Люсінскія акцэнты

Працягваюцца сходы грамадзян на тэрыторыі сельскіх Саветаў, падчас якіх не толькі падводзяцца вынікі зробленага, але і абмяркоўваюцца надзённыя пытанні, вывучаюцца патрэбы вяскоўцаў. Сходы — адзін з найлепшых спосабаў даведацца аб тым, што хвалюе людзей, якімі клопатамі і турботамі жыве працаўнік сяла. Даволі насычаным  стаў мінулы чацвер, у які прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, а таксама ўсіх зацікаўленых службаў, прадпрыемстваў і арганізацый  сустракаліся з жыхарамі Люсінскага сельскага Савета. І калі сустрэчы ў вёсках Палонь і Макава прайшлі ў спакойнай і дзелавой абстаноўцы, то ў Люсінскім сельскім клубе, дзе і ладзіўся сход, амаль на працягу дзвюх гадзін панаваў шквал эмоцый, час ад часу разгараліся спрэчкі. У клубе было па-сапраўднаму горача. Многія выказвалі сваё бачанне той ці іншай праблемы, часам забываючыся аб элементарнай ветлівасці і павазе адзін да аднаго. Але аб усім па-парадку.

super-044

Вадой забяспечыць да мая

У Палонскім і Макаўскім Дамах сацыяльна-культурных паслуг, дзе адбыліся сходы, не было дзе яблыку ўпасці, што сведчыць аб неабыякавасці вяскоўцаў да жыцця сваёй маленькай радзімы. Амаль дзве аднолькавыя вёсачкі, але ў кожнай свае клопаты і турботы. У Палоні пражываюць 122 чалавекі, ў Макава на 24 жыхары больш. Як у сваім выступленні адзначыў старшыня Люсінскага сельвыканкама Вячаслаў Шкут, на тэрыторыі сельсавета назіраецца змяншэнне пагалоўя грамадскага статку. Напрыклад, 17 рагуль налічваецца ў Палоні і 8 пяструх трымаюць на сваіх падворках гаспадыні ў Макаве. Як зазначыў Вячаслаў Аляксандравіч, тыя пытанні, што ўзнімалі на мінулагодніх сходах вяскоўцы, былі аператыўна вырашаны. У прыватнасці, усталявана халадзільнае абсталяванне ў крамах, вырашана пытанне па пашы, ачышчана рэчышча Выдранкі. Што тычыцца палонцаў, то праблемы на сходзе былі ўзняты наступныя — гэта вялікія чэргі ў дзясяты кабінет, што ў паліклініцы, адсутнасць камбікармоў у краме. Дарэчы, на гэта наракалі і жыхары вёскі Макава, а таксама на немагчымасць купіць вапну. Набалелае пытанне для некалькіх сямей з Палоні — гэта пастаянныя перабоі з вадой, або ўвогуле яе адсутнасць. Як патлумачылі вяскоўцы, праблемы пачаліся тады, калі водаправод з балансу камунгаса быў перададзены ў ААТ “ЛюсінаАгра”. Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Амельяновіч папрасіў палонцаў крышачку пачакаць, пытанне з вадой  да пачатку мая плануецца вырашыць. “Закуплены неабходны матэрыял, — сказаў кіраўнік гаспадаркі. — Засталося зманціраваць і ўсталяваць вежу”. Пыталіся таксама вяскоўцы, калі ў вёсцы з’явіцца інтэрнэт.

Падвёў вынікі сходу старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Дрозд, які адзначыў, што ўсе агучаныя пытанні ўзяты на кантроль і будуць аператыўна разгледжаны. Віктар Якаўлевіч звярнуў увагу вяскоўцаў на добраўпарадкаванне, заклікаўшы кожнага прыбраць свае прысядзібныя ўчасткі, навесці чысціню і парадак у населеных пунктах.

