На старце без нечаканасцей
У мінулыя выхадныя стартаваў чарговы адкрыты чэмпіянат Ганцавіцкага раёна па футболе.
Сёлета ўдзел у турніры прымаюць 9 каманд. За права называцца мацнейшай спрачаюцца ганцавіцкія “ПМС”, “Будаўнік — ПМК-14”, “Сатурн”, “Райспажыўтаварыства” (у параўнанні з мінулым годам — навічок чэмпіянату), чудзінскі “Партызан”, “Хатынічы”, “Люсіна”, а таксама дзве малькавіцкія каманды: “Малькавічы” і “АверсЛес”.
Трэба адзначыць, што першы тур не прынёс нечаканых вынікаў: усе фаварыты пацвердзілі свой статус і святкавалі ўпэўненыя перамогі.
У суботу ў Люсіне сустракаліся “Люсіна” і малькавіцкі “АверсЛес”. Ужо на працягу некалькіх турніраў запар малькавіцкую каманду прадстаўляюць футбалісты з Клецка, прычым амаль палова з іх гуляюць і за ФК “Ганцавічы” ў чэмпіянаце Брэсцкай вобласці. Таму відавочна, што фаварытам сустрэчы лічыўся менавіта “АверсЛес”, які і перамог з лікам 6:2.
У другім суботнім паядынку сустракаліся каманды “Райспажыўтаварыства” і “Малькавічы”. Гледачам было цікава паназіраць за навічком чэмпіянату, у складзе якога гулялі вядучыя футбалісты з Баранавіцкіх аматарскіх ліг. Да перапынку на полі назіралася больш-менш роўная гульня (каманда “Райспажыўтаварыства” здолела забіць адзін гол з пенальці), аднак у другой палове сустрэчы баранавіцкія футбалісты павялічылі сваю перавагу. Канчатковы лік сустрэчы — 4:1, на карысць каманды “Райспажыўтаварыства”.
У нядзелю свае матчы праводзілі лідары апошніх гадоў — чудзінскі “Партызан” і ганцавіцкае “ПМС”. І “партызаны”, і “меліяратары” атрымалі ўпэўненыя перамогі. У Ганцавічах мясцовы “Сатурн” на 5 галоў “Партызана” здолеў адказаць толькі адным, а вось у Хатынічах футбалісты “ПМС” адправілі ў сетку варот мясцовай каманды 12 безадказных галоў.
Гульні другога тура пройдуць на стадыёнах Ганцаўшчыны 1, 2 і 3 ліпеня.
Уладзімір САКАЛОЎ.