Аляксандр Пішч: «Дапамагаць людзям трэба заўсёды»

Мне, як карэннай дзяніскаўцы, зусім не дзіўна, што мой зямляк – кіраўнік фермерскай гаспадаркі «АграВосень» Аляксандр Пішч – будзе прадстаўляць  Ганцаўшчыну на VI Усебеларускім народным сходзе. Па-першае, ён граматны фермер  і моцна трымае ў руках сваё прадпрыемства, хаця  часта яму бывае вельмі і вельмі няпроста. Па-другое, на  рахунку Аляксандра Паўлавіча шмат спраў, якімі ён па праву заслужыў павагу землякоў і аўтарытэт у раёне. Аляксандр Пішч – сапраўдны гаспадар зямлі. Ён – асоба.

Размову з Аляксандрам Паўлавічам пачынаем з успамінаў, а яны, як вядома, самыя яркія ў дзяцінстве:

– Бацька мой Павел Маркавіч усё жыццё працаваў брыгадзірам паляводчай брыгады  калгаса «Расія», адной  з магутнейшых  гаспадарак у раёне, затым узначаліў калгаснае малое прадпрыемства «Верасень». З першымі пеўнямі ён ішоў на працу і позна вечарам вяртаўся дадому. Маці заўсёды чакала бацьку з работы, лічаны раз яна дазваляла брату Мішу, сястры Жанне і мне садзіцца вячэраць без яго. А што было на нашым стале? Самыя звычайныя вясковыя стравы, яечня са шкваркамі, тоўчаная бульба, капуста, малако…  Праўда, цуды ўласнай кулінарыі  матуля дэманстравала ў выхадныя, святочныя дні альбо калі ў хату прыходзілі госці. Найчасцей гэта былі бацькавы калегі.  Маркавіч  быў  надта гасцінным чалавекам.

Не дадуць салгаць брат з сястрою:  у адносінах да нас, дзяцей, заўсёды адчувалася цвёрдая бацькава рука. У яго былі такія правілы.  Даў слова – значыцца, выканай, не выканаў – вінаваты. Не хлусі: хлусня рана ці позна наверх выплыве. Не думай, што жыццё – вечнае свята, найчасцей гэта працоўныя будні. І лепш з’еш  кавалак чорнага, чэрствага хлеба ў сваёй хаце, чым прысмакі за чужым сталом.

Хто ведае, можа, нават апошняе правіла Паўла Маркавіча прымусіла малодшага ў сям’і Аляксандра вярнуцца жыць і працаваць у родную вёску са сталіцы.

– Калі бацькі не стала, трэба было некаму з нас траіх прадоўжыць распачатую ім сялянскую справу, – расказвае Аляксандр Паўлавіч. – Сястра абжылася ў Маскве, была замужам за ваенным, таму не да бацькоўскай спадчыны ёй было. Міша таксама з сям’ёю жыў у райцэнтры, меў кватэру, работу… А мне вельмі не хацелася, каб  асірацеў «Верасень», каб у бацькавых цяпліцах гуляў вецер, а  ў полі расло пустазелле.

Зараз на Ганцаўшчыне  кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі «АграВосень»  Аляксандр Пішч – фігура прыкметная. Ён сее жыта і пшаніцу, вырошчвае агуркі, памідоры, капусту, цыбулю, а потым усім гэтым  забяспечвае школы, дзіцячыя садкі, медустановы раёна.

– Цяжка цяпер працаваць фермеру, які спецыялі зуецца на вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, – прызнаецца Аляксандр Паўлавіч, – канкурэнцыя вялікая. Запаланілі прылаўкі замежнай агароднінай. А свая іншы раз у полі гніе. Душа баліць.

Баліць душа ў нераўнадушнага Аляксандра Пішча і за тое, што моладзь у вёсцы не застаецца працаваць.

– З жахам думаю, што не сёння заўтра настане час і школа зачыніцца: сем’яў у вёсцы па пальцах палічыш, таму і дзяцей усё менш і менш, – разважае субяседнік. – А не будзе школы, прападзе і вёска.  А як затрымаць моладзь у сельскай мясцовасці, як зрабіць вёску прывабнай для юнакоў і дзяўчат? Мае дзеці таксама жыць у горад падаліся. Мо мёдам ім там намазана?

Хаця сын Павел толькі напалову пакінуў вёску. Пасля заканчэння спачатку  Ляхавіцкага аграрнага каледжа, затым Баранавіцкага дзяржуніверсітэта разам з Аляксандрам Паўлавічам   ён працуе ў «АграВосені».

– Разам мы шукаем і, дзякуй богу, знаходзім найбольш эфектыўныя шляхі ў раслінаводстве, новыя падыходы для вядзення бізнесу, – тлумачыць Аляксандр Паўлавіч. – Напрыклад, у пазамінулым годзе  запусцілі вытворчасць вугалю, дарэчы, у якасці сыравіны выкарыстоўваем  драўняныя адходы. Скажу шчыра: наша прадукцыя карыстаецца попытам. Асабліва прыемна, калі заязджаеш у тыя ж Баранавічы і бачыш на свае вочы, як пакупнікі, маючы вялікі выбар вугалю, аддаюць перавагу  нашай прадукцыі.

І яшчэ адна дэталь. Трэці тэрмін запар Аляксандра Паўлавіча землякі выбіраюць дэпутатам Дзяніскавіцкага сельскага Савета, не фармальна, а таму што давяраюць.

– На такіх, як Аляксандр Паўлавіч, не толькі бізнес трымаецца, але і вёска, – уступае ў размову старшыня Дзяніскавіцкага сельвыканкама Людміла Дубоўская. – Ён нераўнадушны і спагадны да чужых праблем, падтрымае словам, дапаможа справай. Успомніць толькі мінулагодні суботнік на могілках: і сам выйшаў папрацаваць, і людзьмі з бензапіламі, транспартам дапамог.  Не аднойчы даваў Паўлавіч падставу, каб захапіцца яго добрым сэрцам. Не пашкадуе, выдзеліць сродкі для правядзення дабрачынных акцый, дапаможа старым, нямоглым.

– Да таго ж гэта цікавы субяседнік, – дапаўняе Людмілу Міхайлаўну дырэктар Дзяніскавіцкай школы Наталля Берташ. – У яго ёсць сваё меркаванне, свой погляд на тое, што адбываецца ў краіне, раёне, нашых Дзяніскавічах. Колькі слушных прапаноў  ён унёс  пры правядзенні сходаў, сустрэч кіраўніцтва раёна з насельніцтвам! А гэта не кожнаму па сілах.

На словы зямлячак Аляксандр Паўлавіч сціпла ўсміхаецца:

– Мне сапраўды не абыякава, чым жывуць Дзяніскавічы і вёска наогул. Разлічваю, што пра яе будучыню, стварэнне лепшых умоў для жыцця  людзей, новых рабочых месцаў, павышэнне канкурэнтаздольнасці сельскагаспадарчай прадукцыі будуць гаварыць на Усебеларускім народным сходзе.

Далейшую размову з фермерам перапыняе тэлефонны званок: жыхар вёскі Люсіна нарыхтоўваў дровы і ў мінус 18 заглох у лесе.  Трэба «пацягнуць».

– Ну як тут адкажаш? – нібыта апраўдваючыся, гаворыць Аляксандр Паўлавіч. – Не важна, зямляк мой гэта ці не, дапамагаць людзям трэба заўсёды.  Дый слова даў, што прыеду.   А даў, як бацька вучыў, значыць, выканаць павінен.

Галіна ПУПАЧ.