Засцерагчыся ад грыпу
З надыходам восені па ўсёй краіне актыўна пачынаецца вакцынацыя супраць грыпу. На Ганцаўшчыне з пачатку восені таксама пачалі рабіць прышчэпкі насельніцтву супраць гэтага віруснага захворвання.
Па словах намесніка галоўнага ўрача Ганцавіцкай ЦРБ Аляксандра Лагодзіча, на Ганцаўшчыне падчас імунізацыі насельніцтва прафілактычныя прышчэпкі павінны атрымаць 11504 чалавекі. З іх вакцынацыі належаць 519 дзетак ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3 гадоў, 562 дзіцяці ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў, а таксама 1745 рабят, якія вучацца ў школах раёна.
З 11504 вакцын для прафілактычных прышчэпак 5384 набыты за кошт раённага бюджэту, а яшчэ 3739 — за кошт рэспубліканскага. За кошт прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна набыта 2301 вакцына.
Для таго, каб атрымаць прафілактычную прышчэпку, неабходна звярнуцца ў раённую паліклініку, у рэгістратуру. Вакцынацыя супраць грыпу працягнецца на Ганцаўшчыне да снежня.
Уласн. інф.