Вакцынацыя дапаможа не хварэць

Восень-зіма — перыяд уздыму вострых рэспіраторных інфекцый (ВРІ) і выпадкаў захворвання на грып, наступствы якога бываюць непапраўнымі.

Грып як інфекцыйнае захворванне небяспечны ў першую чаргу сваімі ўскладненнямі, звязанымі з таксічным уздзеяннем віруса на нервовую, сардэчна-сасудзістую сістэмы чалавека, а таксама прыгнятаннем імунітэту і звязаным з гэтым узнікненнем другаснай інфекцыі, якая выклікае бактэрыяльную пнеўманію, міякардыт, атыт і інш. Да таго ж арганізм здаровага чалавека пасля перанесенага грыпу сярэдняй цяжкасці расходуе столькі сіл, што гэта каштуе яму адзін год жыцця.

Адзіны надзейны і бяспечны спосаб пазбегнуць захворвання — вакцынацыя. Імунізацыя супраць грыпу, якая праводзіцца штогод, накіравана менавіта на прадухіленне яго негатыўных наступстваў.

Вірус грыпу перадаецца ад чалавека да чалавека вельмі лёгка і непрыкметна: пры размове, кашлі, чханні. Заразіцца грыпам можна на працы, у грамадскім транспарце, краме, на рынку. Дзеці могуць захварэць у школе, дзіцячым садку і заразіць сваіх блізкіх. Асабліва цяжка грып працякае ў пажылых людзей і дзяцей. У іх найбольш высокая рызыка развіцця ўскладненняў, таму гэтым катэгорыям грамадзян вакцынацыя паказана ў першую чаргу.

Лепш за ўсё прышчапляцца ад грыпу восенню, у кастрычніку-лістападзе. З 2010 года ў нашай краіне для імунізацыі насельніцтва выкарыстоўваюцца грыпозныя вакцыны, якія не змяшчаюць жывы вірус грыпу, а толькі яго асобныя часцінкі (вонкавыя і ўнутраныя антыгены віруса грыпу), важныя для фарміравання абароны супраць грыпу ў арганізме чалавека. На працягу 2-3 тыдняў пасля вакцынацыі фарміруецца ахоўны ўзровень антыцелаў супраць вірусаў грыпу. Ён забяспечыць абарону ад захворвання на грып на працягу 4-6 месяцаў.

У склад сучаснай вакцыны ўваходзяць тры штамы віруса грыпу, найбольш актуальныя для кожнага канкрэтнага эпідсезона. Мясцовыя і агульныя рэакцыі на ўвядзенне вакцыны, як правіла, адсутнічаюць або нязначныя (пачырваненне скуры, нязначны боль у месцы ўвядзення вакцыны, вельмі рэдка павышэнне тэмпературы, нядоўгачасовы галаўны боль). Сімптомы знікаюць самастойна праз 1-3 дні.

У тых, хто перахварэў на грып, фарміруецца імунітэт толькі да таго штама, на які яны перахварэлі. Вакцынацыя ж дазваляе выпрацаваць імунітэт да ўсіх штамаў, актуальных для надыходзячага эпідсезона. А таксама сфарміраваць імунную праслойку сярод насельніцтва — максімальна павялічыць колькасць людзей, якія маюць устойлівасць да віруса, і тым самым знізіць захворванне як сярод прышчэпленых, так і непрышчэпленых.

Як паказваюць вынікі праведзеных назіранняў, вакцынацыя ў калектывах дазваляе знізіць узровень захворвання на грып і ВРІ больш чым у 3 разы, а час знаходжання на лісце непрацаздольнасці — больш чым у 4,5 раза. Для дасягнення значнага эфекту ад вакцынацыі (зніжэння агульнай непрацаздольнасці з-за захворвання на грып і іншыя ВРІ да 70 — 90 працэнтаў) мэтазгодна імунізацыя 40 — 75 працэнтаў работнікаў калектыву.

У Беларусі адносіны да вакцыны з боку дзяржавы вельмі сур’ёзныя. Усе прэпараты праходзяць абавязковую дзяржаўную рэгістрацыю. Затым кожная серыя вакцыны, якая паступае на тэрыторыю краіны, праходзіць уваходны лабараторны кантроль. У бягучым годзе для масавай вакцынацыі насельніцтва закуплена расійская вакцына “Грыпол Плюс”. Для платнай імунізацыі арганізацыямі аховы здароўя закуплены вакцыны “Ваксігрып” (Францыя) і “Інфлювак” (Нідэрланды).

У 2016 годзе ў вобласці было прышчэплена 534998 чалавек, што склала 40,2 працэнта жыхароў, у 2015 годзе — 40 працэнтаў насельніцтва. Такім чынам, дзякуючы прышчэпкам у апошнія 4 гады эпідэмічнага ўздыму захворвання на грып і ВРІ зарэгістравана не было, школы на каранцін не зачыняліся, а сярод тых, хто захварэў на грып, толькі 3,9 працэнта склалі раней прышчэпленыя. Таксама рэзка зменшылася колькасць выпадкаў захворвання на пнеўманію пасля рэспіраторных інфекцый і грыпу, не рэгістраваліся смяротныя выпадкі.

Дзякуючы праведзенай у 2016 годзе вакцынацыі насельніцтва ў вобласці ў эпідсезон 2016 — 2017 года ўдалося не дапусціць каля 42 тысяч выпадкаў заражэння вірусам грыпу, прадухіліць эканамічную шкоду дзяржаве ў памеры больш за 8,6 мільёна долараў.

Памятайце, што своечасова зробленая прышчэпка — гэта залог вашага здароўя ў разгар эпідэміі!

Элеанора ПІВАВАРЧЫК-НОВІК, загадчык тэрапеўтычнага аддзялення паліклінікі УАЗ “Ганцавіцкая ЦРБ”, урач-тэрапеўт.