“Партызан” — уладальнік кубка раёна

Другі год запар уладальнікам адкрытага кубка раёна сталі футбалісты чудзінскага “Партызана”, якія ў нядзелю, 25 верасня, перамаглі каманду “ПМС”.

Сустрэчу паміж сёлетнім чэмпіёнам, камандай “ПМС”, і мінулагоднім уладальнікам кубка, “Партызанам”, чакалі многія аматары футбола. І фінал у цэлым не расчараваў балельшчыкаў. Ужо на першай хвіліне гульні футбалісты “ПМС” адкрылі лік. Сяргей Савеня выдаў пас на Аляксандра Тарасеню, які выйшаў сам-насам з галкіперам “Партызана” і адправіў мяч у сетку варот — 1:0. Такі пачатак матча негатыўна паўплываў на гульню футбалістаў “Партызана”. У чудзінскай каманды мала што атрымлівалася, і ў першым тайме яна так і не здолела стварыць ніводнага галявога моманту ля варот саперніка. А вось футбалісты “ПМС” дзейнічалі больш упэўнена: яны ўзялі мяч пад свой кантроль і да перапынку мелі яшчэ некалькі галявых момантаў, але павялічыць сваю перавагу “меліяратарам” так і не ўдалося.

Пасля перапынку ход гульні змяніўся. Футбалісты “Партызана” хутка зраўнялі лік: Віталь Касцюрын скарыстаўся непаразуменнем з боку абаронцаў “ПМС” і адправіў мяч у сетку варот Сяргея Рабцэвіча — 1:1.

У далейшым на футбольным полі адбывалася няшмат цікавага. Каманды дзейнічалі асцярожна, імкнуліся больш надзейна згуляць у абароне і да фінальнага свістка небяспечных момантаў ля варот адна адной амаль не стварылі. Самы добры шанц для таго, каб прынесці сваёй камандзе перамогу, меў Юрый Мелехавец, але мяч пасля ўдару паўабаронцы “ПМС” трапіў у перакладзіну.

1:1 — з такім лікам завяршыліся 90 хвілін гульні. Па рэгламенце кубка быў прызначаны дадатковы час: два таймы па 15 хвілін. Пачатак першага так званага “экстратайма” застаўся за футбалістамі “Партызана”. І менавіта яны здолелі забіць другі гол у вароты каманды “ПМС”: Юрый Жданко абыграў абаронцу і не пакінуў шанцаў галкіперу сапернікаў.

У другім дадатковым тайме ініцыятывай валодалі ўжо футбалісты “ПМС”, аднак стварыць па-сапраўднаму небяспечныя моманты ля варот саперніка сёлетнім чэмпіёнам так і не ўдалося. Такім чынам, фінальны свісток арбітра зафіксаваў перамогу “Партызана” з лікам 2:1. Лепшымі ігракамі фінальнай сустрэчы былі прызнаны Юрый Жданко (“Партызан”) і Аляксандр Тарасеня (“ПМС”).

Пасля фінальнага матча адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання фіналістаў. Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сарокаў і загадчык сектара спорту аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Матуліс уручылі камандам медалі, а пераможцам у дадатак і галоўны прыз турніру — кубак.

Уладзімір САКАЛОЎ.

%d1%84