У Задуб’і прайшла інфармацыйная гадзіна, прысвечаная 77-годдзю з дня трагедыі вёскі (фота)
Лёс Хатыні раздзялілі тысячы беларускіх вёсак і сотні тысяч людзей. У іх ліку і маленькая палеская вёска Задуб’е. 29 снежня 1943 года нямецка-фашысцкія захопнікі амаль поўнасцю спалілі населены пункт. У той страшны снежаньскі дзень было знішчана 149 двароў, загінула 48 жыхароў.






Дарэчы, на 1940 год Задуб’е складалася з 166 двароў і 492 жыхароў. У руках ворагаў вёска была з 30 чэрвеня 1941 года да 8 ліпеня 1944 года.


18 снежня у аграгарадку Малькавічы і вёсцы Задуб’е прайшоў інфармацыйны час, прысвечаны 77-годдзю з дня трагедыі вёскі. На мерапрыемстве «Сёстры Хатыні» старшакласнікам Малькавіцкай сярэдняй школы расказалі пра вёску-суседку, якая ўключана ў спіс населеных пунктаў, разбураных і спаленых нямецкімі акупантамі і калабарацыяністамі ў Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны.




Дзеці даведаліся, што на франтах загінулі ці прапалі без вестак 27 жыхароў вёскі Задуб’е. Жыхаркі населенага пункта Людміла Грышукевіч і Ганна Малышка падзяліліся з маладым пакаленнем сваімі успамінамі аб тых жудасных днях. Хвілінай маўчання прысутныя ўшанавалі памяць ахвярам вайны і загінуўшых аднавяскоўцаў.









…Задубенцы, якія выжылі, вярнуліся на родную зямлю. З часам вёска была абноўлена. Зараз ў Задуб’і пражывае 217 чалавек. Але ж помнік загінуўшым землякам у цэнтры вёскі па сённяшні дзень прыкоўвае погляд не толькі аднавяскоўцаў.







Дар’я ЗАНЬКА.