“Я голас падам здаля…”

10 снежня гэтага года вядомаму беларускаму паэту Алесю Каско споўнілася б 66 гадоў. Усяго некалькі тыдняў не дажыў творца да гэтай даты. Светлай памяці майго шчырага сябра і земляка я прысвячаю гэтыя ўспаміны.

60-я — пачатак 70-х га­доў мінулага стагоддзя. На Ганцаўшчыне дружна пра­біваюцца маладыя літара­турныя парасткі. Спачатку нясмела, а потым на поўны голас заявіла пра сябе цэ­лая кагорта паэтаў і пра­заікаў, сярод якіх дастойнае месца заняў Алесь Каско. У сваіх самабытных творах яны ўслаўлялі родны кут, яго шчырых і працавітых людзей, непаўторнае ха­раство прыроды палескага краю і, вядома ж, любую сэрцу нашу Беларусь. Дзя­куючы іх творчасці, глыбін­ка Палесся, пра існаванне якой дагэтуль мала хто ў краіне ведаў, а калі чуў пра яе, то як пра край “балот і дзікіх людзей”, “дрымучых і няходжаных лясоў”, нейкую “памыйніцу”, паўстала пе­рад чытачом маляўнічай і найпрыгажэйшай зямлёй, а яе жыхары зычлівымі і са­мымі гасціннымі ў свеце. Што і казаць, слова, яго ўплыў на свядомасць і све­тапогляд людзей — вялікая сіла. А словам літаратары Ганцаўшчыны, варта аддаць ім належнае, валодалі спаў­на і надзвычай дасканала.

Час няўмольна-незва­ротны. Яго бег немагчы­ма павярнуць назад, як не паўтарыць чалавеку пройд­зены шлях, таксама як і не пражыць жыццё нанава. Усё ў свеце мае свой пачатак і, на жаль, непазбежны ка­нец. Сёння са шкадаваннем адзначаю: заўчасна, у ро­сквіце творчых сіл адышлі ў вечнасць Васіль Праску­раў, Міхась Рудкоўскі, Іван Кірэйчык, Іван Лагвіновіч, Уладзімір Марук… І вось зноў страта — не стала Але­ся Каско.

Нарадзіўся Алесь у 1951 годзе ў Чудзіне. Тут скон­чыў дзесяцігодку, вучыўся ў Брэсцкім дзяржаўным педін­стытуце імя А. С. Пушкіна, служыў у войску, працаваў у роднай вёсцы настаўнікам, у Жабінкаўскай раённай га­зеце, на абласной студыі тэлебачання, узначальваў Брэсцкае абласное ад­дзяленне Беларускага саю­за пісьменнікаў. Жыў Алесь удалечыні ад сваёй малой радзімы, але заўсёды ім­кнуўся да яе душой і сэр­цам. У большасці сваіх вер­шаў уславіў край, які даў яму жыццё і творчае натхненне.

Няма нідзе мацнейшай

веры

і памяці чысцейшай, чым

у роднай вёсцы…

Дома дзверы

празрыста свецяцца

ўначы.

Мне бачыцца:

з-за небакраю

ідуць яны

з гадоў былых…

Сню кожны раз,

як прыязджаю,

нібыта ўваскрашаю іх, —

прызнаваўся ён у вер­шы “Слядоў дзіцячых мала ў вёсцы”.

І гэта не толькі замілаван­не родным куточкам, пры­знанне ў любові да яго, не проста імкненне сумуючай па ім душы, а цвёрдая пе­ракананасць творцы ў сваім выбары. Верш “Травакос” — яскравае пацвярджэн­не сказанаму. У ім побач з прызнаннем і раскаяннем гучыць надрыўная просьба паэта ў лёсу літасці, выраз­ны крык збалелага сэрца:

Целам жыў — і шкадаваў

душы,

і маліўся над духмянай

пожняй:

дай зялёным крыкам

даражыць

да апошняй хвілі,

да апошняй!..

Маё знаёмства з Алесем Каско працягвалася без ма­лога пяцьдзясят гадоў. З таго часу, калі ў 1968 годзе ў “Савецкім Палессі” былі надрукаваны першыя вер­шы юнака з Чудзіна. Глыбі­нёй, дасканалым веданнем роднай мовы, паэтычнасцю вершы Алеся ўразілі тага­часнага рэдактара газе­ты, кіраўніка створанага ім літаб’яднання “Рунь” Васіля Фёдаравіча Праскурава, су­працоўніка рэдакцыі, тады яшчэ маладога паэта Вік­тара Гардзея (у тым годзе ён выдаў свой першы паэ­тычны зборнік “Касавіца”), а таксама іншых членаў наша­га літаратурнага гурта. Даў­но гэта было, а помніцца, як сёння!!!

