Алёна КАПУСЦІНА:“Я З ДЗЯЦІНСТВА МАРЫЛА СТАЦЬ ПЕДАГОГАМ”

Педагог — гэта прызванне. Педагогам трэба нарадзіцца. Ім павенен быць чалавек, які вельмі любіць дзяцей. Я ведаю такога чалавека. Гэта цудоўная дзяўчына Алёна Капусціна, педагог дадатковай адукацыі Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцячай і юнацкай творчасці. “Я вельмі люблю сваю работу і ўкладваю ў яе часцінку душы. Люблю дзяцей і хутка знаходжу да іх падыход”, — кажа Алёна Георгіеўна.

foto-alena-kapustina-1

З дзяцінства Алёне падабалася гуляць з сяброўкамі ў школу, дзе яна заўсёды была настаўнікам. Таму, калі прыйшоў час выбару будучай прафесіі, дзяўчына дакладна ведала, што стане педагогам. Пасля заканчэння базавай школы яна паступіла ў Пінскі педагагічны каледж імя А. С. Пушкіна. Атрымаўшы дыплом настаўніка пачатковых класаў, па размеркаванні прыйшла працаваць у санаторны яслі-сад № 12 горада Бабруйска. У 2012 годзе завочна скончыла БДПУ імя М. Танка, факультэт пачатковай адукацыі па спецыяльнасці настаўнік пачатковых класаў і ўладкавалася на працу ў Бабруйскую школу-каледж мастацтваў.

— Маёй першай настаўніцай была Лілія Станіславаўна Агейка: таленавіты, адукаваны педагог, якая аддавала дзецям часцінку сябе. Я вырашыла, калі вырасту, абавязкова буду падобнай на яе. Дзякуючы Ліліі Станіславаўне, я і выбрала гэтую прафесію, — прызнаецца Алёна Капусціна.

З таго часу мінула шмат гадоў, а стаўленне да прафесіі не змянілася: яна правяла сотні яркіх і цікавых урокаў, і кожны з іх памятае. Але сапраўды асаблівым і запамінальным для Алёны Георгіеўны стаў самы першы яе ўрок, які яна праводзіла яшчэ студэнткай:

— Гэта было на трэцім курсе, калі падчас вучобы ў каледжы я праходзіла практыку. Памятаю, што вельмі хвалявалася: незнаёмыя дзеці, незнаёмая абстаноўка. Я не ведала, як усё пройдзе. Праўда, да ўрока падрыхтавалася і ўпэўнена, што добра яго правяла, — успамінае педагог.

Так склаліся абставіны, што Алёна Капусціна вярнулася ў родныя Ганцавічы. У верасні 2015 года прыйшла працаваць у цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці педагогам дадатковай адукацыі ў аб’яднанне па інтарэсах “Падрыхтоўка да школы”, якое з’яўляецца адным з накірункаў школы ранняга развіцця.

— Я вельмі рада, што працую ў цэнтры творчасці, тут мяне акружаюць творчыя, спагадлівыя, добрыя людзі, якія заўсёды гатовы дапамагчы, падтрымаць. Калі я прыходжу на любімую працу, то адразу забываю пра ўсе праблемы, — усміхаецца дзяўчына.

У школе ранняга развіцця займаюцца дзеці ад 4 да 7 гадоў. У кожнага дзіцяці свой характар, сваё бачанне свету, і трэба знайсці падыход да ўсіх, здолець усіх зацікавіць. Але педагог Алёна Капусціна лёгка з гэтым спраўляецца.

— Са старэйшымі дзецьмі працаваць, безумоўна, лягчэй, — кажа Алёна Георгіеўна. — Малышы няўседлівыя, ім пастаянна хочацца гуляць.

Безумоўна, у гэтым узросце ўсе дзеці хоць і шустрыя, няўседлівыя, але затое шчырыя, адкрытыя, непасрэдныя, ім усё цікава, таму на заняткі Алёны Георгіеўны яны ходзяць з велізарным задавальненнем. Педагог умела спалучае метад навучання з метадам гульні. Заняткі не толькі пазнавальныя, цікавыя, але і разнастайныя.

— На занятках выкарыстоўваю розныя метады працы і розныя прыёмы. У асноўным мы гуляем, падарожнічаем. Вельмі часта праводжу заняткі ў форме гульні, казкі. Выкарыстоўваю шмат нагляднага, дыдактычнага матэрыялу, што дазваляе развіваць у дзяцей лагічнае і вобразнае мысленне. Праўда, усе дзеці розныя: хтосьці лягчэй засвойвае матэрыял, яму дастаткова паслухаць і запомніць, а каму ўсё даецца больш складана, ім даводзіцца тлумачыць па некалькі разоў. Але я заўсёды імкнуся пахваліць кожнае дзіця, здолець яго зразумець, — расказвае педагог.

Я назіраю, як Алёна малюе нешта на дошцы, потым пачынае тлумачыць матэрыял, а дзеткі, затаіўшы дыханне, уважліва слухаюць. Калі бачыш, з якім энтузіязмам, з якім асаблівым бляскам у вачах і радаснай усмешкай на твары Алёна Георгіеўна праводзіць заняткі, адразу разумееш, што яна сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Быць настаўнікам — яе прызванне. Яна заўсёды спрабуе знайсці лепшае ў кожным сваім вучні, хай і маленькім. Яна любіць бачыць шчаслівыя твары дзяўчынак і хлопчыкаў, упэўненых у сваіх сілах, якія цікавяцца і захапляюцца новымі ведамі і заўсёды знаходзіць час, каб падзякаваць дзецям за радасць зносін, павагу і магчымасць сказаць пра сябе: “Я шчаслівы педагог!”.

Педагагічны шлях Алёны Капусцінай яшчэ толькі ў самым пачатку. Галоўныя прафесійныя дасягненні ў педагога наперадзе. Але для яе ўласныя ўзнагароды — не самае галоўнае ў працы. Значна больш важным яна лічыць поспехі сваіх вучняў, бо іх дасягненні — лепшы паказчык работы педагога.

 Святлана Рабцэвіч,

аб’яднанне па інтарэсах “Юны рэпарцёр”

Ганцавіцкага РЦДЮТ.

Фота Ангеліны ЗанькА.