«Нам бы вашага Бацьку!», ці Некалькі сакавіцкіх дзён у Піцеры

Не ведаю нават, ці трапіла б у Піцер, калі б не старэйшая дачка, якой апошнім часам я не пераставала паўтараць, што горад слаўнага Пятра – мара ўсяго майго свядомага жыцця і цікавы ён мне не толькі Эрмітажам і Неўскім праспектам, унікальнай архітэктурай і помнікамі, але і маленькімі кнігарнямі, кафейнямі ў падвалах шматпавярховікаў, шыкоўным метро з безліччу непадобных адзін на аднаго прыпынкаў, атмасферай, дзіўнай, непаўторнай. І калі вада камень точыць, то і я дасягнула ўсяго таго, да чаго імкнулася.
Паўночная сталіца Расіі, звычайна з непрыязным надвор’ем, ветрам, сырасцю і дажджом, сустрэла нас шчодрым, марозна-жоўтым сонцам. Праўда, на трэці дзень прыбывання ў Піцеры, снег усё ж такі пасыпаў, аднак ён не сапсаваў ні настрой, ні ўражанні. З вялікім задавальненнем мы гулялі па наберажнай ракі Мойка, Дварцовай плошчы, незвычайным, абвеянным вялікай колькасцю легенд – Васільеўскім востраве. Здзівілі ўнікальнасцю архітэктуры і затрымалі на некалькі гадзін сваім знешнім і ўнутраным выглядам Храм Спас на крыві, Ісакіеўскі Сабор, царква іконы Божай Маці «Всех скорбящих радость». Запомніцца на ўсё жыццё камерны музей адной з найвялікшых паэтак Срэбранага стагоддзя – Ганны Ахматавай на першым паверсе чатырохпавярховага садовага флігеля Шэрамецьеўскага палаца, дзе беражліва захоўваецца не толькі інтэр’ер кватэры, у якой жыла паэтэсса, але і яе асабістыя рэчы, фотаздымкі, пісьмы, рукапісы…
Сапраўднымі творамі мастацтва падаліся намагільныя помнікі пісьменнікам, мастакам, кампазітарам, скульптарам, палітычным і духоўным дзеячам мінулага, што на тэрыторыі Аляксандра-Неўскай лаўры. Сваёй незвычайнасцю і манументальнасцю ўразіў помнік вялікаму Дастаеўскаму, сціпласцю – знакамітаму мастаку Кустодзіеву. У маўчанні пастаялі мы і каля магілы-помніка былому мэру, чалавеку, які вярнуў Санкт-Пецярбургу яго спрадвечнае імя – Анатолію Сабчаку. Не буду ўжо казаць, пад якім уражаннем засталіся ад пяцігадзіннага блукання па Эрмітажы, наведвання Кунтскамеры і знаёмства з яе незвычайнымі экспанатамі, арт-выставы бельгійскага мастака-жывапісца Рэне Мегрэта…
Адным словам, чатыры дні ў Піцеры ўмясцілі ў сябе ўсё, што змаглі. Нават, нечаканыя знаёмствы і размовы.
…На выставу-падарожжа знакамітага расійскага рэжысёра Балабанава нас вёз таксіст-таджык. Ветлівы,мілавідны, гаваркі… Недзе за паўгадзіны, што прыйшлося ехаць з ім у аўто, расказаў, што ў Піцер прыехаў напачатку дзевяностых і ўсім сэрцам палюбіў горад на Няве. Гаварыў мужчына аб мясцовых славутасцях, якія абавязкова трэба наведаць кожнаму госцю паўночнай сталіцы, раіў, у якое кафэ лепш зазірнуць, каб паабедаць смачна і танна. Трэба прызнаць, што асаблівымі стаўленне да нас і размова ў таксіста сталі пасля таго, як ён даведаўся, што мы – беларусы.
– Шчырыя, гасцінныя, добрыя людзі, гатовыя ў любы, асабліва цяжкі час падставіць свой плячук, – прызнаўся ён. А потым расказаў, што яго суседзі па лесвічнай пляцоўцы таксама беларусы, дый яму неаднойчы за жыццё даводзілася бываць у Мінску і Полацку, нават некалькі спякотных дзён правёў на беларускіх азёрах.
– Вы не бачыце таго, што мы з боку бачым, – заўважыў «піцерскі таджык». – У вас ёсць усё для камфортнага жыцця, вы можаце бясплатна лячыцца, вучыцца, недорага адпачываць. А лідар у вас які!
Крыху памаўчаўшы, мужчына дадаў:
– Нам бы вашага Бацьку! Быў бы парадак і дысцыпліна! З раніцы да вечара ён сустракаецца з людзьмі, не грэбуе ні трактарыстам, ні даяркай. Кожны куточак Беларусі ведае, кожны хлебны каласок перад жнівом у руках трымае…Дзе вы бачылі такое ў Еўропе? Нездарма, паверце, нездарама яго Бацькай называюць.
Пасля размовы з таксістам-таджыкам моцны марскі вузел уражанняў ад Піцера завязаўся яшчэ больш. Бо як тут ні круці: прыемна добрае не толькі бачыць, але чуць. І хаця ўражанні чалавечыя, погляды бываюць самыя розныя, Бацькаўшчына ў нас адна. Памятаеце, як у адной прымаўцы:«Самая лепшая хатка, дзе нарадзіла матка».
Галіна ПУПАЧ.