super-046

Закрыццё кафэ не вырашыць праблему п’янства

Больш за ўсіх пытанняў і праблем узнімалі люсінцы. Зразумела, вёска немаленькая, тут пражывае амаль 1300 чалавек, налічваецца 614 падсобных гаспадарак. Праблем, як гаворыцца, хапае, асабліва пасля зімы, калі і дарогі пакідаюць жадаць лепшага, і некаторыя вуліцы патанаюць у гразі, ды і агароды вяскоўцаў, асабліва ў тых, што знаходзяцца ў нізіне, добра падтапіла. Не першы год існуе ў вёсцы праблема п’янства і алкагалізму, дабаўляюць клопату мясцовай уладзе і міліцыянерам бяспраўныя матацыклісты. Аб аператыўнай абстаноўцы, што складаецца на тэрыторыі сельскага Савета, расказаў начальнік Ганцавіцкага РАУС Аляксей Яроменка, які таксама паведаміў, што 7 красавіка на службу прыступіць пастаянны ўчастковы інспектар, які будзе адказваць за Люсінскі сельсавет. Каб вырашыць праблему п’янства, некалькі жыхароў Люсіна прапанавалі не зусім стандартнае рашэнне: закрыць кафэ “Азёрная”, дзе, па іх меркаванні, і співаецца моладзь. “Зразумейце, што не кафэ вінавата ў працвітанні п’янства. Закрыем мы кафэ. Што далей? Людзі пойдуць у іншае месца. Гэта не рашэнне праблемы”, — сказаў кіраўнік раёна Аляксандр Саланевіч.  Аляксандр Шкут у сваю чаргу слушна заўважыў, што не ў кафэ праблема, а павінна быць культура ў паводзінах, і найперш за ўсё яна пачынаецца з сям’і, з бацькоў, якія выхоўваюць і сочаць за сваімі дзецьмі, каб тыя не бадзяліся па начах і не бавілі час у сумніўных кампаніях.

Дапаможа кааператыў

Не першы год у Люсіне ўзнімаецца пытанне па вадзе. Як зазначыў галоўны інжынер камунгаса Васіль Жалезны, неабходна ствараць кааператыў, а функцыю заказчыка на сябе возьме ЖКГ: заказваць праектна-каштарысную дакументацыю і займацца пракладкай водаправода. Чым больш чалавек увойдзе ў кааператыў, тым танней абыдуцца вяскоўцам работы. Дарэчы, на будаўніцтва водаправода 60 працэнтаў кошту выдаткоўвае дзяржава, а 40 працэнтаў аплачвае насельніцтва. Старшыня сельвыканкама паведаміў, што некалькі разоў наконт гэтага пытання праводзіліся сходы. Большасць вяскоўцаў адмовілася ад стварэння кааператыва, спаслаўшыся на тое, што яны маюць уласныя свідравіны.

super-051

З пашанай да продкаў

У любым населеным пункце могілкі — сакральнае месца. З асаблівай пашанай да памерлых адносяцца і люсінцы, якіх хвалюе пытанне добраўпарадкавання могілак. Наракалі вяскоўцы, што на новых могілках няма парадку ў пахаваннях. “Я тут не бачу ніякай праблемы, — запэўніў Вячаслаў Шкут. — Пры пахаванні сваякі памерлага звяртаюцца ў сельвыканкам і ім выдзяляецца месца для магілы. Прагучала просьба і аб зрэзванні аварыйнага дрэва, што расце на старых могілках і ў любы момант можа паваліцца на надмагільныя помнікі. Гэтае пытанне ўзяў на кантроль старшыня сельвыканкама.

Страсці па лесе

Спыніць вырубку лесу на сходзе заклікала шматдзетная матуля Алена Рылка, якая надзвычай эмацыянальна апісвала той гвалт і здзекі, якія робяцца над прыродай. Алена Міхайлаўна прадаставіла старшыні раённага Савета дэпутатаў Віктару Дразду копіі фотаздымкаў з лесасекі і пакінула пісьмо, у якім патрабуецца спыніць вырубку лесу. Аднак чамусьці адрасаваны ліст Віктару Якаўлевічу аказаўся без подпісаў. Сітуацыю з высечкай дрэў пракаменціравала ляснічы Люсінскага лясніцтва Тамара Пашкевіч, якая адзначыла, што ўчасткі пад вырубку вызначае не лясгас, а спецыяльная служба лесаўпарадкавальнікаў, што знаходзіцца ў Мінску, спецыялісты якой і вызначаюць узрост дрэваў, іх якасць. Ніхто па сваёй патрэбе ці жаданні лес секчы не будзе. Тым больш, што замест ссечаных дрэў будзе пасаджаны новы лес”.

Гаварылася на сходзе і аб правілах утрымання дамашняй жывёлы, закранулася праблема працаўладкавання і пенсійнага забеспячэння, вялася гаворка і аб Дэкрэце № 3, медыцынскім абслугоўванні насельніцтва, рамонце вуліц і добраўпарадкаванні вёскі.

Кацярына Яцушкевіч.