Перабіраю стосы кніг з хатняй бібліятэкі, сярод якіх некалькі дзясяткаў з памят­нымі аўтографамі аўтараў, адрасаваных мне асабіста. Сярод іх і зборнічак Алеся Каско “Час прысутнасці”. Менавіта за гэтую кнігу ў 1994 годзе аўтар быў уда­стоены літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова. Аку­ратным, роўным почыркам Алеся на тытульным лісце выведзены роўныя радочкі шчырых слоў: “Сябру, зем­ляку, калегу Кастусю Мо­хару з удзячнасцю за су­стрэчы, няхай і нячастыя, але сапраўдныя. Плёну, зда­роўя, шчасця! Алесь Каско. Ганцавічы, 17 кастрычніка 94 г.”.

Пакутліва зашчымела сэрца ад разумення: і са­праўды нячастыя. Балюча ўсведамляць, што больш ім не быць! Можа з-за гэтай запознена-шчымлівай выс­новы кожная мая сустрэча з Алесем і ўспаміны пра яго сёння такія яркія, выраз­на-ўяўныя.

…У маі 1987 года Ган­цаўшчына панесла велі­зарную страту: заўчасна згасла сэрца выдатнага журналіста, пісьменніка, за­служанага дзеяча культуры БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Васіля Фёда­равіча Праскурава. Праз некалькі гадоў у памяць аб ім па ініцыятыве ўпраўлен­ня інфармацыі Брэсцкага аблвыканкама і асабіста яго начальніка Георгія Тамашэ­віча было вырашана выдаць пасмяротную кнігу пісьмен­ніка, у якую павінны былі ўвайсці не надрукаваныя пры яго жыцці творы. Іні­цыятыву горача падтрымалі мясцовая ўлада і насельні­цтва раёна.

Зборам матэрыялу для новай кнігі даручылі зай­мацца Алесю Каско і мне, як вучню, паплечніку Васіля Фёдаравіча і даўняму сябру сям’і Праскуравых. Не адзін дзень мы з Алесем разам з удавой Васіля Фёдараві­ча Лідзіяй Сцяпанаўнай, яго дачкой Валянцінай Васі­льеўнай у прасторнай і надз­вычай гасціннай хаце гаспа­дароў карпелі над ёмістым архівам пісьменніка, адбіра­ючы творы для будучай кнігі. Неўзабаве кніга В. Ф. Прас­курава “Наўсцяж вясковай вуліцы” (такую назву мела незавершаная пісьменнікам аповесць) пабачыла свет. У ёй знайшлі месца ўспаміны Алеся Каско і мае пра слын­нага палескага творцу.

…7 ліпеня 1991 года — зноў сумная вестка — па­мёр Міхась Рудкоўскі. Па яго запавеце пахавалі паэта на могілках у роднай вёс­цы Востраў. Творчая гра­мадскасць Берасцейшчыны, сярод якой мноства шчы­рых Міхасёвых сяброў, вы­рашыла ўзвесці на ягонай магіле велічны помнік. І не які-небудзь, а з прыроднага каменю. Для ажыццяўлен­ня задумы берасцейска­му скульптару спатрэбіў­ся гранітны волат-валун. Знайсці яго можна было і ў ваколіцах Брэста, але ж не везці шматтонную глыбу ажно за 300 кіламетраў з абласнога цэнтра ў Востраў! Вырашылі шукаць на месцы, на Ганцаўшчыне. Пошукавую місію ўсклалі на плечы Але­ся Каско, а ён, у сваю чар­гу, да гэтай важнай справы далучыў і мяне, як выдатна знаёмага з Міхасём чала­века, да таго ж неблагога знаўцу тутэйшых мясцін.

У пошуках прыдатна­га каменя мы з Алесем аб’ездзілі ўвесь раён, па­трацілі на гэта не адзін дзень. І не марна: хто шу­кае, той знаходзіць. Валун знайшлі. Цяпер апошняе слова заставалася за скуль­птарам. І ён не падвёў. Неўзабаве камень-помнік з па-майстэрску выбітым на ім партрэтам Міхася ва ўрачыстай абстаноўцы быў устаноўлены на яго магіле.

…Напрыканцы 90-х Алесь заўважыў і ацаніў паэтычны талент маёй дачкі Валян­ціны. Ад імя абласнога ад­дзялення Саюза пісьмен­нікаў Беларусі, якое тады ён узначальваў, даў ёй рэка­мендацыю для паступлення на факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Ды і потым дапамагаў яе творча­му росту. З яго блаславен­ня нізка вершаў маёй дачкі ў 1999 годзе з’явілася ў літа­ратурным альманаху “Дзяд­зінец” у серыі “Берасцей­скае вогнішча”, яе вершы друкаваліся ў рэспублікан­скіх газетах і часопісах, у абласной “Зары”.

