«Модуль» будзе працаваць
У аўторак, а восьмай гадзіне раніцы адбыўся сход працоўнага калектыву “Модуля”, на якім антыкрызісны ўпраўляючы Юрый Цішын агучыў перспектывы развіцця прадпрыемства. У сходзе браў удзел кіраўнік раёна Аляксандр Саланевіч.
Найперш, Юрый Цішын падвёў вынікі работы за 2015 год і агучыў напрацоўкі 2016 года. Дзякуючы работнікам “Модуля” і падтрымцы ўлады як абласнога, так і раённага ўзроўняў, прадпрыемства стабільна працавала і часткова разлічылася па запазычанасці перад дзяржавай, выплаціўшы 12,5 мільярда рублёў. Такім чынам, план санацыі на згаданы перыяд выкананы ў поўным аб’ёме. Раней ішла размова аб санацыі на больш працяглы тэрмін. Антыкрызісным упраўляючым быў складзены адпаведны план, але працяг санацыі быў палічаны нямэтазгодным, тым больш, што рашэнне па гэтым пытанні прымае сваёй пастановай Савет Міністраў краіны і ёсць вельмі жорсткія патрабаванні. З-за курсавых розніц, а “Модуль” мае запазычанасць менавіта па валютных крэдытах, даўгі ў нацыянальнай валюце растуць і іх немагчыма перакрыць прыбыткам, які атрымлівае ад рэалізацыі сваёй прадукцыі прадпрыемства. Дарэчы, ён складае за згаданы перыяд 8,6 мільярда рублёў.
На сённяшні дзень “Модуль” выстаўляецца на продаж адзіным маёмасным комплексам, 5 аўкцыёнаў ужо адбылося, чарговы запланаваны на 22 лютага. У той жа час адзіным маёмасным комплексам прапануецца прадпрыемства крэдыторам. Праведзены папярэднія перагаворы з “Белаграпрамбанкам” і прадпрыемствам, якое жадае быць інвестарам і набыць “Модуль”. Якім чынам яны дамовяцца, не асабліва хвалюе, галоўнае, што адбываецца гэта на вельмі важных умовах — захаванне рабочых месцаў і профілю прадпрыемства. Таксама ёсць дамоўленасць і аб тым, што антыкрызісны ўпраўляючы Юрый Цішын застанецца дырэктарам прадпрыемства. Гатую навіну прысутныя сустрэлі ўвогуле апладысментамі.
У сваю чаргу, кіраўнік раёна Аляксандр Саланевіч адзначыў, што перагаворы, якія вяліся апошнія два тыдні, даваліся цяжка, разглядаліся розныя варыянты. Галоўнае, што ёсць паразуменне і стаіць задача, каб прадпрыемства не спыняла сваю работу пры змене ўласніка. Працоўны калектыў будзе працаваць як і раней. Тым больш у вырашэнні пытання вельмі зацікаўлены і банк, а губернатар Брэсцкай вобласці акцэнтаваў увагу на тым, каб прадпрыемства ніводнага дня не прастойвала.
Закрануў Аляксандр Паўлавіч і тэму занятасці насельніцтва ўвогуле. “Наш раён адзіны ў вобласці, дзе за мінулы год назіралася не скарачэнне, а наадварот, павелічэнне колькасці працуючых. Адбылося гэта за кошт прыватных прадпрыемстваў. Ім сёлета цяжка будзе ўтрымацца на дасягнутым узроўні, — заўважыў кіраўнік раёна. — У райспажыўтаварыстве і жыллёва-камунальнай гаспадарцы аказаліся раздутыя штаты і там неабходна аптымізацыя. Але калектыву “Модуля” гэта ніяк не датычыцца, наадварот, ідзе размова аб павелічэнні працуючых і эфектыўнай рабоце прадпрыемства.
Вельмі лаканічным, але ёмкім па змесце стала выступленне і прадстаўніка прадпрыемства-інвестара, якое зацікаўлена ў набыцці “Модуля”. Ім з’яўляецца “Баранавічыгазбуд”, якое займаецца пракладкай розных інжынерных сетак — газапаводаў, водаправодаў і г. д. І, напрыклад, зараз працуе на будаўніцтве трэцяй лініі сталічнага метро, а таксама рэалізоўвае сумесны будаўнічы праект з “Газпрамам”. Дырэктар “Баранавічыгазбуду” Вячаслаў Раманоўскі адразу заўважыў, што і прадпрыемства ў Баранавічах сёння эфектыўна працуе. Не варта баяцца прыватнага бізнэсу, ужо зараз прапрацоўваецца дзейнасць “Модуля” ў перспектыве. “Мы сёння загадзя прыехалі для таго каб паглядзець: з якім настроем людзі ідуць на працу, калі ўключаецца святло ў цэхах, — сказаў Вячаслаў Раманоўскі. — Мы цэнім сваіх работнікаў, але і ў пытаннях з алкаголем няўмольныя, калі чалавек у рабочы час выпіў, то не крыўдуйце — ніякіх размоў не будзе. Думаю, неабходна пацярпець гэты месяц, бо ёсць некаторыя юрыдычныя казусы. Пры пераходзе прадпрыемства з адной уласнасці ў другую работнікі будуць афармляцца ў парадку пераводу”.
Варта сказаць, што калектыў “Модуля” настроены пазітыўна, што вельмі адчувалася падчас сходу. Галоўнае, нягледзячы на рознага роду “прадказанні” дамарослых “аракулаў”, якія спрабуюць бударажыць народ, прадпрыемства захавалася і перад працоўным калектывам адкрываюцца новыя магчымасці.
Павел СВІСТУНОВІЧ.
«Модуль» будзе працаваць! И это радует. Ведь для каждого работающего на «Модуле» важно сохранить рабочее место.