Пажылы мой чалавек

Як вы, шаноўныя чытачы, ставіцеся да сцвярджэння, што маладосць – стан душы? Асабіста мне здаецца, у гэтым ёсць рацыя. Можна ў трыццаць гадоў адчуваць сябе стомленым, расчараваным, выціснутым, як лімон, а можна ў восемдзесят быць жыццялюбам, аптымістам, выпраменьваць энергію. Ды і наогул, дзе тая дакладная мяжа, калі мудрасць пераходзіць у сталасць, а сталасць – у старасць? Зразумела ж, не толькі гладкі, без маршчынак твар і адсутнасць сівых валасоў з’яўляюцца прыкметамі таго, што чалавек – «пры выкананні» сваіх жыццёвых абавязкаў, што не расліна ён пад сонцам, а фарміруючая свет асоба.

Тым не менш шаноўны ўзрост ёсць шаноўны ўзрост. Адна мая сяброўка неяк прызналася: «Я адчуваю незразумелую віну перад старымі людзьмі. Сціскаецца сэрца, калі бачу нямоглую, бездапаможную бабульку, якая з апошніх сіл – сама – у аптэку альбо ў магазін. Ці  ўбачу дзядка на лавачцы, кіёк побач, альбо іншага – з медалямі – у шарэнзе ветэранаў Вялікай Айчыннай».

Адчуванні і эмоцыі маёй сяброўкі, мусіць, знаёмыя многім. Толькі пра віну не варта думаць, лепш – пра ўвагу і чуласць да іх, пра клопат і міласэрнасць. Проста паважаць трэба тых, хто крочыць па восені свайго жыцця. Паважаць, клапаціцца, дапамагаць, берагчы ад болю, нястач,  ды мала ад чаго можна зберагчы чалавека…

«Калі былі мы маладымі» – гэта любімая тэма бабуль і дзядуль. Па ўспамінах, як жа хораша там, у іх далёкай маладосці! Якія там росныя ранкі, які духмяны хлеб, якія багатыя сенажаці!.. Быццам і сонца там ласкавейшае, і паветра мядовае, і пачуцці самыя сапраўдныя, і…  І ўсё па адной прычыне: таму што там тэрыторыя запаведная, тэрыторыя маладосці, вымярэнне, у якое вярнуцца немагчыма. Хіба што ў  памяці, хіба што ў снах, хіба што гледзячы на любімых унукаў, слухаючы іх шчэбет, чакаючы іх крокаў апоўначы – з дыскатэкі, са спаткання…

А ўнукі што, а дзеці? Ды ў клопатах сваіх і турботах. Як часта ім не да бацькоў, не да бабуль-дзядуль, не да ўсяго свету – праблемы, пошукі, знаходкі, страты. Чмокнуць у зморшчаную, бы печаны яблык, шчаку – гэта ў лепшым выпадку, гэта знак увагі, на які патрабуецца імгненне. А ў сутках 24 гадзіны, сон не ідзе, безліч дум і пытанняў, безліч адзіноцтва ўмяшчаюць суткі. Гэта ведаюць толькі тыя, хто сам паспытаў.

А вось адна знаёмая бабуля вышэйвыкладзеную філасофію вызначыла б коратка: глупства, з раскошы шалець – хварэць такой «лірыкай». Таму што гэта бабуля пакутуе ад роднага сына, які здзекуецца са старой, абражае, гоніць з хаты. Прынамсі, з яе хаты.

Пэўна, ёй выкажуць салідарнасць і карыстальнікі сацыяльных ложкаў. Іх многа, адзінокіх ці кінутых дзецьмі, унукамі, стаўшых «дзяржаўнымі» старымі. Колькі  такіх, хто на невялікую пенсію ўтрымлівае вялікаўзроставых дзетак, п’яніц і гультаёў… Колькі іх, няшчасных, са слязьмі на вачах і ў сэрцы. Старасць – не радасць. А яна павінна быць радасцю, таму што, зноў жа, павінна быць часам збору ўраджаю, аддачы памкненняў і сённяшніх здзейсненых жаданняў. У чым віна, якія памылкі дапушчаны? Нездарма гавораць, што нягоднік не родзіцца, а робіцца. І дадаюць, маўляў, што ў маленстве выхаваеш, на тое ў старасці абапрэшся.

