З аператыўных зводак тыдня

МІЛІЦЫЯ

Паўторнае

затрыманне

1 верасня следчым Ганцавіцкага РАСК узбуджана крымінальная справа ў адносінах да жыхара горада Ганцавічы, 1983 года нараджэння, які паўторна, на працягу года пасля прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, кіраваў аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення.

Дастаўлены

ў бальніцу

Вечарам гэтага ж дня ў аператыўна-дзяжурную службу паступіла паведамленне дзяжурнай медыцынскай сястры прыёмнага пакоя УАЗ “Ганцавіцкая ЦРБ” аб тым, што брыгадай хуткай дапамогі да іх дастаўлены жыхар вёскі Малькавічы. Дыягназ: “Закрытая чэрапна-мазгавая траўма, рана галавы, алкагольнае ап’яненне”. Са слоў пацярпелага, яго пабілі ў Малькавічах незнаёмыя грамадзяне.

Падрабязнасці справы высвятляюцца.

Самаробны

алкаголь

2 верасня паступіў рапарт участковага інспектара міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ганцавіцкага РАУС аб тым, што ім выяўлена 3,5 літра самагонкі і два самагонныя апараты ў жыхаркі вёскі Хатынічы.

Праверку праводзіць РАУС.

Сямейная

драма

У пятніцу, 4 верасня, паступіла паведамленне дзяжурнай медыцынскай сястры аб тым, што брыгадай хуткай дапамогі ў прыёмны пакой УАЗ “Ганцавіцкая ЦРБ” дастаўлена жыхарка вёскі Люсіна, 1977 года нараджэння, з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай. Па словах жанчыны яе пабіў муж.

Выпадак

з непаўналетнімі

31 жніўня старшым следчым РАСК узбуджана крымінальная справа ў адносінах да непаўналетніх, 2000 і 1999 гадоў нараджэння. Маладыя людзі, знаходзячыся ў вёсцы Малькавічы, без прычыны, з хуліганскіх намераў, пашкодзілі драўляныя платы вакол дамоў. Уладальнікам маёмасці прычынены матэрыяльны ўрон на суму амаль 2 мільёны рублёў.

Крымінальная адказнасць

У гэты ж дзень старшым следчым Ганцавіцкага РАСК узбуджана крымінальная справа ў адносінах да жыхара вёскі Люсіна, 1978 года нараджэння, непрацуючага, які больш за тры месяцы ўхіляўся ад выплаты аліментаў на ўтрыманне непаўналетніх сына і дачкі, і ў сувязі з гэтым дапусціў запазычанасць у суме больш за 10 мільёнаў рублёў.

Зводкі чытала

Ксенія ЛУЦКО.

міліцыя