Штогадовая сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі
Да сваёй работы яшчэ ўчарашнія студэнты, а зараз маладыя спецыялісты прыступілі некалькі месяцаў таму. Некаторыя працуюць ужо больш чым паўгода. І таму ўжо можна зрабіць пэўныя вывады і падзяліцца сваімі ўражаннямі ад першага месца работы, ды ў цэлым, ад Ганцаўшчыны.
Штогадовая сустрэча кіраўніцтва раёна з нядаўна прыбыўшымі спецыялістамі арганізоўваецца не проста для таго, каб на свае вочы ўбачыць новыя кадры. Акрамя ўсяго, у маладога папаўнення ёсць магчымасць задаць пытанні па хвалюючых іх праблемах прадстаўнікам розных службаў і ведамстваў раёна, якія заўсёды прысутнічаюць на мерапрыемстве. Ну, і канечне, пазнаёміцца адзін з адным.
У чарговы раз сустрэча была арганізавана ў форме “круглага стала”. Таму што такая форма спрыяе даверлівай і нефармальнай бяседзе паміж удзельнікамі ўрачыстасці.
Яе адкрыў старшыня райвыканкама Уладзімір Бялоў. Ён пазнаёміў са спецыфікай раёна, з доляй гумару адзначыў, што ў нейкім сэнсе ён і сам малады спецыяліст, бо сваю цяперашнюю пасаду Уладзімір Уладзіміравіч займае са жніўня сёлетняга года.
Аб асноўных вехах гісторыя Ганцаўшчыны расказала дырэктар раённага краязнаўчага музея Наталля Кулеш, пра крэдытаванне моладзі — начальнік аддзела рознічнага бізнесу ЦБП № 107 філіяла № 802 ААТ “ААБ Беларусбанк” Людміла Занька. Пазнаёміў моладзь з Ганцаўшчынай спартыўнай галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Матуліс. А ад імя старэйшага пакалення выказалася старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Яўгенія Стацько.
Падзяліліся сваімі думкамі з маладымі людзьмі ўрач-рэаніматолаг-аназтэзіёлаг Дзяніс Саладуха і загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычнымі асобамі райвыканкама Яўгенія Рудко. Некалькі гадоў таму пасля заканчэння ВНУ яны прыехалі працаваць у Ганцавічы па размеркаванні і засталіся тут.
Размаўлялі вядучыя і з віноўнікамі ўрачыстасці — маладымі кадрамі. Усе адзначалі, што ў калектывах прынялі іх добра, старшыя калегі заўсёды гатовы дапамагчы. А ці застанецца моладзь і надалей на Ганцаўшчыне — пакажа час.
Дарэчы, ў зале сабраліся маладыя прадстаўнікі больш чым 30 прафесій. Усяго ж сёлета працаваць у Ганцавіцкі раён прыбылі больш за сотню спецыялістаў. Прыкметна, што значная іх частка — ураджэнцы Ганцавіцкага раёна. А вось некаторыя, хто трапілі сюды па размеркаванні, родам з іншых раёнаў і нават абласцей. Напрыклад, настаўнікі Арцём Гарустовіч — родам з Пружан, Юлія Голуб — з Клецкага раёна. А кіраўнік хора ветэранаў Ніна Сурынт — ураджэнка Маладзечна.
Новымі кадрамі папоўніліся сферы аховы здароўя, медыцыны, адукацыі, гандлю, а таксама РАУС, РЖКГ і іншыя арганізацыі і прадпрыемствы раёна.
Вікторыя ПРЫКОТА.
Фота аўтара.
[smartslider3 slider=39]