датычыцца культуры. Не дзіўна, што дакумент ужо называюць культурнай “канстытуцыяй”, якая ўступіць у сілу праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання, а менавіта ў сярэдзіне будучай зімы.

Аб палажэннях кодэкса расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ірына Цубер (НА ЗДЫМКУ).

— Каштоўнасць дакумента, найперш, у тым, што ўсе законы зараз сканцэнтраваны ў адным. І гэта значна аблегчыць работу — мы атрымалі сапраўднае кіраўніцтва да дзеяння. Акрамя таго, у дакуменце ўтрымліваецца больш чым 60 навацый. Напрыклад, пашыраецца кола асоб, якія могуць адносіцца да суб’ектаў культурнай дзейнасці, а мецэнаты і спонсары атрымліваюць законны статус. Гэта значна аблегчыць арганізацыю і фінансаванне разнастайных культурных мерапрыемстваў. Унесены змяненні і ў сферу народнай творчасці. Вырабы народных мастацкіх рамёстваў змогуць выпускаць не толькі індывідуальныя прадпрымальнікі, рамеснікі ці арганізацыі народных мастацкіх рамёстваў, але і іншыя юрыдычныя асобы і таксама могуць разлічваць на дзяржаўную падтрымку.

Увогуле, кодэкс закранае разнастайныя бакі культуры. Тая ж культура дыскатэк — нават знаходзіцца на танцах у п’яным стане забаронена. Рэгламентуецца работа і ўстаноў, дзе ёсць культурная праграма і паслугі грамадскага харчавання, бо дыскатэка ў рэстаране і сельскім Доме культуры — розныя рэчы. Шмат навацый датычыцца арганізацыі канцэртнай дзейнасці. Прычым, прадугледжаны нават тэрміны і ўмовы вяртання білетаў на культурныя мерапрыемствы.

Вельмі важным з’яўляецца значнае скарачэнне пераліку крытэрыяў для прыдання таму ці іншаму аб’екту статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці. А таксама вызначаны парадак правядзення археалагічных даследаванняў. Упершыню напісана пра тое, што выпадкова знойдзеныя археалагічныя артэфакты павінны быць перададзены ў дзяржаўную маёмасць. Такім чынам, дзейнасць “чорных капальнікаў” становіцца ўвогуле па-за законам.

Варта адзначыць, што ўсе палажэнні кодэкса яшчэ дасканала вывучаюцца. Каб эфектыўна прымяняць іх на практыцы — часу для гэтага дастаткова.

супер 002