Любоў да ўсяго жывога

Пра сваю нялёгкую і адказную работу спецыялісты раённай ветэрынарнай станцыі гавораць з усмешкай. Але ў іх словах — не жарт, а сапраўдная праўда. Ветэрынарыя — гэта медыцына, якая распаўсюджвае міласэрнасць на ўсё жывое.

Вядомыя словы акадэміка Івана Паўлава: “Медыцынскі ўрач лечыць чалавека, а ветэрынарны — чалавецтва” толькі пацвярджаюць, што ўрач ветэрынарнай медыцыны ўніверсальны. Гэта высокаэрудыраваны спецыяліст шырокага профілю. У адной асобе ён сумяшчае тэрапеўта і хірурга, акушэра і гінеколага, інфекцыяніста і паразітолага, мікрабіёлага і фармацэўта, паталагаанатама і судовага эксперта. Галоўны ветурач раёна Ганна Рычаева падкрэслівае, што роля спецыяліста ветэрынарнай медыцыны менавіта ў аграпрамысловым комплексе шырокая і разнастайная. Бо галоўная задача ветэрынарнай службы — правесці ахоўныя і ветэрынарна-санітарныя мерапрыемствы, якія б папярэдзілі з’яўленне ў жывёл вострых інфекцыйных і інвазійных захворванняў, перадачу іх чалавеку, а таксама іншым відам жывёлы. Менавіта ветурач праводзіць ветэрынарна-санітарную экспертызу прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства, якая дае права на іх бяспечнае ўжыванне ў ежу.

“Работы вельмі многа, хоць яна і непрыкметная для людзей старонніх, якія не маюць дачынення да сельскай гаспадаркі і ветэрынарыі, — расказвае Ганна Рычаева. — Штодзень мы праводзіць мноства даследаванняў жывёл на аграпрамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах, бяром кроў на туберкулёз, пробы на выяўленне сальманелёзу і пастэрэлёзу, на інвазійныя захворванні (глісты), лейкоз, бруцэлёз, аказваем дапамогу ў абязрожванні цялят, правяраем кармы і многае-многае іншае.  Таксама ў апошні час асабліва актуальная праблема выяўлення захворванняў свіней, а таму работа ў дадзеным накірунку праводзіцца і вельмі актыўна. Адна бяда, людзі часам не разумеюць ступень небяспекі, якую нясуць у сабе захворванні хатняй жывёлы, стараюцца ўтойваць факты заражэння і паморку жывёл на асабістых падворках, думаюць, так будзе лепш і спакайней. Хачу звярнуцца да гаспадароў, якія трымаюць хатнюю жывёлу: не рызыкуйце, будзьце сумленнымі і ўважлівымі да свайго здароўя. Каб пазбегнуць заражэння, выкарыстоўвайце дэзінфекцыю, апрацоўвайце спецыяльнымі растворамі абутак перад тым, як зайсці ў хлеў ці на ферму. Дарэчы, дэзрастворы можна абсалютна бясплатна ўзяць у нас. Ну і, канечне, надавайце ўвагу якаснаму корму: не купляйце камбікорм з рук, і набывайце толькі заводскай вытворчасці. Памятайце, што захворванні жывёл часта перадаюцца чалавеку і могуць выклікаць вельмі непрыемныя наступствы”.

Па словах Ганны Рычаевай, работнікі ветэрынарнай станцыі займаюцца таксама і кантролем харчовай прадукцыі: на гарадскім рынку, напрыклад, ёсць свая лабараторыя санітарнай экспертызы. Спецыялісты лабараторыі бяруць пробы садавіны і гародніны, якую людзі прадаюць з рук, і робяць аналіз на наяўнасць нітратаў. Гэта абавязковая працэдура, якая прыносіць свае вынікі: на сённяшні дзень няякаснай прадукцыі выяўлена не было.

Акрамя кантролю за сельскімі гаспадаркамі, прыватнымі падвор’ямі і якасцю прадаваемай харчовай прадукцыі, работнікі ветстанцыі займаюцца і лячэннем малых хатніх жывёл.

Як расказала карэспандэнту раёнкі загадчык гарадской участковай ветэрынарнай лячэбніцы Галіна Лашко, “браты нашыя меншыя” заслугоўваюць асаблівай увагі і пяшчоты. “Не мае ніякай розніцы, каго нам прынеслі на лячэнне, да кожнага нашага “пацыента” мы адносімся з любоўю. Не можам мы пасля лячэння не патэлефанаваць гаспадарам сваіх “пацыентаў” і не пацікавіцца, як справы. Перажываем, прывыкаем. Я памятаю ўсіх “сваіх” жывёл… З апошніх — хворы сабака, які праляжаў у нас пад кропельніцай пяць дзён у цяжкім стане. Але выхадзілі”.

Па словах жанчыны, за час сваёй практыкі ёй даводзілася лячыць не толькі сабак і катоў, але і папугайчыкаў, дэкаратыўных трусоў, шыншылу і іншых. І ў кожнага хворага свой нораў, свой непаўторны характар. “З людзьмі, мабыць, лягчэй. Жывёлы не могуць расказаць, дзе ім баліць і як яны сябе адчуваюць. Боль мы бачым у іх вачах і стараемся яго аблегчыць. Вельмі дапамагае маральная падтрымка гаспадароў, бо нават самы злосны сабака становіцца проста спужаным шчанюком, калі  трапляе да нас, у незнаёмае асяроддзе”.

Сапраўды, гуманнасць і дабрыня — вось галоўныя якасці ветурача. З самых незабыўных уражанняў Галіны Лашко і яе калегі Уладзіміра Макарава, урача-тэрапеўта, які далучыўся да нас у час размовы, было выратаванне бусла і савы. Бусла з паламаным крылом прынеслі ў ветлячэбніцу людзі, якія выпадкова знайшлі яго. Спяшаючыся, забылі завязаць дзюбу птушцы, і калі ўрачы пачалі накладаць шыну на крыло, бусел сваёй магутнай дзюбай дзеўбануў Галіну прама ў твар: добра што ўдар трапіў не ў вока. Дарэчы, бусліка выхадзілі, некаторы час ён жыў у ветлячэбніцы, але потым яго перадалі ў школу-інтэрнат, дзе аб ім клапоцяцца дзеці.

А пра здарэнне з савянём расказаў Уладзімір Уладзіміравіч, сціплы і прыемны мужчына-ветурач: “Неяк дзеці прынеслі да нас савяня. Дзе яны яго знайшлі — не ведаю. Маленькае, яно б, вядома, загінула без нашай дапамогі. А таму, я вырашыў забраць яго сабе дадому… Зараз сава падрасла, жыве ў мяне ў лазні. Я настолькі прывык да яе, як і яна да мяне, зусім ручная стала, не баіцца. Я нават сам яе падкормліваю: зловіць мой хатні кот мышку, а я адбяру і сябра пачастую, — усміхаецца Уладзімір. — Шкада ўсё-такі…”

Сапраўды, вялікае сэрца трэба мець для таго, каб у ім знайшлося месца любові да ўсяго жывога.

Ксенія ЛУЦКО.

НА ЗДЫМКУ: Уладзімір Макараў і Галіна Лашко ставяць кропельніцу трусу.

Фота аўтара.

фото 008

 

One thought on “Любоў да ўсяго жывога

  • 14.06.2016 в 20:23
    Permalink

    Согласна с автором статьи на все 100%. Ветеринар — особая профессия. Спасибо им за помощь.

Обсуждение закрыто.