Сімфонія застылай гліны
Майстар-ганчар Віталь Шапялевіч вядомы сваімі работамі не толькі ў нашым раёне. Ён удзельнічае ў самых розных выставах і пленэрах, нават міжнародных і дае майстар-класы для наведвальнікаў раённага Дома рамёстваў.
Сустрэліся мы з Віталем Леанідавічам у ганчарнай майстэрні, дзе ён працуе. Яна, дарэчы, мяне, як чалавека, які ніколі з гэтым не сутыкаўся, вельмі ўразіла. Даволі вялікае памяшканне, у якім, акрамя нарыхтовак ганчара, вельмі многа зусім незразумелых прылад. Віталь Леанідавіч прапанаваў прадэманстраваць іх прасцей за ўсё на справе, і правёў майстар-клас, адначасова расказваючы пра сябе.
— Нарадзіўся я тут, у Ганцавічах. Скончыў сярэднюю школу № 1, потым пайшоў у армію. Пасля вырашыў, што патрэбна атрымаць адукацыю і паступіў вучыцца ў Мірскае мастацкае вучылішча на ганчара. Дарэчы, хацеў стаць рэзчыкам па дрэве, але на гэтую спецыяльнасць быў вельмі вялікі конкурс. І, калі яго не прайшоў, мне прапанавалі навучыцца вырабляць мастацкія рэчы з гліны. Я згадзіўся, і пасля ніводнага разу не пашкадаваў аб гэтым рашэнні. Ганчарства стала справай усяго майго жыцця.
Пасля заканчэння навучання Віталь Леанідавіч два гады працаваў па размеркаванні ў пасёлку гарадскога тыпу Верцялішкі, што на Гродзеншчыне. Але радзіма клікала яго да сябе, і ганчар вярнуўся ў родныя Ганцавічы. Спачатку ён працаваў мастаком у ЖКГ і ДЭУ, але доўга без любімай справы не змог. І паехаў у Мінск, каб працаваць у ганчарнай майстэрні вядомага на ўсю краіну майстра Алеся Косткі, які зараз з’яўляецца выкладчыкам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Віталь Леанідавіч падкрэсліў, што менавіта праца з такім чалавекам, як Алесь, зрабіла з яго майстра сваёй справы, дала добрую практыку, навучыла ўсяму таму, што ён умее.
Вярнуўшыся на Ганцаўшчыну, ганчар пачаў шукаць работу. Але нічога, што яго б магло задаволіць, не знаходзілася. І тады Віталь Леанідавіч вырашыў стварыць уласную ганчарную майстэрню.
— Як толькі я купіў патрэбную для абпальвання гліны печ і выразаў з дрэва ганчарны круг, адразу заняўся любімай справай. З раніцы і да позняга вечара працую ў майстэрні. Выконваю заказы людзей, а таксама прыдумляю вырабы, якія можна прадаць на кірмашах. Наогул, самае складанае ў маёй справе — гэта прадаць тое, што стварыў. На жаль, далёка не ўсе разумеюць, што ручная работа вельмі цяжкая, і што каштуе яна, як правіла, нямала. Але знаходзяцца ўсё ж тыя, хто ацэньвае гэта так, як належыць.
Віталь Леанідавіч — пастаянны ўдзельнік міжнародных пленэраў. Ён паспеў пабываць і ў Польшчы, і ў мястэчку Гарадная Столінскага раёна, якое з’яўляецца беларускім цэнтрам ганчарства. Пленэры гэтыя працягваюцца не менш, чым дзесяць дзён. На працягу гэтага часу ганчары з краін СНД, Балтыі і іншых знаёмяцца, працуюць над сваімі вырабамі, абменьваюцца вопытам. Такія пленэры даюць Віталю Леанідавічу магчымасць не толькі паказаць сваё майстэрства, але і даведацца нешта новае, пагутарыць з цікавымі людзьмі.
А яшчэ Віталь Шапялевіч — выдатны сем’янін. У яго ўжо шасцёра дзяцей і зараз яго жонка чакае сёмае. Дзеці, дарэчы, падзяляюць захапленні свайго бацькі, ён нават зрабіў для іх спецыяльны невялікі ганчарны круг. І яны час ад часу крыху дапамагаюць у рабоце.
Пра сваю справу майстар гаворыць з натхненнем, успамінаючы кожную дробязь.
— Для мяне мая работа — сапраўдны адпачынак. Я гатовы, здаецца, бясконца праводзіць час у майстэрні. А ганчарства, дарэчы, справа карпатлівая. Спачатку патрэбна выляпіць будучы посуд, упрыгожыць яго разьбой. Пасля ён высушваецца і абпальваецца ў печы. Кожная гліна патрабуе сваёй апрацоўкі, часам посуд прыходзіцца абпальваць не адзін раз. Так, напрыклад, знакаміты кітайскі фарфор майстры абпальваюць аж да сотні разоў! Але, дзякуючы гэтаму, можна дабіцца нават таго, што гліняны посуд можна трымаць на адкрытым агні, і ён не трэсне. Так я, напрыклад, вырабляю туркі, якія карыстаюцца даволі вялікім попытам.
Віталь Леанідавіч спрабаваў сумясціць ганчарства з іншай работай, але даволі хутка зразумеў, што гэта вельмі складана. А таму ўвесь свой час ён аддае любімай справе. І, можна сказаць, што яму вельмі пашанцавала: ён зарабляе на жыццё тым, ад чаго атрымлівае сапраўднае задавальненне.
Аляксандра ГУРМАН.
НА ЗДЫМКУ: Віталь Шапялевіч за работай.
Фота аўтара.
Прекрасный мастер, творческий. Удачи и вдохновения!
Ганчарство — уже редкость!! но это очень тяжелый , но в то же время интересный труд!!! кажется, можно долгое время наблюдать, как вращается круг…