Наталля Клявец: “За лічбамі — лёсы людзей”

Цяжка пераацаніць ролю работнікаў сацыяльнай абароны ў жыцці грамадства. Іх дзейнасць звязана з налічэннем дапамог пры нараджэнні дзіцяці, кантролем за заработнымі платамі, пенсіямі і многім іншым. Структура сацыяльнай абароны насельніцтва пастаянна развіваецца і ўдасканальваецца.

Другога лютага адбыўся сход, на якім абмяркоўваліся вынікі работы за 2015 год калектываў — упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне раённага выканаўчага камітэта і ДУ “Ганцавіцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”. Аб выніках работы раённай службы сацабароны карэспандэнт раённай газеты Вікторыя ПРЫКОТА гутарыць з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталляй Клявец (НА ЗДЫМКУ).

— Наталля Ігнацьеўна, важная састаўная сацыяльнай абароны — пенсійнае забеспячэнне. Раскажыце, калі ласка, як працавала ў мінулым годзе служба сацыяльнай абароны ў гэтай сферы?

— Падтрымка старых і дзяцей была і застаецца асновай нашай дзейнасці. У Ганцавіцкім раёне пражываюць 9 тысяч 30 пенсіянераў і інвалідаў — гэта больш чым 31 працэнт насельніцтва раёна. Сярэдні памер налічанай пенсіі за 2015 год склаў звыш 2,5 мільёна рублёў. Расходы на выплату пенсій — 264,3 мільярда рублёў.

У цэлым сістэма сацыяльнай абароны працавала стабільна. Пенсіі выплачваліся своечасова і ў вызначаныя тэрміны. Павялічылася колькасць пенсіянераў, якія атрымліваюць пенсіі праз банкі. Аднак аддзелу пенсій і  дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне неабходна і надалей праводзіць мэтанакіраваную работу па прыцягненні пенсіянераў на выплату пенсій праз банкаўскія ўстановы. Гэта дазволіць сэканоміць сродкі пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны.

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 389 ад 3 верасня 2013 года “Аб некаторых пытаннях пенсійнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання” са студзеня 2015 года павялічаны страхавы стаж для назначэння працоўных пенсій з 10 да 15 гадоў, а з 2016 года ён будзе павялічвацца кожны год на 6 месяцаў і так да 20 гадоў. Па прычыне адсутнасці 15-гадовага страхавога стажу 8 грамадзянам адмоўлена ў назначэнні пенсіі.

— А ці кантралююцца атрымальнікі дапамог?

— Так, канечне. Атрымальнікамі дапамог па доглядзе інвалідаў першай групы і асоб, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту і якія маюць патрэбу, паводле заключэння органаў аховы здароўя, з’яўляюцца 215 чалавек. Наладжаны сістэматычны кантроль з выездам па месцы жыхарства інвалідаў першай групы і 80-гадовых, за якімі ажыццяўляецца догляд.

За мінулы год наведаны ўсе атрымальнікі дапамог. У гэтым накірунку аддзел наладзіў работу, аб чым гавораць лічбы. Але для нас у першую чаргу важны людзі, а не лічбы. Таму наша галоўная задача не прапусціць таго, хто мае патрэбу ў доглядзе, а таксама не назначыць дапамогу таму, хто фактычна не ажыццяўляе догляд. Праводзілася праверка атрымальнікаў дапамог па доглядзе па спісах Фонду сацыяльнай абароны. Выяўляліся выпадкі, калі нядобрасумленныя атрымальнікі працавалі, але не паведамлялі нам. У выніку праверак вынесена 15 рашэнняў камісіі аб спагнанні пераплат дапамог на агульную суму каля 22 мільёнаў рублёў. У выпадку смерці пенсіянера выплата пенсіі спыняецца і выпісваецца дапамога на пахаванне. За 2015 год аддзелам пенсій і дапамог выдадзена 351 даручэнне на выплату дапамогі на пахаванне.

— Што яшчэ робіцца для пенсіянераў і інвалідаў?

На гэтую катэгорыю насельніцтва мы стараемся звярнуць асаблівую ўвагу. Для вырашэння цяжкіх жыццёвых сітуацый і падтрымкі ўзроўню жыцця 278 пенсіянерам і інвалідам са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ў 2015 годзе аказана матэрыяльная дапамога на суму 160 мільёнаў рублёў, са сродкаў раённага бюджэту — 12 грамадзянам на суму 9 мільёнаў рублёў. Дапамога аказвалася на розныя мэты: набыццё паліва, дарагіх лекаў, у сувязі з доўгім лячэннем, рамонтам печы, плота. 22 ветэранам, удзельнікам вайны і прыраўнаваным да іх грамадзянам, выплачана грашовая дапамога на аздараўленне асобнай катэгорыі грамадзян за нявыкарыстаную санаторна-курортную пуцёўку на суму 33,5 мільёна рублёў.

У мінулым годзе рэспубліка святкавала 70-годдзе перамогі ў ВАВ. Таму ветэранам была нададзена асаблівая ўвага. Праведзена стопрацэнтнае абследаванне гэтай катэгорыі грамадзян,задаволены іх патрэбы і запыты. У першым паўгоддзі 2015 года ўпраўленнем выплачана матэрыяльная дапамога ветэранам ВАВ і асобам, пацярпелым ад наступстваў вайны, на суму 347 мільёнаў рублёў. З нагоды святкавання Дня Перамогі за кошт сродкаў спонсараў  гэтай катэгорыі грамадзян уручаны прадуктовыя наборы.

