Красавіцкія тэзісы

Расчуліўся красавік бярозавікам, напыжыўся пупышкамі на дрэвах, а ў лясную фантазію кінуў россып, ды што там россып – чароўны абрус першацветаў-акселератаў. Вясновае абуджэнне заўсёды на мажорнай ноце, бы песня жаўрука. Хочацца чысціні! І мы наводзім парадак у доме, на двары, выцягваем з куткоў непатрэбную старызну, вытрэсваем пыл, да бляску намываем аконнае шкло, каб упусціць у пакой сонечныя зайчыкі. Перад Маем, перад Вялікаднем (католікі свой прычакалі, праваслаўныя рыхтуюцца) гэта – першая справа. Ды і вясна патрабуе таго ж самага.
Заўважу, што ў красавіцкіх дажджоў ёсць незвычайная ўласцівасць: пасля іх вельмі кідаецца ў вочы ўся паслязімовая неўладкаванасць – тое, што не прыбралі ў мінулым годзе, цвілое і шэрае. Агароджы падказваюць, што іх трэба пафарбаваць, дрэвы на вуліцах населеных пунктаў – пабяліць, кветнікі – што таксама чакаюць клапатлівых рук. Генеральна прыбрацца – трэба добра пастарацца! Мэтазгоднасць чысціні – у першую чаргу ў яе карысці (памятаеце, чысціня – залог здароўя?) і ў стваральна-пазітыўным уплыве на эстэтыку быту, адпаведна – на настрой, а значыць, і на жыццёвы тонус. Невыпадкова на Брэстчыне па добрай традыцыі ў красавіку праводзіцца месячнік па добраўпарадкаванні. Сёлета не стала выключэннем. Праграма даволі напружаная. Чыстых чацвяргоў – сем на тыдні! І гэта правільна: работ жа – поўны рот. У красавіцкім раскладзе яны сярод першых і галоўных, да таго ж нічога нельга ўпусціць, не ўбачыць, не заўважыць. Гэта ў роўнай ступені адносіцца да ўласных квадратных метраў і сотак і да нашай агульнай тэрыторыі – пад’ездаў, двароў, вуліц, плошчаў, сквераў, паркаў, любімай алеі…
Дарэчы, у тэзісах красавіка даволі заўважнае месца адведзена клопату пра азеляненне. Адзін толькі Тыдзень лесу чаго варты! Дрэвы растуць не так хутка, як кветкі. Але ж каб яны цягнуліся да сонца, мажнелі, ачышчалі паветра, радавалі вока, зрэшты, упрыгожвалі мясцовы пейзаж, іх трэба спачатку высадзіць, а потым даглядаць. Навучэнцы Ганцавіцкага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, напрыклад, сваю алею з маладзенькіх ліпак заклалі: дрэўцы ўкараняюцца на пастаянным месцы жыхарства. І, што радуе, гэта далёка не адзінкавы прыклад. Мяркую, каляндарным тыднем акцыя не абмяжуецца і юныя каштаны, рабінкі, вербы, клёны, бярозкі дадаткова з’явяцца па шматлікіх, выбраных для іх адрасах.
Цяпер жа самы час абдумаць, зрабіць акцэнты і творча падысці да яшчэ адной тэмы – кветкавай. Адштурхоўваемся ад таго, што красак многа не бывае! Ім утульна на клумбах, альпійскіх горках, сярод газонаў, уздоўж тратуараў, у неверагодна прыгожых дызайнерскіх кампазіцыях, у дварах шматпавярховікаў і ў агародчыках прыватнага сектара. Кветкамі можна пакінуць аўтограф-прызнанне ў любові любімаму гораду, «падпісаць» нейкі знакавы адрас. Цудоўна выглядае і ўспрымаецца! Суаўтарамі адказнай за гарадскі пейзаж і ландшафтны дызайн камунальнай службы могуць і павінны стаць шматлікія ўстановы, арганізацыі, прадпрыемствы, жыхары райцэнтра, аграгарадкоў, вёсак. Калі талакой, ды з жаданнем, творчасцю і фантазіяй, то можна будзе чакаць працяглага, пышнага шматквецця, без якога май – не май, лета – не лета.
Наконт апошняга месяца вясны. Красавік – ягоная прадмова. Россып майскіх святаў такі шчодры, такі пранізліва хвалюючы, такі блізкі і дарагі сэрцу. Ён патрабуе падрыхтоўкі, якая, па сутнасці, пачалася. Наводзім парадак, заадно нагадваем добра вядомае: чыста там, дзе не смецяць. Успомні пра гэта, чалавек культурны, калі збіраешся кінуць пад ногі пачак з-пад цыгарэт (яшчэ не адмовіўся ад курэння?) ці абгортку ад цукеркі; калі пакет са смеццем пакідаеш пад чужым плотам; калі мех з непатрэбшчынай вывозіш у лес; калі шпурляеш пустыя бутэлькі ў рэчку ці на газон; калі перасоўваеш мінулагодняе лісце ад магілы сваіх блізкіх пад безыменны крыж…
А як наконт парадку ў нашых душах? Ці даўно тут рабілася «генеральная»? Ці не набілася бруду чэрствасці ў яе куточкі, ці не пакрылася пылам раўнадушша яе абалонка? Іншы раз бяздумна паўтараем: грахі нашы цяжкія… Так прынята – уздыхнуў і сказаў. А варта задумацца. Асабліва цяпер, калі ў праваслаўных хрысціян працягваецца Вялікі пост. Самы час адказаць на гэтыя «нязручныя» пытанні, у першую чаргу самому сабе – сумленна, чыстасардэчна і шчыра. Адказаць, каб прызнаць памылкі. Каб выправіць тое, што можна выправіць. Каб не дапусціць, не дазволіць новых. Таму што (паўтару камунгасаўскі дэвіз) чыста там, дзе не смецяць.
…Вясновы дэсант – часовы і… своечасовы. Мяцём, фарбуем, чысцім, мыем. Між тым на вачах адбываецца звычайны цуд: вясна ідзе, вясне дарогу! Не заўважыць гэта проста немагчыма. Вы ж таксама бачылі?
Учора над старой буслянкай кружыў бусел, а ў садзе па-гаспадарску абжываюцца шпакі. Наогул, птушыных домікаў сёлета прыбавілася.
У беластвольным гаі – «аншлаг»: сезон бярозавіку ў разгары.
Пасля ўрокаў дзятва ганяе на самакатах, веласіпедах, роліках, скутарах. Гоман, шчэбет, смех.
Поплаў становіцца сакавіта зялёным, а на вярбе красуюць коцікі.
Падаконнікі «акупіравала» расада, скрыні з якой занялі сваё пачэснае месца.
Усё гэта – экватар вясны, самая яе сярэдзінка. Усё гэта – красавік.