Грамадскі абавязак
Удзел у выбарах — не толькі права грамадзяніна краіны, але і яго пачэсны абавязак. І калі ў Беларусі за няяўку на выбары не прадугледжваецца ніякага пакарання, дык у многіх краінах свету іх ігнараванне можа дорага каштаваць выбаршчыку.
У той жа Бельгіі існуе абавязковае выбарчае права і першая няяўка на выбары без уважлівай прычыны караецца штрафам у 50 еўра. У выпадку паўторнага парушэння сума штрафу павялічваецца да 125 еўра. А пасля чацвёртага “прагулу” грамадзянін пазбаўляецца выбарчых правоў на 10 гадоў, а таксама магчымасці атрымаць пасаду на дзяржаўнай службе. Практыка накладання штрафаў за няяўку на выбары існуе таксама ў Італіі, Балгарыі, Германіі, Аўстрыі, Сербіі, на Кіпры і ў Люксембурзе. Дарэчы, у апошняй згаданай краіне штраф за першую няяўку на выбары складае 80 долараў ЗША, за другую — 240. А больш суровым пакараннем з’яўляецца часовае пазбаўленне выбарчых правоў па пастанове суда. Іншы раз парушальнік увогуле не можа быць прыняты на дзяржаўную і муніцыпальную службу, напрыклад — настаўнікам у школу, якая фінансуецца за кошт дзяржавы.
Дарэчы, у некаторых краінах за ігнараванне выбараў выносіцца публічнае грамадскае ганьбаванне, у іншых — справа можа скончыцца не толькі штрафам, але пазбаўленнем выбарчых правоў і нават пазбаўленнем волі. Напрыклад, у Аўстраліі з 1924 года ўведзены абавязковы ўдзел у выбарах і штраф за няяўку на іх складае каля 13 долараў. Пры гэтым, каб пазбегнуць штрафу, дастаткова афіцыйна паведаміць у выбарчую камісію аб сваёй няяўцы з указаннем прычын. Калі ж выбаршчык, які не прагаласаваў, адмаўляецца плаціць штраф, справа перадаецца ў Суд магістратаў, дзе пастановай аб прызнанні вінаватасці можа быць накладзены штраф у памеры 50 аўстралійскіх долараў з аплатай расходаў. А пры невыкананні судовай пастановай асоба можа быць пакарана грамадскімі работамі, арыштам маёмасці ці адпраўлена ў турму на 1 — 2 дні.
У Грэцыі заканадаўства яшчэ больш жорсткае. Адсутнасць выбаршчыка ў краіне на момант правядзення выбараў не з’яўляецца ўважлівай прачынай для няўдзелу ў галасаванні. Акрамя штрафу за няяўку там могуць прымяніць і больш сур’ёзныя санкцыі — арышт і турэмнае заключэнне на тэрмін ад аднаго месяца да аднаго года, а таксама пазбаўленне пасады.
А вось у Пакістане выбаршчыку-прагульшчыку ў лепшым выпадку пагражае штраф, які адпавядае 60 доларам ЗША, у горшым — катаржныя работы тэрмінам да 5 гадоў. Крымінальная адказнасць прадугледжана і ў адносінах да злосных парушальнікаў у Турцыі. А, напрыклад, у Егіпце хаця сума штрафу і не перавышае 1 долара ЗША, але таму, хто не прыйшоў на выбары, пагражае пазбаўленне волі.
У Беларусі няма такога жорсткага заканадаўства, але кожны грамадзянін павінен усведамляць, што галасуючы, ён тым самым прымае непасрэдны ўдзел у кіраванні дзяржавай, а ігнараванне выбараў выключае яго з гэтага працэсу.
Падрыхтаваў Аляксей ГРУШЭВІЧ.