Але ўспомнім  яшчэ адну народную мудрасць: «Хто бацькоў шануе, той і дзецям добрую долю гатуе». Ёсць у гэтым шанаванні адзін аспект, які быццам бы і не з разраду «жыццёвых паказанняў», аднак з’яўляецца і стымулам, і стымулятарам жыццёвых сіл. Гаворка пра адказнасць дарослых дзяцей, не толькі пра быт старэнькіх татаў-мам, але і пра «нядопуск» іх да адзіноцтва, да адчування непатрэбнасці. Засцерагчы ад болю, душэўных пакут і проста, і складана. Часам лёгка, часам непаддымна. Важна пачуць, адгукнуцца, прымчацца, а не адмахнуцца, маўляў, патэлефаную і праблему вырашу. А «праблема» змахне слязінку са зморшчанай шчакі і скажа, што ў яе ўсё добра, што сусед дарожку да ганка ад снегу расчысціў, што фельчарка заходзіла ціск памераць, наогул, няхай дзеці там, у горадзе, не хвалююцца пра яе, вось толькі як бы перадаць для іх квашанай капусты – сама рабіла…

Прыкладна такая гісторыя і ў бабулі Лёдзі. Муж памёр, калі дзеці былі яшчэ школьнікамі. Паднімала іх адна. Дачка і сын даўно і трывала ўладкаваліся далёка ад бацькоўскага дому, самі ўжо не надта маладыя. Сказаць, што пра маці забыліся, будзе няпраўдай: тэлефануюць, раз-другі ў год наведваюцца, раней унукаў летам прывозілі – на чыстае паветра, на сырадой, на агурочкі-вішанькі-маладую бульбу са свайго агарода. Дзеці сталі сталымі, унукі выраслі, клопатаў у іх хапае. І ўсё складаней знайсці час, каб адведаць бабулю, дапамагчы ёй па гаспадарцы. Ды, зрэшты, проста пагаварыць, паслухаць яе гісторыі, паўспамінаць, распытаць, пачуць пра яе дзяцінства, пра тое, як пад адным дахам хапала месца тром пакаленням сям’і. Паспець гэта зрабіць, не спазніцца – ёй жа без малога дзевяць дзясяткаў. Але чамусьці не хапае часу… замучыла мітусня… вось летам абавязкова… 

«Яны такія занятыя! Не хачу іх турбаваць ні скаргамі на здароўе, ні просьбамі. Да сябе запрашалі. Толькі куды я з дому, на каго свайго Шарыка пакіну?» – бабуля Лёдзя глядзіць даверліва на сваю субяседніцу, якая распакоўвае сумку з прадуктамі. «Зараз мы самі ўсё зробім. І печ напалім, і блінцы спячом, і гарбаты пап’ём», – чуе ў адказ, і на душы робіцца спакойна і хораша. Блізкім чалавекам, родным чалавекам стала для старой гэта добразычлівая жанчына – сацыяльны работнік. Такая вось палачка-выручалачка…

Пенсія? Дзяржава плаціць без спазненняў. Медыцынскае абслугоўванне? Для ўсіх аднолькава ўважлівае і бясплатнае. Дапамога сацыяльнага работніка? Калі ласка. Любоў і ўвага блізкіх? Як атрымліваецца: каму многа, а каму нічога. А наконт жадання быць патрэбным, то нічога звышнатуральнага ў ім няма. Яны прывыклі працаваць і цяпер не ў стане змірыцца з тым, што могуць менш ці наогул не могуць. Яны такія, якія ёсць: з бясконцымі парадамі, іншыя – з заўсёдным жаданнем пагаманіць-паўспамінаць, а нехта – з абсалютным перакананнем, што агародзікам у колькі сотак на свеце трымае дастаткова заможных дзяцей. Яны такія, якія ёсць. Якімі сталі. Якімі іх зрабіла жыццё. З мудрасцю і вопытам, з важкім багажом мінулага і з вялікай душой, напоўненай любоўю.