Ствараць будучыню з аглядкай на мінулае
Дэлегатам на VI Усебеларускі народны сход ад Ганцавіцкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» абралі загадчыка ДУА «Яслі-сад № 12 в. Кукава» Юлію Зялёнка. Жанчына мае асабістую грамадскую пазіцыю, прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія ладзяцца ў вобласці, рэспубліцы. Яна сур’ёзна ставіцца да будучыні краіны, таму мець дачыненне да прыняцця лёсавызначальных рашэнняў для яе адказна і ганарова.

– З пачатковых класаў марыла стаць настаўнікам альбо выхавальнікам, таму што бачыла і адчувала, з якой любоўю, павагай ставіліся да дзяцей настаўнікі, якая адданасць была ў іх да сваёй прафесіі. Мне таксама хацелася быць падобнай на іх, – успамінае Юлія Зелёнка. – Не магу не сказаць аб асабістых адносінах да беларускай мовы. Любоў да роднай мовы прывілі не толькі мая сям’я, але і настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Леаніда Рапейка і Наталля Табала, якім я бязмерна ўдзячна. Дзякуючы іх асабістаму прыкладу я і цяпер размаўляю па-беларуску, люблю прыгожую родную мову і веру ў яе адраджэнне.
Пасля заканчэння Агарэвіцкай сярэдняй школы Юлія Аляксандраўна мэтанакіравана паступіла ва УА «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт» на спецыяльнасць «Дашкольная адукацыя. Практычная псіхалогія» і, здавалася, была самым шчаслівым чалавекам на свеце.
– Так склалася, што з аграгарадка Агарэвічы я з мужам і дачушкай пераехалі жыць у Кукава, дзе першапачаткова муж працаваў у калгасе. Ад гаспадаркі яму выдзелілі службовае жыллё – аднакватэрны дом, які з 2012 года знаходзіцца ў нашай уласнасці дзякуючы льготнаму крэдытаванню для маладых сем’яў у сельскай мясцовасці, – распавядае жанчына. – Пасля заканчэння вучобы ва ўніверсітэце я пачала працаваць у яслях-садзе выхавальнікам, праўда, думала, што папрацую толькі тры гады, бо прыйшла на падмену сацыяльнага водпуску па догляду дзіцяці да трох гадоў.
У пачатку 2016 года Юлія Зялёнка ўзначаліла пярвічную прафсаюзную арганізацыю ясляў-сада, а ў верасні 2019 года стала загадчыкам ДУА «Яслі-сад № 12 в. Кукава».
Аднак зацыклівацца на адной рабоце Юлія Аляксандраўна не прывыкла. Яе энергіі і аптымізму хапае на вышыванне, вязанне, выкананне песень на вясковых святах. Дарэчы, спяваць жанчына любіла заўсёды. Мабыць, таму, што жыла і выхоўвалася разам з бабуляй, да якой часцяком прыходзілі аднавяскоўкі паспяваць народныя песні.
– Апошнім часам мне асабліва падабаецца слухаць і спяваць песні беларускіх выканаўцаў. Ансамбль «Сябры», Ірына Дарафеева, Якаў Навуменка – тыя артысты, песні якіх закранаюць самыя таемныя куточкі душы, – прызнаецца суразмоўца.
А душа ў Юліі Зялёнка, відаць, шырокая. Бо перажывае яна і за сваю сям’ю, клапоціцца пра яслі-сад, неабыякавая і да будучыні сваёй краіны. Нездарма ў мінулым годзе Юлія Аляксандраўна стала членам Беларускага саюза жанчын, у складзе якога прымала ўдзел у маладзёжным форуме ў Баранавічах, Рэспубліканскім жаночым форуме, адкрытых пляцоўках, на якіх разглядалі хвалюючыя праблемы, выслухвалі прапановы моладзі, абмяркоўвалі пытанні патрыятычнага выхавання, перспектывы на будучыню.
Але ж планаваць будучыню краіны, лічыць жанчына, трэба з аглядкай на яе мінулае. Менавіта ў сям’і Юліі Зялёнка вельмі часта гавораць пра гісторыю роднага краю, нашай краіны. Юлія Аляксандраўна любіць успамінаць свайго дзядулю, які прайшоў вайну і для якога кожнае 9 Мая было са слязамі радасці на вачах. Не кажучы ўжо пра тое, што Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь – адны з самых важных і галоўных свят у сям’і.
– Я з гонарам распавядаю дачцэ пра свайго дзядулю, пра герояў вайны, пра тое, якой цаной народу дасталася перамога і што ў мірны час не варта пра гэта забываць, – дадае Юлія Зялёнка. – Як кажуць, што маем – не захоўваем, страціўшы – плачам. Таму хочацца, каб маладое пакаленне вывучала гісторыю, ведала і яе яркія, і сумныя моманты і шанавала тое, што мае.
Дар’я ЗАНЬКА.