Да таго ж, сектарам па матэрыяльна-бытавым абслугоўванні праводзіцца комплексная работа па стварэнні безбар’ернага асяроддзя жыццядзейнасці фізічна аслабленых асоб. У мінулым годзе створана камісія па садзейнічанні ў стварэнні ўмоў па фарміраванні безбар’ернага асяроддзя для такіх людзей. Спецыялістамі праводзіцца маніторынг будынкаў і збудаванняў інфраструктуры раёна на адпаведнасць патрабаванням безбар’ернага асяроддзя.

— А якая дапамога аказваецца шматдзетным сем’ям?

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Бедарусь ад 9 снежня 2015 года № 672 “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей” сем’ям пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга і наступных дзяцей прадастаўляюцца безнаяўныя грашовыя сродкі ў памеры 10000 долараў ЗША. Райвыканкамам прынята 48 станоўчых рашэнняў аб назначэнні сямейнага капіталу.

У 2015 годзе была праведзена работа па выяўленні кандыдатур для ўзнагароджання ордэнам Маці сярод жанчын, якія нарадзілі пяцёра і больш дзяцей. Прынята рашэнне аб узнагароджанні 11 чалавек.

— Асаблівай увагі заслугоўвае работа тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Як працавала гэтая ўстанова ў мінулым годзе?

У аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму на пастаянным абслугоўванні знаходзяцца 300 адзінокіх і тых, хто адзінока пражывае, грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў. Асноўныя паслугі, якія аказваюць сацыяльныя работнікі: дастаўка прадуктаў, лекаў, прамысловых тавараў, дастаўка дроў, вады, дапамога па хатніх справах, дапамога ў выкананні асабістай гігіены. Акрамя гэтага, сацыяльныя работнікі дадаткова аказваюць разавыя платныя паслугі. У аддзяленні сацыяльнай дапамогі функцыянуюць “Прыёмная сям’я” і “Гасцявая сям’я”.

Для тых, хто пражывае ў сельскай мясцовасці, працуе 8 сацыяльных пунктаў з выязной формай работы, 1 стацыянарны — у Малькавічах і мабільная брыгада сацыяльнага абслугоўвання. У гэтым пункце прымаюцца звароты грамадзян па аказанні насельніцтву платных разавых і інфармацыйна-кансультацыйных паслуг. Па такія віды паслуг у мінулым годзе звярнуліся 47 чалавек. Усяго за 2015 год па дзяржаўную адрасную дапамогу звярнуліся 887 чалавек. Расходы на дзяржаўную адрасную дапамогу склалі 1,8 мільярда рублёў.

— А якая сітуацыя ў раёне з занятасцю насельніцтва, беспрацоўем? Калі ёсць праблема, дык што зроблена за мінулы год для яе вырашэння?

Адзначалася пагаршэнне сітуацыі на рынку працы, змяншэнне попыту на кадры, асабліва масавых прафесій, якія не патрабуюць кваліфікацыі. Існуе неадпаведнасць паміж попытам і прапановай. У наймальнікаў свае патрабаванні да кандыдатаў па частцы прафесійных уменняў, вопыту, узросту. Адсюль — з аднаго боку вялікая колькасць кадраў на рынку працы, а з другога — дэфіцыт кваліфікаваных кадраў. Расце канкурэнцыя сярод беспрацоўных на рабочыя месцы.

У сувязі з прыняццем Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 года № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” павялічылася колькасць грамадзян, якія звярнуліся ў службу занятасці з мэтай набыцця статуса беспрацоўнага. З пачатку года ў раёне зарэгістравана 589 беспрацоўных. Можна адзначыць, што значная частка гэтых людзей маюць нізкую матывацыю да працаўладкавання. Напрыклад, адмаўляліся ад двух прапаноў падыходзячай работы, не з’яўляліся больш чым тры месяцы на прыём у аддзел па працы і занятасці… З пачатку года мерамі садзейнічання занятасці было ахоплена больш за 800 чалавек. На створаныя рабочыя месцы і заяўленыя вакансіі працаўладкавана 594 чалавекі, у тым ліку 411 беспрацоўных. За 2015 год  створана 153 новыя працоўныя месцы. Дарэчы, попыт наймальнікаў на кадры ў гэтым годзе не знізіўся. Пераважаюць вакансіі ў сельскай гаспадарцы і гандлі. У цяперашніх умовах наймальнікі імкнуцца захаваць працоўныя калектывы, забяспечыць загрузку магутнасцей і работнікаў.

— Што плануецца па гэтым пытанні зрабіць сёлета?

У рамках штогадовых мерапрыемстваў плануецца працаўладкаваць 400 чалавек, на прафесійную падрыхтоўку і перападрыхтоўку накіраваць 19 беспрацоўных, выдаць не менш чым 5 субсідый на арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці, накіраваць на аплачваемыя грамадскія работы не менш чым 100 чалавек, у дадатковай занятасці прымуць удзел не менш чым 150 чалавек з ліку моладзі, якая навучаецца. Гэтыя меры будуць садзейнічаць падтрымцы занятасці насельніцтва ў раёне і забеспячэнню ўзроўню беспрацоўя не больш чым 1,7 працэнта.

Увогуле, у сёлетнім годзе будзем імкнуцца ў поўнай меры задавальняць просьбы і патрэбы насельніцтва. Спадзяюся, у нас гэта атрымаецца.

— Дзякуй за размову, Наталля Ігнацьеўна!

фото 003

One thought on “Наталля Клявец: “За лічбамі — лёсы людзей”

  • 10.02.2016 в 12:07
    Permalink

    Труд, который заслуживает уважения!!!!

Обсуждение закрыто.