Наогул, таварыскасць, сціпласць, спагадлівасць, жаданне дапамагчы чалаве­ку дасягнуць тых вяршынь, якіх дасягнуў паэт сам, падзяліц­ца з ім сваім духоўным ба­гаццем былі найбольш ха­рактэрнымі рысамі гэтага чалавека. Сярэдняга росту, хударлявы, з паляшуцкімі вусамі, якія дапаўнялі яго вобраз, нетаропкай, сці­шанай манерай маўлення, пранізліва-дапытлівым і, у той жа час, мяккім і крыху сумнаватым позіркам глы­бокіх вачэй кожнаму, хто жадаў, спрыяў і словам, і справай. Гэтыя цудоўныя рысы характару ён, пэўна, пераняў ад свайго старэй­шага сябра — паэта Міха­ся Рудкоўскага, ад свайго духоўнага настаўніка, ву­чонага і літаратуразнаўцы Уладзіміра Калесніка, з якімі доўгі час жыў, ствараў і пра­цаваў побач у горадзе над Бугам.

Ён адкрыў чытачам імя новай паэткі, сваёй зям­лячкі Ірыны Дарафейчук. Шмат дапамог у творчым станаўленні яшчэ аднаму чудзінцу — паэту-святару, магістру багаслоўя Яўге­ну Сергіені. Пад рэдакцы­яй Алеся ў 2011 годзе па­бачыў свет першы зборнік вершаў Яўгена “Неба пра­маўляе”.

З гэтым самабытным паэтам Алесь пазнаёміў мяне завочна. Як галоўна­му рэдактару газеты на той час прапанаваў мне бліжэй данесці да чытачоў “Савец­кага Палесся” творчасць гэтага самародка. Сам жа напісаў прадмову да пада­бранай нізкі вершаў Яўгена Сергіені. Пасля публіка­цыі Яўген даслаў на адрас рэдакцыі свой зборнік з аўтографам.

Дарэчы, Алесь Каско, побач з пісьменнікамі Вік­тарам Гардзеем, Анатолем Казловым, быў першым, хто яшчэ ў рукапісе чытаў маю аповесць “Апошнія дні”. Заўважу: аповесць была надрукавана ў двух нума­рах часопіса “Маладосць” (11-м і 12-м) за 1998 год. Ён жа прыхільна выказаў­ся на гісторыка-дакумен­тальную хроніку “Памяць. Ганцавіцкі раён”, укла­дальнікам якой быў я, на наш сумесны з Віктарам Гардзеем зборнік “Паміж Бобрыкам і Ланню” з серыі “Беларусь літаратурная”.

Гэта былі не апошнія нашы стасункі. Даводзілася бачыцца і пазней: на Днях беларускага пісьменства ў Камянцы і ў верасні 2011-га ў Ганцавічах, у 2012-м на прэзентацыі зборнікаў Але­ся Каско “Нічога больш” і “Прыадхінуты небасхіл”, якая праходзіла ў кінатэа­тры “Маладосць”, пра што я пісаў у “Савецкім Палессі” ў артыкуле “Яшчэ не спе­та лепшая песня”. У тым жа годзе на “Каласавінах” у Люсіне, прысвечаных Якубу Коласу і на якіх у якасці га­наровага госця прысутнічаў сын песняра Міхась Кан­станцінавіч Міцкевіч… Паз­ней, у 2016-м, бачыліся на вечарыне з нагоды 80-год­дзя Міхася Рудкоўскага. Рэгулярна сустракаліся і ў рэдакцыі ганцавіцкай раён­най газеты… Сапраўды не­забыўныя, шчырыя і цёплыя сустрэчы даўніх сяброў.

Зноўку гартаю і перагор­тваю старонкі кніжак Але­ся Каско і нібыта бачу яго, вяду з ім нетаропкую гавор­ку. Быццам і не было таго жалобнага расстання на­прыканцы спахмурнелага ад плачу дажджоў лістапада. Выразна чую ягоны голас:

Целам жыў — і шкадаваў

душы,

і маліўся над духмянай

пожняй:

дай зялёным крыкам

даражыць

да апошняй хвілі,

да апошняй!..

Алесь Каско не жадаў скарацца лёсу, бо прагна верыў у неўміручасць. Не, не зямнога існавання, а сло­ва:

Назад не прыйду, зямля,

ды сілай жыцця і слова

я голас падам здаля,

каб лёс твой з’яднаць

нанова.

Прачытаў — і ажно ма­роз прабег па скуры. Гэтыя радкі глыбінёй свайго сэнсу, выразнасцю, сілай уздзеян­ня на чалавечы розум вель­мі нагадваюць незабыўных гамзатаўскіх “Жураўлёў”!!!

І як пацвярджэнне праўдзівасці гэтых слоў зноў цытую:

Ды памяць дагоніць

цябе й нежывога:

пад шоргат рыдлёўкі

і стук малатка,

каб край свой адведаць,

закленчыць у Бога

душа хоць бы дзень —

хоць адзін з сарака!..

Сёння, пасля дачаснай смерці паэта, працягвае гу­чаць яго напеўнае паэтыч­нае слова і, спадзяёмся, што гучанне тое будзе веч­ным. Бо паэзія — бессмя­ротная. Яна заўсёды жывая, яна — на ўсе часы.

Кастусь МОХАР.