Плён працы
Жніво сёлета ў раёне праходзіць у даволі складаных умовах — тэмпы ўборкі зернявых і зернебабовых культур стрымлівае дажджлівае надвор’е. “Відавочна, што ў гэтым годзе ўраджай будзе меншы, чым летась, — адзначае намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Міхаіл Канановіч. — Усё ж такі вынікі работы сельгасвытворцаў у нашым рэгіёне даволі істотна залежаць ад умоў надвор’я. І зараз самае галоўнае — з найменшымі стратамі сабраць ураджай і захаваць яго”.
На раніцу 25 чэрвеня па раёне збожжавыя сабраны на плошчы ў 2668 гектараў, што складае 22,4 працэнта ад плошчаў, занятых зернявымі і зернабабовымі культурамі. Намалочана 7,2 тысячы тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 27 цэнтнераў збожжа з гектара. Безумоўна, уборка ўраджаю — адзін з самых адказных перыядаў, але не менш важнай справай для працаўнікоў сяла застаецца і нарыхтоўка кармоў, якая працягваецца паралельна са жнівом. І гэта зразумела: жывёлагадоўля прыносіць асноўны даход сельгасвытворцам, і тут таксама нельга расслабляцца.
Днямі на Ганцаўшчыну завітала загадчык аддзела арганізацыйнай і кадравай работы абкама прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Савіцкая, каб не толькі вырашыць надзённыя пытанні па прафесійнай дзейнасці, але і выканаць прыемную місію — за дбайную працу на нарыхтоўцы кармоў уручыць прэмію і Падзячны ліст абкама прафсаюза работнікаў АПК і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання аблвыканкама механізатару Дзмітрыю Гуцановічу, які шчыруе ў ААТ “Адраджэнне”. Ён работнік малады, але трывала ўваходзіць у касцяк калектыву і з’яўляецца адным з перадавікоў вытворчасці. Вось і зараз, памяняўшы кормаўборачны камбайн на збожжаўборачны, шчыруе ў складзе маладзёжнага экіпажа на жніве.
Варта адзначыць, што заслужаная ўзнагарода Дзмітрыя — гэта вынік работы і ўсяго працоўнага калектыву сельгасарганізацыі, бо менавіта ў ААТ “Адраджэнне” ўжо традыцыйна нарыхтоўваецца самы вялікі аб’ём кармоў па раёне. Вось і сёлета таварыствам ужо нарыхтавана амаль тысяча тон сена, што ў два разы больш запланаванага, і звыш 7,6 тысячы тон сенажу (на 73 працэнты больш чым прадугледжваецца планам). І на сённяшні дзень, калі ў сярэднім па раёне назапашана 11,4 цэнтнера кармавых адзінак на кожную умоўную галаву жывёлы, то ў ААТ “Адраджэнне” — 19 цэнтнераў. “Ад наяўнасці якасных кармоў, як і ад селекцыйнай работы і належнай арганізацыі вытворчасці па захаванні і ўтрыманні жывёлы, залежыць дабрабыт сельгасарганізацыі, — адзначае дырэктар ААТ “Адраджэнне” Валерый Макарскі. — У дадатак мы яшчэ і прадаём кармы, летась рэалізавалі іх больш чым на два мільярды рублёў. І гэта дало нам магчымасць таксама працягваць работу па абнаўленні дойнага статка — набылі 20 нецеляў разам з цялятамі гальштанскай пароды, якія ўжо прыносяць прыбытак…”. Дарэчы, і жніво ў таварыстве выкарыстоўваюць, каб папоўніць кармавую базу.
“Зразумела, найперш неабходна выканаць дзяржзаказ, і мы ўжо здалі ў яго лік каля 300 тон зерня. Але, улічваючы умовы надвор’я, паралельна вялі і плюшчэнне зерня, якое з дабаўленнем кансервантаў потым пойдзе на корм дойнаму статку, — працягвае размову Валерый Макарскі. — Тут просты прагматызм. Мяркуйце самі. Зараз здаём жыта па 10 капеек (тысяча рублёў старога узору) за кілаграм і гаварыць аб нейкім прыбытку, улічваючы затраты на вытворчасць, не прыходзіцца. А вось выкарыстоўваючы зернефураж замест камбікорму, мы значна зніжаем сябекошт таго ж малака — гэта “жывыя” грошы. Мяркую, і ў вытворчасці мяса неабходна рухацца ў вызначаным накірунку, але ўсё залежыць ад аб’ёмаў вырашчанага і сабранага ўраджаю, а таксама эканамічнай сітуацыі і ўзроўню цэн на тую ці іншую сельскагаспадарчую прадукцыю…”. Сапраўды, эканамічная сітуацыя дыктуе свае ўмовы гаспадарання.
На гэтым тыдні таксама прэміі і падзячныя лісты ўжо ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за плённую працу на нарыхтоўцы кармоў атрымалі: Міхаіл Макарэвіч з ААТ “Бярозавец” і Мікалай Валуевіч з ААТ “Хатынічы”. Апошні, як і Дзмітрый Гуцановіч, зараз шчыруе на жніве. Увогуле, Мікалай Якаўлевіч механізатар вельмі вопытны і адданы сваёй справе. Ды і на такіх, як ён, працаўнікоў багаты Хатынічы, было б дзе ім разгарнуцца.
Павел СВІСТУНОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: дырэктар ААТ «Адраджэнне» Валерый Макарскі, механізатар таварыства Дзмітрый Гуцановіч і спецыяліст абкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Савіцкая