Не паспелі сціхнуць спрэчкі наконт закрыцця магазінаў у Пярэвалаках і Шашках (гэтыя гандлёвыя аб’екты зараз працуюць), як паўстала новае пытанне: быць ці не быць краме ў Красынічах

У жыхароў вёскі пазіцыя катэгарычная: магазін павінен працаваць, і ніяк іначай.

Каб абмеркаваць вострае пытанне, у мінулую сераду ў Красынічы на сустрэчу з мясцовым насельніцтвам прыехалі старшыня райвыканкама Уладзімір Бялоў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Дрозд, намеснік старшыні райвыканкама Артур Грыгаран, намеснік старшыні райспажыўтаварыства Алена Шулякоўская, старшыня Агарэвіцкага сельсавета Святлана Агейка.

На сённяшні момант насельніцтва вёскі —  57 чалавек. А гэта значыць, што пытанне закрыцця магазіна  было  непазбежным.

Даведка “СП”

Згодна з сацстандартам, спажыўкааперацыя мае права закрыць магазіны ва ўсіх вёсках, дзе пражываюць да 200 чалавек. У адным з інтэрв’ю начальнік упраўлення гандлю Белкаапсаюза Ларыса Казлова адзначыла, што на справе зачыняюць магазіны  там, дзе народ не выказваецца катэгарычна, таму што Белкаапсаюз выконвае сацыяльную місію.

Рашэнне аб закрыцці магазіна прымае райспажыўтаварыства па ўзгадненні з райвыканкамам, аблспажыўсаюзам і Белкаапсаюзам.

Пакуль у Красынічах працуюць дзве аўталаўкі — райспажыўтаварыства і хлебазавода.  Вяскоўцы могуць атаварвацца ў магазінах на колах чатыры разы на тыдзень. У хуткім часе плануецца, што сваю аўталаўку па сельскіх “куточках” пусціць мясцовы “Еўраопт”. Тады магчымасць закупіцца прадуктамі і не толькі будзе амаль штодзённай. Але людзі былі няўмольнымі: няхай лепш гандаль будзе ажыццяўляцца тры разы на тыдзень, але ў магазіне.

Нараканняў на працу аўталаўкі было шмат. Сяльчане амаль у адзін голас выказвалі незадавальненне тым, што вельмі нязручна чакаць сваёй чаргі на вуліцы. Добра, калі цёпла. А вось цяпер, з надыходам халадоў, такая перспектыва нікога не радуе. Не падабаецца вяскоўцам і асартымент тавараў: некаторыя скардзіліся на іх якасць, а некаторыя — на адсутнасць магчымасці купіць, напрыклад, парашок для мыцця вопраткі (дарэчы, Алена Шулякоўская пазней заверыла, што патрэбны тавар можна заказаць прадаўцу, і тады ў наступны раз яго даставяць пакупніку). Да таго ж, многія проста не могуць пайсці з работы, каб атаварыцца ў той абмежаваны перыяд часу, калі прыязджае аўталаўка. Нараканні ёсць і на прадаўца.

Адной з удзельніц сходу была мясцовая жыхарка Ніна Мікалаеўна Курылік, якая адпрацавала ў “спрэчным” магазіне каля 30 гадоў і нават была ўзнагароджана ордэнам Славы 3-й ступені. Канечне, Ніне Мікалаеўне таксама неабыякавы лёс крамы.

— У гэтай сітуацыі можна зразумець і той, і іншы бакі. Для людзей такі аб’ект, як магазін, вельмі важны. Асабліва ў маленькіх вёсачках. Але і ў работнікаў райспажыўтаварыства свая праўда, у якой таксама ёсць сэнс. Асноўнае, што непакоіць насельніцтва, — гэта халады. Нікому не хочацца стаяць на марозе і чакаць чаргі, — выказалася Ніна Мікалаеўна.

Дарэчы, у іншага боку — райспажыўтаварыства, таксама важкія аргументы. У вёсцы з такім невялікім насельніцтвам магазін нерэнтабельны, ёсць шмат пытанняў па тэрмінах прыдатнасці прадуктаў (улічваючы той фактар, што крама працуе толькі тры разы на тыдзень). Таму аўталаўка, па меркаванні райспажыўтаварыства,  становіцца лепшым выйсцем. У некаторых населеных пунктах магазінам на колах задаволены.

— Напрыклад, у Перадзелах няма нараканняў на працу аўталаўкі. Нараканні ўзнікаюць там, дзе з самага пачатку ідзе барацьба супраць закрыцця магазіна, — адзначыла Алена Шулякоўская.

Але ж, як падкрэсліў Уладзімір Бялоў, кіраўніцтва раёна заўсёды гатова ісці на кампрамісы з насельніцтвам і выслухаць іх заўвагі. Тым больш, што многія, якія тычацца аўталавак, вырашальныя.

Вынік сходу такі. Бліжэйшы месяц жыхароў Красыніч будуць абслугоўваць адразу тры магазіны на колах. Калі пазіцыя вяскоўцаў адносна такога забеспячэння іх таварамі не зменіцца, то 15 снежня краму адчыняць.

Вікторыя ПРЫКОТА.

Фота аўтара.